– У цябе сёння свае госці, Вотан? – спытала панна ціха. Голас яе быў пяшчотны і салодкі, як мёд, і кружыў галаву, нібы водар бэзу пасля дажджу. Ільгу, між тым, узялі дрыжыкі: белая панна, з яе светлым тварам, з веснімі кветкамі, уплеценымі ў валасы, тонкая, зграбная, падалася ёй вусцішнай і небяспечнай. І чамусьці – нечым няўлоўным, непадуладным словам – нагадала пушчанскую кульгавую вядзьмарку, брудную і калматую, зусім да яе не падобную.

– Многія сабраліся, каб паслухаць музыку, князёўна, – унікліва адказаў руды, кашлянуўшы.

Ільга затрымала дыханне. Панна ўсміхнулася шырэй, у вачах у яе бліснулі вясёлыя іскаркі. Хтось з музыкаў заспяваў на невядомай дзяўчыне мове. Цені слізгалі вакол яго, паслухмяныя, лагодныя, і з ценяў выплывалі дзівосныя абрысы: чарада караблёў, і танец хваляў вакол іх, і ветразі пад дыханнем буры. Ільга глядзела ва ўсе вочы, ціхенька ахала, заляпляючы рот рукою, не здольная адарвацца ад гэтых дзівосаў, а тыя двое тым часам працягвалі размову паўшэптам.

– …але апошнім часам музыка зусім не тая, – заўважыла панна, раўнадушна гледзячы на танец ценяў. – Ты ж таксама адчуў, любы дружа? Бацька расплочваецца за свой гнеў занадта дарагою цаной, праўда?

Панна ціхенька засмяялася, прыкрываючы вусны маленькай далонню, і дадала, што Вотана, можа, усё гэта толькі ўзрадавала:

– Ты ж так ненавідзіш ягоныя песні пра цябе, Косткасей.

А пасля, уздыхнуўшы, паскардзілася, што рэшта прыдворных паэтаў ды музыкаў, ад ляноты ці мо ад страху, у параўнанні з тым, хто прымудрыўся ўгнявіць яе бацьку, – быццам нямыя і глухія.

– То ўлагодзь свайго бацьку, – дзелавіта прапанаваў руды, які злёгку скрывіўся на «Косткасеі». І, быццам бы ненаўмысна зірнуўшы за сябе, падміргнуў застылай Ільзе: маўляў, не спі, слухай і заўважай.

– Цябе ён паслухае, князёўна. Хай хаця б сёння, дзеля свята…

Руды не дагаварыў: у цэнтры ганаровага стала бліснула, як маланкай, па падлозе пацягнула холадам. Ільза дробненька задрыжала, выдыхнула воблачка сярэбранай пары – і адчула, як ажылі ў ёй, як набраліся сілы атрутныя ледзяныя іголкі.

Бо той, хто зараз сядзеў на месцы гаспадара, уладарыў і гэтымі ігламі, і злавеснымі крышталікамі інею, што слаліся за Ільгою, абкружаючы, як дзікага звера. Уладарыў і гэтай залай, і ўсімі ў ёй, і зорным купалам з невядомымі сузор’ямі. Белы Князь, Валадар Зімы, гаспадар Курганова Поля, першы з няўмольных вершнікаў Дзікага Гону.

«Але ж ён і сапраўды – белы, гэты іх князь, – здзіўлена думала Ільга. – На ім белы са срэбрам кунтуш, падшыты футрам, з-пад цяжкога сукна праглядае жамчужны шоўк рукавоў з мудрагелістай вышыўкай. Валасы светлыя, не залатыя, як у большасці гасцей, а серабрыстыя, як бы прыцярушаныя інеем, вольна спускаюцца на плечы. Ледзяным падаецца цьмяны вянец з вострымі драпежнымі зубцамі, што сціскае скроні. Лядзяш празрыстага каменю, урэзаны ў срэбра кароны, роўна свеціцца на высокім лобе. Твар на дзіва малады, ясны, з бровамі ўразлёт, з точаным носам, мусіць, амаль што прыгожы. Ці, можа, мог бы падацца прыгожым – калі б не быў такім адчужаным, халодным, каб не былі так зацята падціснуты вусны, каб не глыбокая пахмурная зморшчына між броваў.

Калі б не вочы, – заўважыла пра сябе Ільга, зябка паводзячы плячыма. – Вочы – самае галоўнае. Твар можа здавацца маладым, амаль юначым, гожым, а вось вочы разбураюць уяўленне, выдаюць, бо глядзяць з-пад паўдзіцячых даўгіх веек сурова і мудра, з няўмольнай нязломнаю воляй. Старыя, старажытныя нават, не зялёныя, як у іншых, а шэрыя, як бы выцвілыя ад часу, сталёвыя вочы. Так і праменяць холад зімовай сцюжы, прымарожваюць да месца, закоўваюць у лёд – не ўздыхнуць, не варухнуцца, слова не вымавіць».

Усе ў зале амаль імгненна павярнулі галовы на гэтага, белага. Глядзелі ўважліва, здаецца, нават не міргаючы і не дыхаючы, як зачараваныя. Над залаю павісла ломкая цішыня, ажно чуваць стала, як перазвоньваюцца між сабою на аксамітным купале неба касматыя зоркі. Князь прывітальна падняў тонкую руку, унізаную пярсцёнкамі.

– Сёння, – мовіў ціха, але голас ягоны ўладна расцёкся па ўсёй зале, крышталікамі інею папоўз па каменных плітах падлогі. – Сёння, у нашу ноч, мы шануем Сонцаварот на святой гары, бо ўсё вяртаецца. Бо як сусветны змей угрызаецца ўва ўласны хвост, так і час закручваецца ў кола. З зімы – вясна, з лета – восень.

– І зіма – вянец усяму, – адазвалася ўся зала нязладжаным хорам. Палілося віно, падняліся залатыя кубкі ў гонар Князя і ягонага віншавання.

– І зіма – вянец усяму, – павольна паўтарыў Князь.

Віначэрп, яснавокі хлопчык у зялёнай накідцы, з’явіўся як з-пад зямлі побач і з паклонам падаў уладару напоўнены кубак. Святло міргнула, і Ільзе на нейкае імгненне падалося, быццам у тым кубку не віно, а расплаўленае бурлівае срэбра.

– Баўцеся, – загаварыў Князь, адпіўшы глыток віна і адставіўшы кубак. – Баўцеся, балюйце і весяліцеся пад зорамі, бо гэтая ноч і гэтае неба – нашы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже