– Нячыстая тут справа! – усклікаў гарбаносы і павучальна ўздымаў палец. Неба патроху цяжэла, хмары, набрынялыя дажджом, спускаліся ніжэй і ніжэй. Ад Прануковых палымяных казанняў рэшта паляўнічых нейк замаркоцілася і спачатку ціха, а пасля грамчэй пачалі казаць, што, можа, і праўда – сурокі. А тады, вядома, як ні старайся, чаго ні рабі, ніякага плёну не будзе. Дубыніч толькі закочваў вочы, а Пранук усё паддаваў пары, расказваючы, што з добры дзясятак гадоў таму вось так жа кампанія сустрэла ў лесе, аленя заганяючы, аднаго з такіх – звера, які не зусім звер.

– І што вы думаеце? – магільным голасам распавядаў гарбаносы ў коле прыціхлых і крыштальна цвярозых паляўнічых. – Раніцай – бац! І спрэс усе мёртвыя.

Апынуцца мёртвымі да раніцы нікому асабліва не хацелася, а тут яшчэ хтось з маладзейшых егераў згадаў, што ёсць тут непадалёк на лясным хутары адна варожка, а то і ўпрост ведзьма. І вось яна дужа добра здымае сурокі і ўсё такое рознае надта хораша ведае: хочаш – пра будучыню пытай, хочаш – пра мінулае.

– Пра мінулае? – зацікавілася Ільга. Егер старанна заківаў, дадаўшы, што лясная ведзьма яшчэ і бярэ танна, не тое што іншыя. Астатнія, жыва падхапіўшы гутарку, пачалі наўзахваткі хваліцца сваімі талісманамі: то сухой курынай лапкай, абвязанай чырвонай ніткаю, то коранем нейкага нетутэйшага дрэва, выкапаным у самую чароўную ноч, то скамянелым «чортавым пальцам» з прасвідраванай адтулінкай, каб лацвей было насіць на шыі.

– Бабы забабонныя! – не вытрымаў Дубыніч, пачырванелы ад абурэння. – Дальбог, тузін забабонных баб і дурная дзеўка! А-ёй, белы воўк іх напужаў, сурокі навёў. Сорам!

Пранук пакруціў носам.

– Ты, васпане, – мовіў, – нас не сарамаці. А толькі тут, не пры паненцы сказана будзе, справа нялюдская.

– Гэта забабоны твае – справа нялюдская, – сярдзіта агрызнуўся Тамаш. Пранук, быццам таго і не пачуўшы, паважна зраніў з вуснаў адно слова, якое, уласна, справу з паляваннем вырашыла канчаткова.

Слова было:

– Пярэварацень!

Надзьмуты Дубыніч, вядома, усё яшчэ сердаваў і бурчаў пра забабонных баб, якім толькі б яшчэ спадніцы надзець ды за калаўроты пасесці. Але і сам, падобна, не дужа прагнуў застацца ў адзіноце там, дзе блукае пярэварацень – ці мо проста досыць вялікі і небяспечны драпежнік, – а таму рушыў да лагера разам з усімі. Праўда, не адмовіў сабе ў прыемнасці лаяць усіх бабамі ды ахламонамі, голасна абурацца і патрасаць рукамі. Імжачка з шэрага неба дадавала яму натхнення.

– А ты што, – звярнуўся Тамаш да Ільгі ўжо ля белых шатроў, дзе мітусіліся ля параненых хартоў егеры. – Няўжо сапраўды да варожкі сабралася? Пфуй!

Дзяўчына не адказала. У варожак розных кшталтаў, талісманы ды абярэгі і таму падобнае яна ніколі надта не верыла. З іншага боку, спакушальна было б нічога не згадваць самой, не змагацца з ледзяной безданню, а проста спытаць пра мінулае ў таго, хто нібыта павінен усё ведаць. Ці не ведаць, а бачыць, тут жа выправіла сябе Ільга, знекуль цвёрда ведаючы, што гэтак больш правільна.

Зрэшты, з усімі гэтымі чарамі і не разабрацца, як яно там насамрэч. Да таго ж, унь Дубыніч нібыта быў там, побач з Калінавым мостам, але помніць усё не лепей за Ільгу – усяго толькі памятае, што нешта ўпускае, што нешта забылася. Казкі, якія расказваюць пра Князёўну-Воя, песні, якія апяваюць бойку з цмокам на Калінавым мосце, усе спрэс на адзін капыл, быццам хтосьці старанна склаў іх усе і паўкладаў спевакам і казачнікам у вусны. Быццам нехта наўмысна ўтварыў вакол Ільгі зачараванае кола са слоў, ахінуў ілжывымі казкамі, закалыхаў несапраўднымі песнямі, адвёў вочы.

– Схаваў мяне, – прагаварыла Ільга шэптам. Раптам стала ясна як дзень: хлуслівыя байкі і падпраўленыя ўспаміны – не злачынная змова супраць яе, але абарона. Абярэг.

Сэрца зноў кальнула, ажно пацямнела ўваччу. Ільга аступілася.

– Ты чаго, малая? – пачула здзіўлены голас Дубыніча, які прагучаў глуха, здушана, быццам з-пад зямлі. І пабачыла перад сабою зыркае белае кола, якое імкліва звужалася, а па краю яго ажывалі вусцішныя шапаткія цені, кожны з якіх настойліва гаварыў сваё, кожны з якіх пакутліва хацеў быць пачутым. І шэпты іх у адзін момант зрабіліся такімі невыноснымі, так ад іх загуло ў галаве, што Ільга не вытрымала – упала. І падала доўга-доўга, амаль бясконца, аж пакуль падзенне ў рэшце рэшт не ператварылася ў павольны і ў нечым нават урачысты палёт пёрка над прадоннем.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже