– Анягож, дзядзечка.
Падшыванец змоўк і паглядзеў на мора верасоў, з якога сям-там паказваліся галовы курганоў.
– Прыгожа тут, – сказаў. – І гэтак спакойна. Даўно мне не было так добра.
Ён замілавана глядзеў на верасовыя хвалі, што ленавата калыхаліся пад ветрам, а таму не мог заўважыць, як гусцелі цені ля белых камянёў. Чары драпежна затрымцелі, быццам павуцінне, у якое трапіў неабачлівы матыль.
– Тут няма месца для чалавечых сыноў, – прамовіў я рэзка. – Мусіш ісці. Як хутчэй.
Твар у Яся выцягнуўся, але ўсмешка, за якою ён звык хавацца, не сышла. Нешка адчувальна пхнула мяне вострым локцем.
– Рыцар… – з асуджэннем прашыпела яна мне ў вуха.
Я толькі адмахнуўся. Праз колькі часу Сотвар заўважыць тут смяротнага і зацягне таго пад цень на кургане. І хіба толькі адно Неба ведае, што з гэтага будзе.
– Не затрымаюся, дзядзечка, – мякка паабяцаў хлопчык. – Проста песня зайшла ў галаву, хачу ўхапіць у цішыні, пакуль не забыў.
Я не паспеў запярэчыць: ён скінуў свой скураны горб, вызваліў з яго, быццам ад шалупіння, залацістае цела лютні і апусціўся ў траву, лёгка кратаючы струны. І твар у яго паяснеў, і знікла некуды дурная ўсмешачка, і вочы зрабіліся сталейшымі – на гады, на стагоддзі.
І з-пад ягоных пальцаў палілася музыка – спачатку асцярожна, няўпэўнена, а пасля званчэй і званчэй, моцна, непераможна.
І ў ёй было – усё. Перазвон рачных хваляў, і шэпты трыснягоў, і крыкі чаек. І галасы верасоў пад ветрам, і гуд пчол, і крокі дажджу па камяністай дарозе, і сакаліны клёкат. Неба бачыць, там былі нават, ашчадна ўплеценыя, нашыя чары, старажытныя, спрадвечныя, і голас Пушчы, і нават ціхі галасок панны Нешкі.
У мяне быццам іголка заварушылася ў грудзях злева. Вочы закалола, і па шчацэ пабегла штось падобнае да кроплі дажджу. Я ўскінуў голаў, але неба засталося ясным, па ім плылі адно пульхныя белыя аблокі.
Бедная Нешка скурчылася пад рунным каменем і ціха плакала, схаваўшы тварык у далонях, незаўважная, амаль нябачная. Таму што побач з ёю стаяла, быццам выхапленая промнем святла, Марэна. Паўпразрыстая, быццам маркотная здань, цень сябе самой, і ўсё-такі, усё яшчэ – ярчэйшая за ўсё вакол. За ўсё на свеце ярчэйшая.
Хлопчык кінуў граць, але музыка яшчэ гучала, падхопленая самімі камянямі, самою зямлёю. Гучала ў нас, бо мы і ёсць – зямля.
– Хто… – здзіўлена прамармытаў Ясь, углядаючыся ў светлую белую здань. А тая ласкава ўсміхалася яму і цягнула да яго рукі. І глядзела на яго, толькі на яго – доўгае, доўгае імгненне, пакуль яе, цяпер адвечна свабодную, не змыла ветрам, як змывае абрыўкі туману.
Ля ног Нешкі засталася толькі пустая клетка з залатымі прутамі.
І тады над нашымі галовамі грымнула – аглушальна, жудасна, так, што здрыганулася зямля пад нагамі. Драпежныя цені разрасліся, распухлі бязмерна і ўсталі на дыбкі. Падалося, што гэта Неба раскалолася і падае долу, падае на нас, але то даў расколіну курган, і мы з яснага цёплага дня праваліліся ў суцэльную цемрадзь.
З цемрадзі нарадзіліся агні – ласкавае зеленаватае полымя курганоў, халоднае, цякучае, зусім не падобнае да таго, што зырка буяе ў ачагах чалавечых сыноў. Агні ціхутка пазвоньвалі, як сярэбраныя званочкі, і плылі, і смяяліся, выхопліваючы кругамі святла то каменныя пліты са старадаўняю разьбою, то край каляровай фрэскі, то белы твар Нешкі з цёмнаю радзімкай пад левым вокам, то светлую чупрыну падшыванца Яся. Стаўры скавытаў зусім побач, тыцкаўся мокрым носам у маю далонь.
– Ціха, дружа, ціха, – я патрапаў сабаку па галаве і раптам адчуў, што ў мяне пачынаюць дрыжаць рукі.
З цемрадзі, нябачныя, глядзелі на нас вочы – многія, многія вочы. Зялёныя, быццам Пушча. Нябачныя, яны шапталі, перагаворваліся, і ад іхніх злавесных шэптаў нават мне рабілася ніякавата. Я з лязгатам выцягнуў з похваў меч.
– Толькі паспрабуйце каторы, – паабяцаў я нябачным.
Падшыванец Ясь уздумаў губляць прытомнасць і валіцца з ног, але я паспеў леваю рукою ўхапіць яго пад локаць, утрымаць. Адчуваў: варта хлопчыку толькі паказаць сваю слабасць – і ад яго і крывавага шматочка не пакінуць.
– Так цёмна, дзядзечка, – шаптаў падшыванец. Словы вырываліся з ягоных вуснаў серабрыстымі аблачынкамі марознай пары. – Так холадна…
– Проста ідзі, – адгукаўся я цвёрда. – Ідзі наперад. Наперад.
Нешка падхапіла другую яго руку, тую, што і зараз сціскала лютню.
– Зусім трошачкі, – зацурчала лагодна. – Яшчэ трошачкі пацярпець.
Мы з ёй абое з надзвычайнай яснасцю і скрухай ведалі, чым, хутчэй за ўсё, гэтая дарога для хлопчыка скончыцца. Чым звычайна ўсё заканчваецца для тых смяротных, што трапілі да Сотвара сюды, у падзем’е. І не глядзелі адзін на аднаго, і зацята маўчалі пра гэта, быццам нават адно слова магло пазбавіць надзеі, парушыць кволую раўнавагу на шалях лёсу.
Нейкая асабліва ўчэпістая дрэнь, апярэджваючы падзеі, працягнула кіпцюрастую лапу да Ясева горла. Вырашыла, мабыць, што я раней пажартаваў. Не прыглядаючыся, ударыў мячом наводмаш. Цемрадзь зайшлася лямантам, а лапа, усё яшчэ перабіраючы доўгімі пальцамі, засталася ляжаць на камянях.