Зала зноў падняла кубкі, але гэтым разам не было даўкага маўчання. Зноў загучала музыка, затанчылі, паслухмяныя і пакорлівыя палётным гукам, цені ды сонечныя зайчыкі, з якіх майстры ткалі самыя дзівосныя вобразы. Князь слухаў музыку, адкінуўшыся на разную спінку свайго крэсла, задуменна пастукваў пальцамі па падлакотніках і часам нават раз-другі пляскаў у ладкі, калі чарговы музыка завяршаў сваё выступленне, як бы адзначаючы таго асаблівай ласкай. Раз-пораз паглядаў на белую панну, што сядзела па правы бок ад яго і, падпёршы вострае падбароддзе рукою, толькі ўздыхала і хмурылася.
– Нашай дачцэ не пад густ музыкі? – нарэшце спытаў Князь з лёгкаю ўсмешкай. Цеплыня і зычлівасць не з’явіліся ані на ягоным твары, ані ў голасе, але да панны ён прыглядаўся пільна, з самым шчырым клопатам.
Панна паціснула плячыма.
– Іх музыка, вядома, забаўляе, – адказала. – Але мне сумна без сапраўдных паэтаў.
Твар у Князя застаўся застылым, не варухнуўся, а вось уваччу небяспечна бліснуў лёд. Ільга задрыжала, ад холаду і ад страху адначасна.
– Без сапраўдных паэтаў? – перапытаў фанабэрысты паляўнічы з насмешкай. – Без князева відуша, ты хочаш сказаць? Любая сястра, здаецца, знудзілася па ягоным хітрым спляценні хлусні ды лухты.
Быццам прыгадаўшы нешта, паляўнічы заліўся кароткім злым смехам. Князь уважліва зірнуў на яго цераз незанятае крэсла, што іх падзяляла, але нічога не сказаў.
– Але ж, і праўда, – загаварыла суседка паляўнічага, апусціўшы веі. На яе точанай белай шыі паблісквалі зялёныя самацветы, па ільсняным зялёным шоўку сукні бездапаможна слізгалі водбліскі ад агнёў у зале. – Лухта, хлусня і ўпартасць. Болей нічога.
– Аднак князёўна мае рацыю, – нязмушана падтрымаў размову руды, які толькі што пазяхаў у кулак. – Майстры твае, княжа, граюць звонка, ды няздатныя плесці словы.
– І ўсяму твайму двару быццам мову адняло, – мовіла белая панна. – Няўжо не бачыш: адбіраючы мову ў нашых паэтаў, ты пакараў адразу нас усіх.
Яна махнула рукою на дальні край залы, дзе, аддаленыя ад іншых, маўкліва сядзелі двое гасцей у чорных жалобных строях – адзін з меднымі кудзерамі да плеч, усмешлівы, другі – сівавалосы і строгі. Абодва, злёгку прыўстаўшы, без гуку пакланіліся белай панне, прыціскаючы левыя далоні да сэрца, туды, дзе серабрыліся фібулы-змеі.
– Тым з нас, хто не можа сказаць разумна, – адазваўся Князь суха, дорачы дваім у жалобе ледзяны позірк. – Лепей бы зусім маўчаць.
– Як і тым, хто гэтых нікчэмных дурняў абараняе, – прагаварыў паляўнічы напаўголасу, і штосьці ў ягоных словах было такое, што Ільгу перасмыкнула.
– Але ж сёння свята, – не здавалася панна і, настойваючы, паклала сваю белую далонь на руку бацькі. – Усё вяртаецца, княжа. Вярні ж нам сапраўдныя песні, а сваім паэтам – мову.
Князь пакруціў галавой, крывячы вусны.
– Ты просіш за іх усіх ці за аднаго?
– За гэтага ўпартага відуша, ясна, – кісла прагаварыў паляўнічы, які ў момант пакрыўджана надзьмуўся і пазмрачнеў, бо заўважна было, што ані Князь, ані белая панна яго не слухаюць, а гутараць між сабой.
– За ўсіх, – спакойна адказала князёўна бацьку. – І за аднаго. У вялікага ясеня, які трымае свет на сваіх галінах, тры карані – медны, сярэбраны і залаты. Так і ў Княжым Двары павінна быць тры паэты.
Руды рыцар, пакуль яна гаварыла, ціхенька насмешліва чмыхнуў і досыць разборліва вымавіў: «Тыя яшчэ карані». А Князь усміхнуўся сваёй халоднаю ўсмешкай і асцярожным замілаваным дотыкам пагладзіў белую панну па галаве.
– Што ж, наша дачка, – сказаў. – Нам цяжка бачыць твой смутак. Мы зробім так, як ты хочаш.
Ён выцягнуў левую руку, сціснутую ў кулак, і павольна раскрыў пальцы. На далоні яго ляжала фігурка з ільду – дробны воўк, як бы схоплены ў лёце, на бягу. Князь падзьмуў на ледзянога ваўка, і ад ягонага подыху павеяла снегам. У хвалях завеі ледзяны воўк рушыў, распраўляючы тонкія лапы, і ўдарыўся аб каменныя пліты падлогі там, дзе толькі што наўзахваткі хваліліся сваім майстэрствам княжыя музыкі.
Ударыўся з сярэбраным звонам, быццам струна лопнула, – і ўміг рассыпаўся іскрыстымі драбочкамі, і ўспыхнуў, падняўся пад халодны зорны купал языкамі непакорлівага белага полымя. Полымя апала, сцялася, сціснулася ў постаць, што, панурыўшыся, стаяла на каленях пасярод залы з гасцямі.
Бледны вузкі твар з цёмнымі бровамі, і светлыя валасы, сабраныя ў хітры вузел на патыліцы, і празрысты самацвет завушніцы, і ўся высокая танклявая постаць, – усё гэта было знаёма і незнаёма адначасна. Сярэбраныя ніці ўспамінаў напяліся з сілаю, цягнучы, клічучы. Ільга выдыхнула, без памяці, бяздумна, як у сне, рушыла наперад, адразу ж шумна натыркнулася на крэсла рудога. Той шыкнуў, падазрона пакасіўся на Белага Князя, на паляўнічага – ці не заўважылі. Але і Князь, і фанабэрысты паляўнічы, падобна, былі занадта занятыя тым, хто толькі што быў ледзяшом на княжай руцэ.
А той, з інеем у валасах, які падаваўся сівізною, змахнуў снег з вострага рукава, вышытага зялёным шоўкам, і сказаў глуха, змагаючыся з неслухмянымі ад холаду вуснамі:
– Я й не чакаў, прызнаюся, літасці слаўнага князя.