Самае тое, каб паказаць сваё ўмельства на спаборніцтве прыдворных паэтаў.
– …таму і сышоў тады, – прагаварыў Лель, халадзеючы ад асэнсавання. – Каб не замінаць уласнай песні. Каб не блытацца ў сваіх чарах. Каб тыя разгортвалася самі.
Лель выдыхнуў і прысеў на адзін з выгінастых дубовых каранёў, абхапіў галаву рукамі. Дзіўна было разумець, што нехта асцярожна і ўмела скіраваў усё тваё жыццё так, як хацеў, сплятаючы мудрагелісты ўзор па ўласнай прыхамаці. Йурай, падумаўшы, апусціўся побач – і вельмі чалавечым жэстам раптам пачухаў патыліцу. Лель пакасіўся на яго і засоп. Іншая здагадка прыйшла яму ў галаву.
– Калі ты прадбачыў усё на свеце, – прагаварыў ён павольна. – Калі… вылепіў мяне па сваім разуменні. Калі ведаеш усе мае рашэнні наперад, дык чаму тады сёння з’явіўся тут, пытаючыся пра прошчу?
– Прадбачанае не заўсёды прадвызначана, – адказаў Йурай глуха, калупаючы зямлю наском высокага бота. – А прадвызначанае часам не атрымліваецца прадбачыць.
– І… – дадаў ён. – Я меркаваў… Дакладней, спадзяваўся…
Лель недаверліва прыўзняў брыво і ўдакладніў, пераймаючы тон лютніста:
– Спадзяваўся? На чалавечага сына-ат?
– На лепшае, – змрочна сказаў Йурай. – Як… дурань.
Яны памаўчалі, і лютніст глядзеў на возера – з сумнай асуджанасцю. Лель прыгадаў верасовыя хвалі, аддзеленыя ад іх гадамі, і пагорак над пусткамі, і зялёны агонь. А яшчэ – хлеб і мёд, раздзелены ў каменным коле.
Калі б і зямлю можна было раздзяліць гэтаксама, па-сяброўску, без крыўдаў.
– Я б ніколі не стаў разбураць вашыя прошчы, – мякка сказаў Лель. Йурай недаверліва скасіў на яго вочы.
– Я бачыў тут замак, – прагаварыў Йурай ціха. – Замак, пабудаваны рукамі людзей, замак на азёрным астраўку з чароўнымі камянямі. Замак, што з’явіцца па тваім загадзе.
– Я бачыў яго таксама, – азваўся Лель, і бровы ў Йурая недаверліва прыўзняліся. – Але клянуся, я не стану нішчыць саму прошчу. Я хачу, каб яна засталася. Каб вы… заставаліся. Часткаю новага, але – жылі.
Ён працягнуў лютністу руку.
– Клянуся, – паўтарыў.
Йурай акінуў яго ўважлівым паглядам і раптам крывенька ўсміхнуўся.
– Што ж, – мовіў, падумаўшы. – Клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку, князь Алелька Мядзведжае Вушка.
Гэты зварот змусіў Леля сцепануцца – нібы ў твар дыхнула пранізлівым сіверам. Прыгадалася тое, што лютніст некалі распавядаў пра чары і казкі, – і на сэрца апусціўся нядобры цяжар прадчування. Калі колькі год таму Йурай сышоў, каб не замінаць уласнай казцы, дык ці не значыла ягонае вяртанне сёння, што песня прапета да канца, а казка – расказана?..
– Не бойся, – прагаварыў Йурай, мусіць, угадаўшы Лелевы думкі. – Гэта ж толькі першая песня. Далей будзе болей, вясёлых і сумных. Многа-многа песень. Ажно пакуль…
Йураева лютня зноў ледзь чутна падала голас у чахле ў яго на спіне, быццам адгукаючыся на тонкі звон завушніцы.
– …ажно пакуль? – занепакоена перапытаў Лель, думаючы пра Ружану і іх сына з такімі ж упартымі бровамі, як у маці.
Лютніст паціснуў плячыма.
– Ажно пакуль доўгая дарога не закончыцца, – адказаў супакойліва. – Ажно пакуль ты не знойдзеш спачын. Кожнае падарожжа аднойчы заканчваецца, братка. Кожнаму герою патрэбны спачын. Але гэта будзе яшчэ не хутка, вер мне. Я бачу.
Лель не вытрымаў – засмяяўся: ён, аказваецца, і забыў, наколькі шматзначна лютніст умеў вымаўляць гэтае простае кароткае слоўца. Зрэшты, Йураева ўпэўненасць суцяшала. І хораша было сядзець на дубовым пагорку над возерам, быццам пераводзячы дух, рыхтуючыся да вялікай дарогі. Мусіць, нідзе няма такога адпачынку, як пад шатамі разложыстых дубоў.
– Дай толькі часу, – горача гаварыў Лель. – Вось пабудуемся, а там – прыходзь паглядзець. Замак будзе – як мае быць, не нейкія там трухлявыя хароміны. Прыйдзеш?..
Яны сустрэліся вачыма, і Лель асёкся, бо лютніст павольна і сумна пахітаў галавой.
– Ясна, – прагаварыў Лель ломкім голасам. Пацёр лоб засяроджана і, варухнуўшы бровамі, папрасіў асцярожна: – А можаш зайграць мне… ну, тую песню? Першую?..
Йурай згодна нахіліў галаву і звыкла, у некалькі ўмелых рухаў вызваліў лютню з чахла. Залацісты бок інструманта ўспыхнуў у барве захаду, а тонкія пальцы лютніста ўладна леглі на струны.
– Я пеў яе на Кургановым Полі, – мовіў Йурай. – Пры княжым двары. Але… мяркую, гэтай песні больш пасуюць дубовыя ўзоркі і гэтае возера.
Лель сеў лацвей, падпёршы падбароддзе кулаком. Апусціў павекі і слухаў, а слухаючы – бачыў, як разгортваліся перад ягоным унутраным зрокам верасовыя пусткі, як верасовае мора ленавата калыхалася пад ветрам.
І падавалася: не вецер калыша травы, а верасы, самі сабою гайдаючыся, прыводзяць у рух цёплае, настоенае на густым мядовым водары паветра.
І звіняць – быццам струны пад дотыкамі музыкі.
Падтопленым берагам возера нетаропка крочыў бусел – зырка, амаль нясцерпна белы ў сакавітай зеляніне. Высока падымаў чырвоныя ногі, круціў галавою, нахінаўся, пабачыўшы жабку, суха шчоўкаў доўгай дзюбаю.