Вывернуўшыся з ваўчынага футра, ступіў бліжэй Йурай – захаканы, бледны, увесь быццам выцвілы, з абведзенымі чорнымі коламі стомленымі вачыма. «Занадта шмат сілы выцягнулі з яго тыя чары, – са шкадаваннем падумала Ільга. – Яшчэ трошачкі – і зусім нічога не застанецца».

Йурай, цяжка дыхаючы, плаўна падняў руку. Азёрная музыка павольна закруцілася вакол яго, зырка прабліскваючы ў валасах, на скуры, на адзенні вострымі сярэбранымі іскрамі.

– Чакай, – ледзь варушачы вуснамі, мовіла яму Ільга. – Не трэба так. Дай лепш я сама.

Кружэнне музыкі рэзка апала, спеўнае срэбра згасла. Йурай хіснуўся і ледзьве ўтрымаўся на нагах. Пераводзячы дыханне, паглядзеў на цмока, на Ільгу – і, прыкусіўшы вусны ад болю, схапіўся за запясце.

– Я змагу, – сказала Ільга, праглынуўшы сухі камяк у горле і лацвей перахапіўшы дрэўка. Сказала і паэту, і – можа, нават найперш – самой сабе.

Рушыла меленькімі крокамі бліжэй да звера, напружана не зводзячы з яго вачэй. Цмок глуха рыкнуў, з прысвістам уцягнуў ноздрамі паветра. «Ну, давай, – думала Ільга, аблізваючы перасохлыя вусны. – Я ж зусім-зусім блізка, толькі лапу працягнуць». Ну?..

Цмок затупаў на месцы і выдыхнуў струмень полымя. Ільга жвава кульнулася цераз плячо, апынулася з другога краю моста. Дражнячы пачвару, голасна свіснула – і зноў была вымушана перакаціцца кульком, ратуючыся ад агню. Сырыя кусты каліны падхоплівалі полымя з неахвотай, патрэсквалі і моцна дымілі.

Ільга з раздражненнем ададзьмула лёгкія пасмы, што ўпалі на вочы. Рукі ў яе пачыналі трохі падрыгваць ад напружання. Не зводзячы позірку са звера, яна намацвала падэшваю каменныя пліты, асцярожна перасоўваючыся, чакаючы новага вогненнага ўдару.

І раптам пад нагою апынулася вусцішная пустка. Ільга пахаладзела і, вохнуўшы, страціла раўнавагу.

Быццам толькі таго і чакаў, цмок падабраўся і адным моцным рыўком кінуўся наперад, скрабянуўшы доўгімі кіпцюрамі зусім побач з Ільзінай галавою. Ільга ўхілілася, адкацілася прэч – і амаль сарвалася ўніз, туды, дзе плылі халодныя хвалі Вугеры. Затрымалася на паўразбураным ад часу і непагадзі краі, упіўшыся пальцамі ў адну з хісткіх каменных плітаў. Пацягнулася да згубленай дзіды – і сягнула зброі самымі кончыкамі пальцаў, але ўхапіць не змагла і адразу ж саслізнула ніжэй. Аскялепкі разбітага моста, патрывожаныя рэзкім Ільзіным рухам, пасыпаліся долу.

Мост тросся, прагінаўся пад цмокавым цяжарам, сырыя камяні курыліся ад гарачыні. Звер быў ужо на сярэдзіне – прынюхваўся, прыглядаўся. Звесіўся над Ільгаю з глухім сычэннем, абдаў гарачым дыханнем. Сталёвыя кіпцюры магутных лап упіліся ў камяні, выкрасаючы злыя калючыя іскры, у горле, закаваным у залатую луску, клекатала, збіраючыся, прагнае полымя.

– Кола, Ільга! – хрыпла крыкнуў нябачны Йурай. – Ахоўнае кола!

«Глупства, – падумала Ільга, зажмурыўшыся. – Якое яшчэ ахоўнае кола. Што тут увогуле можа выратаваць, абараніць? Гэта ж не які-небудзь не-людзь, ад якога можна схавацца за…»

Яна павісла на адной руцэ, другою сутаргавата схапіўшыся за ножны на поясе. Бацькаў нож ладна і спраўна лёг у далонь. Ільга выдыхнула і ўсадзіла нож па самае ўзорыстае дзяржальна ў цмокаву лапу – паміж двух пальцаў, у тонкі зазор між лускавінамі, дзе прасвечвала бялёсае цела.

З ровам узняўшы лапу, цмок адхіснуўся і сам, выпусціўшы набранае ў грудзях полымя проста ў неба. Раз’юшаны, грозны, затупатаў, гнеўна забіў хвастом і крыламі.

І тады, нарэшце, здрыгануўся да самага падмурку стары мост – і пайшоў доўгаю рванай расколінай упрост пасярэдзіне. Каменныя пліты лавінаю пасыпаліся ў бурлівую ваду, са скрыгатам падламіўся роўны шэраг пазелянелых ад часу калон. Добрую палову моста павяло ўбок, і цмок, учапіўшыся ў старыя камяні, дарэмна спрабаваў утрымацца. З таго берага ракі ў звера, быццам цэлы рой куслівых восаў, пасыпаліся стрэлы вугеркаўскіх вояў, а змей роў і пляваўся ў лучнікаў агнём. Стрэлы шкодзілі яму не болей, чым пчалінае джала мядзведзю, але злавалі, адцягвалі ўвагу.

У гэтай сумятні Ільга паспрабавала выбрацца – падцягнулася на руках, намацала нейкае апірышча для ног. Пліта, за якую яна трымалася, раскалолася напалам і папаўзла ўніз. Ільга адчула спінаю бездань, паспрабавала ўтрымацца за іншую пліту, але не дастала, адно вырвала колькі высахлых былінак, што прараслі ў шчыліне.

Аднак не ўпала – Ільгу цвёрда ўхапілі за руку. Боўтаючы нагамі над далёкай – усё яшчэ далёкай – вадой, Ільга падумала з палёгкаю: «Тры дні таму наўрад ці магла ўявіць, што настолькі рада будзе бачыць не-людзя».

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже