З непрагляднай цемры спачатку вырвалася цэлае воблака нясцерпнай гарачыні, змешанай з гарам ды звярыным смуродам. Ільга закашлялася, засланіла твар рукою. І з-пад далоні, халадзеючы, пабачыла, як пашча пячоры выплюнула агромністы цень, што засланіў сонца.

Зыркім злым золатам успыхнула, асляпляючы, луска, касцяныя грабяні горда ўзняліся вышэй лесу, працялі неба, а за грабянямі разгарнуліся, хвостка ўдарыўшы стылым ветрам, магутныя крылы, падобныя да кажановых. Перакатваліся пад лускаю таўшчэзныя канаты мышцаў, поўныя неўтаймаванай сілы, даўгія кіпцюры глыбока ўпіліся ў чырвоную гліну. Колцы звівастага хваста, усеянага вострымі шыпамі, з вусцішным шаргаценнем папаўзлі амаль пад ногі Ільзе. А на доўгай гнуткай шыі, увенчаная каронаю рагоў, сядзела выцягнутая сухая галава з паўраскрытаю пашчай, поўнай вострых іклаў.

І глядзела гэтая галава ўважлівымі барвовымі вачыма, і пагрозліва сычэла, выпусціўшы вострае атрутнае джала.

Ільга зніякавела, застыла на месцы. Глядзела – і не магла адарваць пагляд. І думала: «Прыгажосць. Пагрозлівая, драпежная, жудасная нават, бясконца небяспечная, але – якая ж прыгажосць!..»

– Іль-га! – прыглушана – быццам здавён і здалёк – крыкнуў Йурай. Яна паматала галавой, трохі апрытомнела. А цмок выдыхнуў праз тонкія ноздры лёгкія воблачкі пары – і раптам зароў, забіў хвастом па зямлі, высока ўзбіваючы шматкі гліны.

Унутранае чуццё падказала Ільзе слізнуць долу, і ў час: ледзьве ўнікла ўдару вострых кіпцюроў, праехаўшыся ўпрост пад цяжкою лапай. Кроў у жылах нібы застыла, сэрца забілася павольней. Ільга нават паспела са здзіўленнем пабачыць, як замерлі, падвіслі ў паветры драбочкі зямлі і сцябліны сухой травы, і – рушыла, пакацілася да пярэстай.

Побач з пакутаю ўсхліпнула парваная струна – і Йурай вылаяўся праз зубы. Рэха азёрнай музыкі ўсплёснула сярэбранай хваляй, раскацілася вакол, адгукнулася тройчы. Раз’юшаны цмок прыпаў да зямлі, выпусціўшы глухі вантробны рык, але голас звера абледзянеў, замёр у ягоным горле, і сам цмок застыў, павольна-павольна раззяваючы пашчу, каб дыхнуць агнём.

– Руш! – Йурай з сілаю падштурхнуў Ільгу. – Доўга мне яго не ўтрымаць!

Ад ягонага голасу Ільга зусім ачомалася, узляцела ў сядло, ударыла пярэстую пяткамі. Кабылка заіржала і сарвалася з месца. Побач успыхнула, завірыла белае полымя – і з яго калматай завеяй выкаціўся, кульнуўшыся, скочыў следам снежны воўк.

Замарожаны час з невыносным скавытаннем ізноў прыйшоў у рух, прыпусціў, заспяшаўся – і ў спіны ім дыхнуў ненажэрны агонь. Ашалелы цмок з сілаю рвануўся наперад, уламіўся ў зараснікі. Ударыў хвастом наводмаш – і са страшэнным трэскам павалілася некалькі хвояў. Ільга жвава павярнулася ў сядле, падняла лук і выпусціла адразу некалькі стрэлаў, нават асабліва не цэлячы: галоўнае было – утрымаць увагу звера на сабе.

Адна страла пры канцы лёту слаба клюнула наканечнікам залатую луску на цмокавым плячы. Цмок зароў, шумна забіў крыламі, узняўшы цэлую буру. Пярэстая закрычала ад жаху: яе разам з Ільгай душны смуродны вецер пацягнуў назад, так што капыты кабылкі пакідалі па сабе барозны ў сырой зямлі. Ільга, ледзьве перасільваючы вецер, ізноў падняла лук, стрэліла, не бачачы, не дыхаючы, усляпую – і амаль аглухла ад пранізлівага, поўнага лютасці і болю звярынага крыку. Бура адступіла, так што Ільга, праміргаўшыся, здолела пабачыць: неяк прымудрылася пацэліць. Яе страла з бела-чырвоным пер’ем усё яшчэ трапяталася ў згібе скурыстага крыла.

Цмок, адступіўшы адным падскокам, помсліва плюнуў агнём. Ільга рванула аброць, праклінаючы сябе за маруднасць і з адчаем разумеючы, што адысці не паспявае, што момант безнадзейна згублены. Нават прыкрыла вочы і згорбілася ў сядле, чакаючы пякельнага болю.

Але побач зноў сярэбрана запела азёрная музыка, абкружыла беражліва, акрэсліла вакол Ільгі бяспечнае кола прахалоды. Лютае цмокава полымя слізнула па самым краі гэтага кола і адразу ж апала, зняможанае, долу. Белае ваўчынае футра бліснула срэбрам наперадзе, паказваючы дарогу ў густым малінніку. Ільга прыспешыла пярэстую, і тая – няма дурных, – узбрыкнуўшы, панеслася частым галопам.

За сабою Ільга пачула драпежны звярыны крык і аглушальны бой крылаў. Не паварочваючы галавы, ведала: узлятае. Сапраўды, вялізны цень лёг на траву і зараснікі, цягнучыся далёка наперад, а пасля ў парыве ветру распоўзся ўкруг Ільгі, атачыў варожа, пагрозліва. Звярыны крык груба прарэзаў паветра над самаю Ільзінай галавою, зверху дыхнула невыноснай гарачынёй. Пярэстая, адчуўшы Ільзін дотык, доўгім зграбным скачком, не губляючы хуткасці, сышла ўбок. З трэскам схапілася агнём сухое кустоўе, папоўз, блытаючыся ў чарніцах, белы задушлівы дым.

Азёрная музыка вілася вакол Ільгі, падхоплівала ёй валасы, серабрыстай пенай ускіпала на капытах пярэстай. Засланяла, быццам шчыт, і вяла за сабою, ззяйкай ніткай пракрэслівала між маўклівых дрэў сцежку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже