Ільга падышла да мапы на стале, асцярожна адсунула ўбок княскую пячатку. Павяла па выявах і паметах пальцам, уважліва аглядаючы ваколіцу.
Цмокаў лес цягнецца далей на поўнач, далёка-далёка, сягаючы поймы навіпольскай ракі. З захаду падпіраецца парослымі травою ўзгоркамі, заступае ўвесь правы бераг звілістай Вугеры ажно да каменных парогаў.
– Вось, – Ільга тыцнула ў чарнільную пазнаку на пергаменце. – Гэта ж мост, праўда?
Дубыніч, крэкчучы, падняўся на ногі, у адзін крок апынуўся побач, засоп, падслепавата водзячы крывым носам па мапе.
– Калінаў мост, – пацвердзіў. – Стары, праўда, ледзь ліпее. На поўначы, бач ты, зараз ёсць больш зручная пераправа, то гэты мост і закінулі зусім.
– Ну, гэта, мабыць, і да лепшага, – Ільга засяроджана пацерла лоб. Дубыніч зноў засоп – з недаверам.
– Надумала штось, дзеўка?
Ільга ўсміхнулася:
– Ёсць такое нешта, ага.
Гэтае нешта віравала і бурліла ўнутры яе, біла сярэбранымі малаточкамі. І радасна было, і трохі вусцішна – ці ўдасца, ці атрымаецца.
– Не блазнуй, дзеўка, – нахмурыўся Дубыніч. – Цмок жа зжарэ і не заўважыць нават: ты яму, бач, як тая муха.
– Не зжарэ, – упэўнена мовіў Йурай.
Дубыніч закаціў вочы, забурчаў, што з не-людзя і ўзяць няма чаго, ды і не шкада не-людзя, а вось дзеўку дурную няма чаго на такое пад’южваць.
– Табе б, трасца мяне вазьмі, яшчэ ў лялькі гуляць, – са шкадобаю дадаў Дубыніч. – Далібог, дзеўка… як там цябе, Ільга? Давай, можа, дам табе каго са сваіх малойцаў, то завязуць цябе хоць у Вугерку, хоць куды хочаш.
Абражаная Ільга падбачынілася.
– Лепей памажы мне ўпаляваць цмока, калі такі добры.
Дубыніч гнеўна засоп, скрыжаваў цяжкія рукі на грудзях.
– То мо ты мне раскажаш, як жа, трасца яго вазьмі, таго цмока ўпаляваць, га? Калі такая, бач, разумная?
– О, вядома, – амаль весела паабяцала Ільга. – Раскажу.
Разлік, уласна, быў досыць просты: не лезці ў пячоры пад лесам, а прымусіць цмока самога з іх выйсці. Завабіць у прыдатнае месца – і ўжо там з ім расправіцца.
– На мосце, значыць, – заклапочаны Дубыніч пачасаў бараду. – Хітра.
– Не зусім на мосце, – выправіла яго Ільга.
Уражаны Дубыніч падняў калматыя бровы.
– То ты хочаш яго ў ваду скінуць?
– Вугера перад парогамі надта халодная, – патлумачыла Ільга. – Цмок ад холаду саслабне, здранцвее.
– Хітра, – паўтарыў Дубыніч. Слізгануў позіркам па мапе, пастукаў тоўстым пальцам па княскай пячатцы, падціснуў вусны.
– Але сваіх вояў у ягоны бярлог я не адпраўлю, – сказаў сурова. – Мала нас тут, каб… Пашлю каго да князя, хай яшчэ які тузін малойцаў прышле.
Кажучы так, дробна стукаў пальцамі па стале, глядзеў убок, неяк па-сабачы вінавата. Вялікі, моцны, занадта хораша памятаў смуроднае папялішча ў Лыцавічах і абгарэлыя косткі пад попелам.
І – баяўся. Ільга нечакана адчула чужы страх, ліпкі, пакутлівы, перамешаны з сорамам. І падумала: «Хіба ў боязі можна каго вінаваціць?»
– Я сама выбаўлю цмока з пячораў, – сказала вельмі роўным голасам.
– Ты?..
Ільга кіўнула.
– Як жа гэта – адна?
– Табе ж сказалі, чалавечы сын, – мовіў Йурай. – Яна – не адна.
Дубыніч змерыў паэта доўгім непрыязным позіркам, пасля сустрэўся з Йураем паглядам – і, скалануўшыся, адвёў вочы, увесь надзьмуўся, наморшчыў лоб.
– Зробім так, дзеўка, – загаварыў Дубыніч, павольна, з цяжкасцю падбіраючы словы, быццам супраціўляючыся самому сабе. – Мы, я і мае малойцы, на світанні рушым да Калінава моста. Паглядзім, што ды як, усё ўладкуем. Будзем… чакаць.
– Чакаць вы майстры, я гляджу, – мімаходзь заўважыў Йурай. Дубыніч толькі заскрыгатаў зубамі.
– Дабро, – таропка згадзілася Ільга, паціху торгаючы паэта за вышываны рукаў. – А я завяду цмока ў пастку.
– То дамовіліся, – заключыў Дубыніч, з сілай пляснуўшы па стале, быццам прыпячатваючы ўласныя словы. – А пакуль адпачні трохі, ці што. Як толькі заднее, рушым.
Навальніца над белымі шатрамі патроху адкатвалася прэч, бурчала ўжо далёка за зялёнымі пагоркамі. Дождж суцішыўся, і сыры вецер падымаў голаў з высокіх лугавых траваў, гарэзліва абтрасаў з іх долу апошнія кроплі. Хмара мінула, адкрыла цёмнае сіняе неба, яшчэ злёгку кранутае барваю з захаду. Сонца села, зусім схавалася за ўзгор’ем, таму цемра ўсё гусцела, налівалася сінню. У глыбокай нябеснай высі высыпаліся і заззялі частыя зоры – буйныя, касматыя. Свяціліся халоднай нябеснай расой, пазначаючы вялікую Птушыную Дарогу, адвечны шлях у вырай.
Іскры вогнішчаў віліся роем залатых пчолаў, падымаліся ўверх, змешваліся з зорным россыпам. Ільга ленавата сачыла за імі, закінуўшы галаву. Знайшла – як бацька вучыў калісьці – і Траіх Сясцёр, і Стажары, і Вялікі Воз. Над Лыцавічамі, яна памятала, усе сузор’і быццам бы былі такімі ж самымі – а быццам і не. Ідзі яшчэ разбярыся.
Бязгучна вынырнуў з цемры Йурай, прысеў на бервяно побач. Пакінуў быў лютню і знік кудысь, як у ваду кануўшы, а зараз зноў з’явіўся – з самым спакойным тварам. Здымаў з доўгіх рукавоў прысталае лісце, паглядаў на агонь, ціхенька насвістваў.
– Вядома, хадзіў і глядзеў, – адказаў на Ільзіна пытанне ў сваёй звычайнай манеры. Ільга адно галавой пахітала, але не здзівілася і не пакрыўдзілася: неяк прызвычаілася.
– І што ўбачыў?