У словах перакочваўся цень напеўнай сілы – нібы рэха далёкай навальніцы. Па зале між гасцей віхурамі пранесліся шэпты – і здзіўленыя, спачувальныя, і зларадныя. Апошнія пераважалі.

– Нашай літасці ты не дачакаешся, відуш, – сурова мовіў Князь. – Ажно пакуль не кінеш упарціцца. Пакуль не прызнаешся ў хлусні.

Былы воўк зірнуў на яго знізу ўверх яснымі зялёнымі вачыма – з непрыхаванай насмешкай, дзіўнаватай для таго, хто толькі што быў вязнем у ледзяной турме і мог у любы момант туды вярнуцца.

– О, – працягнуў воўк. – Але варта мне зрабіць гэта, княжа, і я нахлушу. Бо, адрозна ад іншых, ніколі не казаў табе нічога апроч праўды.

Князь стукнуў кулаком па стале, ажно падскочылі кубкі. Ад ягонага ледзянога спакою амаль нічога не засталося.

– Скуль ты можаш ведаць гэткую праўду?!

Воўк усміхнуўся.

– Я не ведаю, справядлівы княжа, – адказаў рахмана. – Только бачу.

– Годзе, – паспешліва ўмяшаўся руды рыцар, пакасіўшыся на Князя, такім адказам ніколькі не задаволенага. – Цябе, з княжай ласкі, вызвалілі не для балбатні і новых недарэчных прароцтваў. Усе хочуць паслухаць тваю музыку, чуеш?

– О, нават і ты? – воўк, насмешліва звузіўшы вочы, зірнуў на рудога рыцара. А пасля сягнуў паглядам за рудога, туды, дзе, укрытая плашчом, хавалася Ільга. І, мусіць, здолеў зазірнуць за чары, бо імгненна замёр, утаропіўшыся ў яе, маўклівы і нахмураны. Глядзеў зусім так, як тады, у Ільзіным сне, зарослы белай ваўчынай поўсцю, – з недаверам, ад якога сэрца патанала ў горычы. А пасля раўнадушна адвёў позірк, як бы не пазнаўшы. А можа, і праўда, не пазнаўшы.

«Але ж я выратую, – паўтарала пра сябе Ільга, паўтарала, як закляцце. – Я дапамагу. Іншая справа, вядома, як гэта зрабіць, як вывернуцца, каб усё атрымалася належным чынам. Але дапамагу і выратую, чаго б гэта ні каштавала».

– Тут і без мяне да тваіх песень хапае ахвотных, – сказаў руды.

Воўк апусціў галаву і паківаў. Пасля, з заўважнай цяжкасцю, узняўся на ногі, хіснуўся, але, сцяўшы зубы, устояў. Паляўнічы сачыў за ім недаверліва і раўніва.

– Ці варта дазваляць яму пець? – рэзка спытаў у Князя. – Сястра, як звычайна, капрызіць, абы дапячы нам.

Князь холадна глянуў на яго – і паляўнічы прыціх, уцягнуўшы галаву ў плечы, і стаў падобны да пакрыўджанага падлетка. Ільзе амаль стала яго шкада.

– Мы вырашылі, – мовіў Князь, уладна ўзмахнуўшы рукой, як бы адсякаючы любыя пярэчанні. – І рашэнне застаецца нязменным. Заспявай для нашай дачкі, відуш, заспявай для нашага двара.

– Заспявай мне, любы дружа, – папрасіла белая панна, і на яе шчацэ пасяліліся ўсмешлівыя паўмесяцы. – Пра чароўнае возера і князёўну.

Воўк злёгку пакланіўся, як бы пацвердзіў згоду пець. Двое ў жалобных строях нейк праслізнулі між сталоў з гасцямі бліжэй да яго. Сівы без слоў паляпаў па плячы, а меднавалосы, дабрадушна кіўнуўшы, працягнуў лютню. Воўк прыняў яе асцярожна, аберуч, як бяруць немаўля, правёў пальцамі па лакіраваным выгінастым дрэве, быццам пагладзіўшы, прыслухоўваўся, нахіліўшы галаву набок. Пяшчотна крануўся струн – тыя адазваліся, запелі ціхутка і аддана, як бы вітаючыся, і воўк усміхнуўся – струнам.

Паэты ў жалобе размыліся, вогненнымі языкамі пабеглі па каменных плітах – і зноў селі на свае месцы. У цэнтры залы, абкружаны гасцямі, шэптамі і смяшкамі, злымі і цікаўнымі калючымі вачамі, воўк застаўся адзін. І, не зважаючы ні на кога, разняволена кратаў струны, бязладна, нястройна рассыпаючы спеўныя, палётныя гукі. А з імі – і словы, неразрыўна з музыкай сплеценыя.

Гукі і словы танчылі, змешваліся і перапляталіся цясней, і з бязладдзя вырастаў новы парадак, адмысловы строй вобразаў, скіраваных умелай рукой. І цяжкія калоны, спавітыя чарамі, пускалі карані, абрасталі жывою цёплай карой, а між паліраванага мёртвага каменю прабіваліся, ломячы пліты, парасткі травы, і кустоўе бэзу, і ўпарты альхоўнік. З цёплага густога гучання паўстаў, вырваны з нечай памяці, цёплы ранак позняй вясны, і возера, светлае, з серабрыстай рабізною, з паўпразрыстымі трыснягамі, з пахкім аерам, з залатым пяском, разлілося, адбіваючы сіняе неба. На мелкаводдзі драмалі разамлелыя мідыі, а за сцяною зарасніку на другім, падтопленым беразе, крочыў, падымаючы чырвоныя ногі, бусел.

І гучалі стракозы, каляровыя, як вітражнае шкло ў старой вежы, што глядзела на верасовыя пусткі. І басілі ноткі цяжкіх хрушчоў, і цягнуўся напоены густым сонцам ранак, доўга-доўга – як залацістая смала.

А над возерам саткаўся з суладдзя гукаў дрогкі карункавы цень старога дуба, хаваючы музыку пад сабою надзейна, як пад плашчом-невідзімкай, і музыка, сапраўдная, чароўная, дзівосная, плыла над возерам, над пеннымі грабеньчыкамі хваляў, над слюдзянымі крылцамі імклівых стракоз. Над усім, што было і будзе, па-над часам, па-над воляю ўладароў, нікому не падуладная, не звязаная нічым, свабодная, вечная музыка.

Музыка пацягнула за сабою Ільгу ўсімі тымі танюткімі сярэбранымі нітачкамі, якія яна апошнім часам так старанна збірала, якімі ратавалася. І, як бы само сабою, вырвалася і панеслася над азёрнай вадою, як белая чайка, імя:

– Йурай.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже