А як пазнаць? Усе гэтыя, пад зорамі, прыгожыя і светлавокія, як на падбор. Рыцары і музыкі, зухаватыя паляўнічыя. Твары зліваюцца, такія падобныя, такія аднолькавыя. І становіцца страшна: а раптам прагледзела, раптам не здолела ўгадаць, адчуць, пазнаць з-за ледзяной коркі няпэўнай памяці?

Яна імпэтна пацерла вока кулаком, злосная на сябе. Злосць пякла, шчыпала, як круты ранішні мароз, не дазваляла размякнуць, саслабець і расплакацца. На слёзы часу не было, ды і сіл на іх неставала таксама.

Руды назіраў за ёю – і раптам усміхнуўся самым краёчкам рота, быццам не надта ўмеў ці любіў гэта рабіць.

– Князёўна і возера, – прагаварыў амаль ласкава. – Ха. Зараз мне ясна. Ці, можа, лепей назваць – не-князёўна?

Слова зляцела з ягоных вуснаў так нязмушана, так нечакана, што Ільга задыхнулася ад радасці, нібы сустрэлася з даўнім знаёмцам, якога даўно не бачыла. А руды асуджальна круціў носам і мармытаў, што гэта ўсё, само сабой, вельмі міла, але некаторым паэтам варта было б быць больш абачлівымі. А калі аніяк не можаш утрымаць свой занадта доўгі язык, кадук яго забяры, – дык хоць не цягні за сабою невінаватых. Асабліва смяротных. Асабліва сюды, ды яшчэ ў такую ноч.

– …паэтам? – спытала Ільга насцярожана. Яна з усяго незадаволенага мармытання ўхапіла адно толькі слова, бо яно падалося ёй надзвычайна важным, бо яно было новаю сярэбранай нітачкай памяці.

Руды задуменна пачасаў бараду і зноў змерыў Ільгу доўгім позіркам, па-ранейшаму не асабліва прыязным.

– Дык ты яму дапамагчы прыйшла?

Імені ён не назваў, але гэта і непатрэбна было: імя трапяталася, як спайманы матыль, унутры. Ільга часта заківала.

– Але гэта ён наклікаў на цябе княжы гнеў, – сказаў руды, так і працінаючы дзяўчыну вострым паглядам. – Той княжы гнеў, праклён Зімы, які цябе, дзіця, у рэшце рэшт заб’е. А пасля ён аплёў табе памяць сваёй хлуснёю, каб ты нават не памятала, што з табою сталася. І ты прыйшла яму дапамагчы?

Руды гаварыў, быццам бы, праўду – прынамсі, яна сама ўладкоўвала ўсё ў галаве падобным чынам. Але ў ягонай быццам бы праўдзе ўсё было дзіўна перакручана, незразумелым, няправільным чынам пераблытана і перайначана. І выходзіла, што ўва ўсім менавіта ён – той, каго Ільга так хацела ўспомніць, каго так хацела выратаваць – быў ледзьве не самым лютым ворагам.

Ільга грэбліва скрывілася і шпульнула зачараваны плашч рудому пад ногі. Злосць ажыла ў ёй, адцерла ўбок і стомленасць, і зняверанасць, і страх, затуманіла галаву.

– У хлусні вы ўсе тут майстры, хіба не? – з’едліва спытала Ільга, горда ўскінуўшы падбароддзе. – Я не сыду адсюль, пакуль яго не знайду. Пакуль не паспрабую дапамагчы. І не баюся я ані цябе, ані вашага палявання, ясна?

Наконт апошняга хлусіла ўжо яна сама, але рудому пра гэта ведаць, вырашыла, было зусім не абавязкова.

– Адважная, бач ты, – адазваўся руды нараспеў. Прагучала, нягледзячы на змрочны твар, амаль што дабрадушна і нават з адценнем задавальнення, быццам, на свой лад выпрабоўваючы, ён атрымаў менавіта такі вынік, якога жадаў, на які разлічваў.

– Адважнейшая за ўсякіх-розных, – прабурчала ўсё яшчэ злосная Ільга, паглядаючы на субяседніка спадылба.

Руды толькі чмыхнуў і, павярнуўшыся, рушыў у залу.

– Плашч накінь, – працадзіў цераз плячо. – І за мной, не-князёўна.

Ільга не стала спрачацца, накінула цяжкі празрысты плашч, які зараз падаваўся сатканым з лёду, на галаву. Таропка рушыла за рудым – той прабіраўся праз залу, ледзь адказваючы кіўком на глыбокія паклоны ад іншых гасцей, і не аглядваўся. Узышоў лёгкім бязгучным, як бы кашэчым крокам на памост, сеў побач з золатавалосай паннай у серабрыста-белай сукенцы, пакінуўшы самае дальняе справа крэсла пустым. З іншага краю стала сядзела яшчэ двое пышна ўбраных гасцей, паляўнічы і дама, якія нягучна гаманілі між сабою. Франтаваты паляўнічы, трасянуўшы доўгім фазановым пёркам на шапцы, зірнуў на рудога.

– Сёння нешта смярдзіць чалавечым духам, – мовіў грэбліва, і па спіне ў Ільгі прабег непрыемны халадок. – Не заўважаеш, Вотан? Ажно цяжка дыхаць.

Руды рыцар толькі ўхмыльнуўся.

– Мабыць, – адазваўся спакойна. – Ты са сваімі паляўнічымі занадта доўга блукаў між смяротных, княжыч. Вось табе і блюзніцца.

– Мабыць, і так, – пагадзіўся паляўнічы. Папраўляў доўгую сакалятніцкую пальчатку, абапёршыся адным локцем на стол, усміхаўся востраю драпежнай усмешкай. Пасля вярнуўся да размовы з сваёй дамай, усмешлівай і белатварай.

А Ільга, прытрымліваючы цяжкі плашч ля горла рукамі, ціхенька стаяла ў рудога за крэслам, разгублена аглядаючы залу, шукаючы – і не знаходзячы. Яго тут не было, гэта ясна. Ані сярод рыцараў у блішчастых даспехах, ані сярод зухаватых паляўнічых, ані сярод музыкаў, нават тых, што перабіралі струны лютняў – быццам раскідвалі вакол прыгаршчы звонкай вады.

Белая панна паглядзела на рудога з-пад густых веек і пяшчотна ўсміхнулася, так што на шчацэ пазначыліся паўмесяцамі мілыя ямінкі. Руды на яе быццам і не зважаў – як і Ільга, неспакойна слізгаў паглядам па шумнай зале, па лютністах, па віначэрпах ды служках.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже