Нейкі час – імгненне ці, можа, стагоддзе – Ільгі не было. Зусім. Быў месяц, што працягнуў свой нетаропкі, плаўны шлях па небе, патроху марнеючы, станчаючыся. Быў начны вецер, які гайдаў галіны хвояў, ссыпаючы долу цяжкія кроплі расы. Быў маўклівы луг, укрыты сухой мінулагодняю травой ды рэдкімі парасткамі новай, прыбітай да зямлі прымаразкамі. Ільга з’явілася з нічога, адчуўшы ўраз і месяц, і вецер, і луг, адчуўшы і чорнае небыццё, у якім не было ані колеру, ані гуку, ані паху. І таму дыхала цяжка, убіраючы ў сябе паветра, самой сабе даводзячы, што існуе.
Вакол карагодам ішлі калоны – каменны лес, маўклівы і ўрачысты. Вяршыні калонаў сыходзілі далёка ўверх, у чарнату, якая падавалася адначасна і даўняю, і далёкай. Чарната была спярэшчана кропкамі святла, што складваліся ва ўзоры, успыхвалі ярчэй і патухалі, а часам, пахіснуўшыся, падалі, коса перакрэсліўшы чарнату, і згаралі ў падзенні.
– Зоры? – здзіўлена прагаварыла Ільга, паўглядаўшыся ў чорны купал. Але, як ні намагалася, не знайшла ў чарнаце ніякіх з маленства вядомых сузор’яў, быццам неба было нябачанае, незнаёмае. Ад гэтага чужога, няправільнага неба караскаўся па спіне непрыемны халадок, і ўверх Ільга старалася не глядзець.
На каменных калонах сярэбрана ўспыхвалі лініі разьбы, пазначаючы то выявы дзівосных жывёл і птушак, то чароўныя знакі. Знакі, сатканыя са святла, часам свавольна зрываліся з каменнай паверхні і з ціхім звонам плылі ў паветры, нічым не стрыманыя. Устрывожаная Ільга іх абыходзіла за два-тры крокі, каб незнарок не сутыкнуцца. І шаптала сама сабе з асцярогаю:
– Чары…
За ўнутраным колам каменных слупоў паставілі сталы для балявання, і народу там сядзела ўжо досыць многа. Ільга прыпынілася, цікаўна паглядаючы на рыцараў ды паннаў, што гаварылі і смяяліся, зусім такія, як пабачыліся ёй у сне: у святочным адзенні з шоўку ды аксаміту, спрэс прыгожыя, яснавокія, з пекнымі ўсмешкамі на вуснах. Да рыцараў Ільга прыглядалася асабліва ўважліва – і ўсё болей ясна разумела, што таго, хто ёй так патрэбны, сярод гасцей няма.
Яе, на шчасце, зусім не заўважалі – ці, можа, проста не звярталі ўвагі. Раз-пораз хтосьці прамінаў зусім блізка, але глядзеў, не бачачы, быццам тут – і для іх – яна не існавала. Сама ж Ільга патроху вывучала вялізную залу пад зорным купалам, дзівячыся прасторнасці ды багата ўбраным сталам, што ламіліся ад разнастайных страў ды напояў. Сталы ішлі ў два рады да высокага памосту – там узвышаліся над залай ганаровыя месцы, лікам сем. Месца гаспадара ў самым цэнтры – пазалочанае крэсла з высокаю разной спінкай – пакуль, праўда, заставалася пустым.
– Не варта табе быць тут, чалавечае дзіця.
Ільга, якая з захапленнем разглядала залу і гасцей, рэзка павярнулася. Гаварыў з ёю, абапёршыся адной рукою на калону, высокі, шыракаплечы рыцар са змрачнаватым тварам, з рудою барадой, з зыркімі зялёнымі вачыма. На госці быў даспех з чарнёным панцырам – там увішныя збройнікі прымудрыліся, наганяючы вусцішы, срэбрам вымаляваць хрыбет і рэбры. Шалом з забралам-чэрапам руды трымаў пад пахай. Ільга зірнула на панцыр, на страшнае забрала, на цяжкі меч у ножнах на поясе – і раптам адчула сябе маленькай і бяссільнай.
– Я… – загаварыла Ільга, ніякавеючы пад цяжкім паглядам. – Я прыйшла дапамагчы.
Руды прыўзняў адно брыво.
– Ты, чалавечае дзіця? – спытаў, змерыўшы Ільгу вачыма. – Дапамагчы?
Твар у яго быў каменны, накшталт той жа калоны, голас роўны і халодны, але ад усяго гэтага Ільга толькі болей абразілася, ад абурэння нават не магла падабраць словы. Руды тым часам зірнуў над яе галавой у бок ганаровага памоста, перад якім збіраліся музыкі, незадаволена таргануў вуглом рота. Адным рухам скінуўшы з сябе цёмны плашч, укрыў Ільгу і, неяк хітра перакрыжаваўшы пальцы, лёгка стукнуў няпрошаную госцю па макаўцы. Ад ягонага дотыку плашч ахаладзеў, выцвіў – спачатку плямамі, якія большалі і большалі, расплываючыся, паглынаючы колер тканіны. Так увесь плашч хутка зліўся колерам з халодным каменем, надзейна хаваючы пад сабою Ільгу. Тая блыталася ў тканіне, усё намагалася выбрацца і рашуча запярэчыць.
– Шчасце маеш, што цябе не заўважылі, – ціха мовіў руды, паглядаючы на пустое крэсла на ганаровым памосце. – Нашыя святы не для смяротных вачэй. Сыходзь, пакуль яшчэ ёсць час.
Сярдзітая Ільга вылузалася-такі з-пад ягонага плашча – як быццам выглянула з глыбіні распісанага срэбрам каменя.
– Я тут не для вашых свят, – сказала, звёўшы бровы і закінуўшы галаву, бо іначай бачыла адно край рудой барады. – Я… забыла кагось вельмі важнага. Дакладней, гэта ён змусіў мяне памятаць усё іначай. Каб абараніць ад Дзікага…
– Ціха, – абарваў яе руды. – Не табе, дзіця, згадваць княжае паляванне. І не тут.
Ільга перарывіста ўздыхнула. У сэрцы зноў адазваліся, хай і ледзь заўважна, дробныя ледзяныя іголачкі. Зала з прыгожымі гасцямі, зорны купал, агні, – усё паплыло ў яе перад вачыма. Імя, хітрасцю вырванае ў цемры, апякала ўнутры і прасілася вонкі, рвалася на волю. Але Ільга стрымлівалася, бо знекуль цвёрда ведала: паклікаць – толькі палова справы. Спачатку трэба пазнаць.