Воі, што выходзілі з ім, сапраўды вярнуліся раней – а вось ён, заблукаўшы, прыпазніўся, і таму ўсе баяліся горшага. Але, стомлены, змерзлы, Лель кінуў на ўсё роспыты толькі пару словаў і ўрэшце паснуў, скруціўшыся каля цёплага ачага, упрост на падлозе. Прачнуўся, праўда, у горача натопленай і прыбранай святліцы, на пярынах, у чыстай кашулі, укрыты посцілкамі ды шкурамі. Ружана сядзела побач, залітая бляклым ранішнім святлом, і трохі трывожна ўглядалася яму ў твар. Пабачыла, што Лель не спіць, – і ўсміхнулася радасна і светла. Зноў парывіста абняла, ажно ў Леля заняло дыханне, і ад валасоў яе пахла палыном.
– У парэчанцаў, – расказвала Ружана, – падобна, разлад. На світанні, калі трохі ўлеглася завея, добрая палова войска знялася з месца ды адступіла.
– Калі гэта, вядома, не падман, – дадала яна, пазмрачнеўшы. – З іх станецца.
– …не гэтым разам, – задуменна прагаварыў Лель. І выдыхнуў: тое адступленне азначала, што стары Сокаль – дзеля жыцця адзінага сына – дамоўленасць прымаў і адкладаў зброю. Гэта цешыла, хаця рэшта парэчанскага войска, няхай ужо не такога шматлікага, заставалася ў ранейшым лагеры. На поўную аблогу сіл ім цяпер не хапіла б, ды і прыпасаў, каб пацягнуць час, неставала. Значыць, меркаваў Лель, яны паспрабуюць узяць князева селішча хуткім штурмам – паспадзяваўшыся на нешматлікасць абаронцаў.
Сівыя старэйшыны, уласна, прыйшлі да таго ж меркавання – і ў адзін голас прапаноўвалі не чакаць, пакуль заварушацца парэчанцы, а, вывеўшы дружыну за сцены, напасці самім. Старэйшыя дружыннікі, аднак, маўчалі. Амаль усе яны, як і простыя воі, зараз мелі на панцырах мядзведжыя выявы і чакальна паглядалі на Леля, як бы прызнаючы за ім права вырашаць ды аддаваць загады.
Лель жа, які паспеў агледзець ваколіцу з адной з вежаў, адказаў разважліва і сцісла:
– Пачакаем.
Старэйшыны ад такога адказу заварушыліся здзіўлена і незадаволена: яны якраз-такі спадзяваліся, што малады вой захоча стрымгалоў уварвацца ў сечу. Такая нечаканая разважлівасць падалася падазронай, але дружына зараз прыслухоўвалася да Леля, а не да мудрых заможных старых мужоў, і ім, воляй-няволяй, давялося саступіць. Лель жа, падавалася, заставаўся па-ранейшаму спакойным, і разам з Ружанай праходзіў па сценах, аглядаў умацаванні, сачыў за падрыхтоўкаю да блізкага штурму. Ускрыквалі над цёмнымі дахамі званы, і на гэты покліч вялі і неслі нямоглых ды дзяцей – пад купал храма светлых бостваў. Тыя мірныя жыхары, хто мог утрымаць зброю, прымерваліся да дзідаў ды мячоў, іншыя заставаліся пад сценамі ды побач з умацаваннямі, неслі вёдры, рыдлёўкі, расчышчалі праходы ад начнога снегу і скідвалі яго ў гурбы – на выпадак пажараў.
Снег аблягаў сцены і звонку, за ноч паспеўшы засыпаць і роў, і земляны вал, укрыўшы палі вакол тоўстаю белай пярынай. Лель прыгадваў, як, прадзіраючыся праз гэта покрыва ўночы, правальваўся то па калена, а то і па пояс. А бура віравала ўсю ноч і, мусіць, намяла яшчэ болей мокрага, рыхлага снегу.
Зрэшты, парэчанцы ў гэтым пераканаліся першымі. І конніца іх, і пешыя воі вязлі ў сумётах, рассыпаліся, ламаючы строй, і станавіліся безабароннымі для лучнікаў на сценах. Двойчы яны ішлі на прыступ – і двойчы былі вымушаныя адкаціцца, адступіць, пакідаючы на прымятым снезе сваіх параненых і забітых. Толькі тады, на зыходзе дня Лель вывеў за сцены частку дружыны і апалчэння – тыя лёгка пайшлі па слядах, патрапаных нападнікамі, і разбілі парэчанскія шэрагі, дарма што тых усё яшчэ было болей.
Сам Лель быў з імі, побач з воямі, што неслі на панцырах раз’юшанага мядзведзя, а ягоную мянушку на вуснах, на манер баявога поклічу. Бо ён быў, як ні круці, – адным з іх. І стараўся, як мог, стрымліваць іх, калі бачыў, што вораг кінуў зброю. Бо ўсё яшчэ не хацеў забіваць, бо снег, зямля і дрэва патыхалі агідным салоным пахам, ад якога высыхала ў роце. Уздыхала сталь, уздыхаў вецер над брудным снегам, а вораны кружылі пад хмарамі, ленавата ўзмахваючы чорнымі крыламі. Над полем, літасціва ўкрываючы мёртвых, распаўзаўся мулкі зімовы змрок, і мароз мацнеў.
Гэта была перамога, хай за брудам, крывёю і стомай яе не было як адчуць. Не было як глядзець у вочы палонным, не было як глядзець на забітых, сваіх ці чужых, няважна. Мёртвых апалчэнцы, свецячы сабе паходнямі, збіралі, цягнулі па снезе, аддзяляючы мясцовых ад чужынцаў. Скідвалі на вазы, укрывалі рагожамі – каб не даставаліся крумкачам, – і некаторыя з апалчэнцаў не саромеліся пакінуць сякія-такія дрындушкі ад мёртвых сабе.
– А што?.. – шчыра падзівіўся мажны хлапец, калі Лель, заўважыўшы гэта, падляцеў і ўдарыў яго па руцэ, ажно вываліўся з кулака выпацканы ў чужой крыві амулет.
– А то, – хрыпла прагаварыў Лель і, мусіць, быў у той час страшны, бо апалчэнец пабялеў і задрыжаў. – Пабачу яшчэ раз – зарублю.
– Пэцкаль, – сказаў апалчэнцу стары дружыннік. – А калі б твайго брата так?