Матылі, белыя, пунсовыя і сінія, кружылі над чарнічнікам паабапал зарослай дарогі, падалі на ружовыя і блакітныя пралескі, на нясцерпна-жоўты чыстацел. Там – адпачывалі, паважна дыхаючы крыльцамі. За сцяною ядлоўцу, сыта парохкваючы, праходзілі са сваімі вісклівымі вывадкамі дзікі. Слізгалі пад зарослыя сырым мохам карчажыны ціхія вужы, глядзелі са сваіх сховаў уважлівымі вачыма-пацеркамі. Бессаромна бразгаталі рудыя сойкі, з рэзкім свістам пераляталі з галіны на галіну асцярожныя вяхіры. Кувала зязюля – сонна, няўпэўнена адлічвала чыесь гады. Заблытвалася, прыпынялася, задумваючыся на імгненне, і пачынала нанова.
Лес жыў спакойным і размераным жыццём. Як быццам і не хаваў у нетрах крыважэрнага драпежніка. Або, магчыма, гэты драпежнік таксама быў часткаю ляснога жыцця – як і любы іншы драпежнік, хоць танканогі воўк, хоць вастравухая рысь, хоць непаваротлівы мядзведзь. Ільга сутаргавата павяла плячыма, толькі задумаўшыся над гэтым.
Чым глыбей у лес, тым болей было пазнак змеевай прысутнасці. Спачатку зніклі птушыныя галасы і дзелавітыя крокі звяроў, – усе тыя галасы, увесь той няспынны кіпучы рух, якім толькі што быў ахоплены лес. Пасля адчувальна пацягнула гарам, і ў хуткім часе зеленаватае лясное святло адступіла. Наперадзе чарнела прагала – тая прадбачаная, выпаленая, маўклівая, мёртвая, а пасля зялёнай лясной таўкатні – яшчэ больш жудасная. Быццам вяха на шляху да цмокавых пячор, быццам напамін пра злавеснага звера ў самым сэрцы лесу.
– Адсюль ён узлятаў, – Йурай агледзеўся, крануўся рукою зламанай абгарэлай хвоі. Ільга, акінуўшы вачыма паваленыя, як ад буры, дрэвы, толькі сціснула кулакі і рушыла наперад.
За паласою абгарэлых дрэваў зноў радасна зелянеў лес, але цішыня пад ягоным полагам была, здавалася, яшчэ больш густою і цяжкай. Дробныя часцінкі попелу насіліся ў паветры, пахруствалі на зубах, набіваліся ў нос, у вочы, настойліва ліплі да скуры. Падала голас вада – то зарослы багуном лясны ручай, схаваўшыся ў неглыбокім яры, бадзёра скакаў па ложы з чырвонай гліны.
З асцярогаю спусціліся на дно яра і пакрочылі следам за вадою. У гліне ля звонкай плыні Ільга ўхапіла звыклым вокам і ямінкі ад капытцаў казуляў, і клінапіс птушыных слядоў, і выразныя частыя адбіткі лісіных лап. І яшчэ, паўзверх усіх астатніх, іншыя, незнаёмыя сляды – трохпалыя, глыбокія, у тры Ільзіны далоні даўжынёю.
– Праходзіў тут колькі разоў, мабыць, на вадапой, – прагаварыў Йурай, вывучыўшы сляды. І дадаў паўшэптам: – Ужо блізка.
– Блізка, – рэхам паўтарыла Ільга.
Пайшлі як цішэй па трохпалых слядах – цмокавай сцежкаю. Хутка ручай вільнуў, пераскочыў цераз асклізлыя альховыя карані, упарта пракладаючы сабе дарогу праз рознакалёрны друз, нанесены працавітай вадой. За каменным россыпам маячылі чырвоныя скалы – добра ўкрытыя зелянінай, зарослыя травою ды мохам. Некалькі маладых хвоек ускараскаліся на самы верх, гайдалі слабымі галінкамі, быццам ад ветру.
Але ветру тут не было – гэта цяжка дрыжэла сама зямля, мерна скаланаючыся.
– Быццам… дыханне, – прагаварыла Ільга. І – зразумела.
Пад чырвонай скалой чарнеў цмокаў ход – агромністы правал у цемру. Трохпалыя сляды спярэсцілі чырвоную гліну перад пячорай, так што іх можна было чытаць, нібы кнігу. Ільга адрозніла і досыць свежыя сляды, яшчэ выразна акрэсленыя, і даўнія, з акругленым краем, паўсцёртыя, запоўненыя дажджавою вадой ды ігліцаю. На некалькіх блізкіх хваінах – на вышыні двух-трох Ільзіных ростаў – заўважныя былі сляды кіпцюроў ды падпаліны, а да смалы там і сям прысталі невялікія залатыя лускавінкі.
З цемры патыхала невыноснай гарачынёй, ад якой спірала дух і слязіліся вочы, і душным, трывожным звярыным пахам. І тое, і другое надта занепакоіла пярэстую: яна забілася, заіржала тоненька, баязліва. Йурай ласкава патрапаў кабылку па галаве, шапнуў штось на вуха – і тая вокамгненна прыціхла, супакоілася.
– А з цмокам? – шапнула паэту Ільга. – Што, з цмокам гэтаксама зрабіць нельга?
– О, хочаш праверыць? – таксама шэптам адказаў ён з заўсёднаю сваёй кеплівай усмешкай.
Ільга паціснула плячыма. Падумала: «Наўрад цмоку спадабаецца, калі Йурай паспрабуе яго пагладзіць. Ды і каб шапнуць штосьці змею на вуха, паэту давядзецца ўскараскацца на хвою. І, вядома, папярэдне вельмі ветліва папрасіць цмока стаяць на адным месцы праз увесь гэты час».
І, падумаўшы так, Ільга шчыра сама сабе ўразілася – якія ж дурныя рэчы лезуць у галаву.
– Эт, усё лухта, – прамармытала пад нос. І ўспомніла: хтосьці казаў тое самае. Даўно-даўно. Быццам у мінулым жыцці.
– Не бойся, – шапянуў Йурай – здаецца, усхваляваны. Ільга павяла плячом і адказала вельмі спакойна, трохі здзіўленая, што ён не разумее відавочнага:
– Я не баюся.
І лёгкім крокам пайшла да правала ў цемру, які струменіў гарачыню. Хітра звіўшы пальцы – так, як калісьці яшчэ бацька вучыў, – свіснула радасна, звонка. Раз, другі, трэці.
Ажно пакуль поўная гарачыні цемра не адазвалася пранізлівым, аглушальным свістам.
І зямля застагнала, задрыжэла, забілася дажджавая вада ў звярыных слядах – адгукаючыся на глыбінны рух, на цяжкія крокі.