Зялёныя агні падскоквалі, круціліся і заставаліся вісець цэлымі гронкамі, сузор’ямі. Залівалі ўсё зыркім зеленаватым святлом. У вялікай круглай зале між каменных калон, што сыходзілі ў непраглядную цемру, сабраўся, мусіць, увесь Двор, усе паэты, усе рыцары, усе пекныя панны, усе зухаватыя паляўнічыя. У золаце, у бляску самацветаў, з тканымі паясамі, з вышыванымі рукавамі, ажно ззяючыя ад прыгажосці. Яны з лёгкім шоргатам расступаліся перад намі, давалі дарогу наперад, туды, дзе на ўзвышэнні стаяў просты драўляны трон.

– Мне страшна, дзядзечка, – ледзь чутна сказаў Ясь, зноў выпусціўшы з рота аблачынку серабрыстай пары.

– Гэтага яму толькі і трэба, – зашаптаў я. – Трэба, каб ты баяўся, разумееш? Калі не баішся…

– Калі не баішся, – працягнула Нешка. – То нічога табе і не зробяць.

Ясь слаба кіўнуў. Прыкрыўшы вочы, дыхаў часта, кусаў вусны, але працягваў крочыць наперад. Не азіраючыся. Упарта. Зусім як той, што прыходзіў перад ім. Зусім як тая. Ад гэтай апошняй згадкі – сам не ведаю, чаму – варухнулася там, ля сэрца.

На паверхні ішлі першыя дні восені, таму на княжым троне залацілася дубовае лісце, чырванелі гронкі рабіны. Водар яблыкаў, лёгкі, амаль незаўважны, насіўся ў паветры, кружыў галаву.

Сотвар сядзеў, апрануты ў агністы, колеру восені шоўк, падпёршы вострае падбароддзе кулаком. Глядзеў з-пад доўгіх белых веек зверху ўніз, вывучаў. У сярэбраных валасах ззяла ледзянымі дыяментамі карона – быццам вострыя іклы інею.

– Косткасей, – князь апёк мяне ледзяным позіркам. – Ты прывёў да нас чалавечае дзіця.

– Чалавечае дзіця, – глуха паўтарыў за ім Двор. Вочы іх няярка свяціліся, зусім як курганныя агні. Яны ўсе ведалі, што бывае, калі смяротны апынаецца там, дзе не павінен, але не мелі нічога супраць.

Я сцяў зубы і змоўчаў, сціснуўшы меч у руцэ. З ляза дасюль яшчэ капала, застываючы на каменных плітах, чорная кроў.

– І няхай для палявання яшчэ не прыйшоў час, – ленавата працягваў Сотвар, усміхнуўшыся самым краёчкам вуснаў. – Мы, канечне ж, з ахвотаю дазволім табе…

– Гэта не ахвяра для Гону, – голасна сказаў я.

Сотвар бліснуў вачыма і нахмурыўся: я парушаў правілы яго любімай гульні. Чуваць было, як усхвалявана перашэптваюцца прыдворныя.

– Гэта не ахвяра для Гону, – паўтарыў я, сціскаючы пальцы на хлапчуковым плячы. – Княжа, то… музыка прыйшоў усцешыць ваш слых сваімі песнямі.

Князь засмяяўся. Рогат падхапіла дворня, і хутка ўся зала затрэслася ад усюдыіснага смеху. У Нешкі задрыжалі вусны, Стаўры, падціснуўшы хвост, ціхенька заскавытаў.

– Чалавечае дзіця будзе цешыць мяне сваімі песнямі? – кпліва пацікавіўся Сотвар. – Косткасей, што за недарэчная прыдумка.

Але, нават кажучы так, ён – па вачах было відаць – зацікавіўся. Змерыў змярцвелага ад холаду і боязі хлопчыка непрыязным позіркам.

– А што скажаш ты, чалавечае дзіця?

Я лёгка падштурхнуў Яся наперад, і той зрабіў некалькі няўпэўненых, быццам праз сон, крокаў. Прыціснуў да грудзей лютню і хрыпла прагаварыў, змагаючыся з крышталікамі інею на вуснах:

– З радасцю спяю для вас, ясны княжа.

«Але пасля песні, – напружана думаў я, і Нешка, мяркую, таксама. – Ну, скажы ж: але пасля песні майстру плацяць. Скажы гэта. Скажы».

– Але памятайце, княжа, – прахрыпеў Ясь, быццам пачуўшы нашы думкі. – Пасля песні майстру плацяць.

Сотвар ашчэрыўся. Двор зашаптаўся грамчэй, узбуджана і абурана: гэта было чыстай вады нахабства.

Часам толькі на нахабства і выпадае спадзявацца.

– Спевы і словы сплятаць немагчыма без платы, – перакрываючы натоўп, азваўся хтось з прыдворных паэтаў. – Той, хто паслухаў, аддзячвае дарам сардэчным.

– Сын чалавечы кіруецца звычаем даўнім, – спеўна і звонка падхапіў другі. Узбуджаныя шэпты амаль сціхлі, пакорлівыя ўладзе гэтых магутных галасоў.

– Звычай такі, так заведзена, так застанецца, – канчаткова зацвердзіў трэці голас, быццам прыпячатаў. І па агаломшанай зале расцяклася звонкая цішыня.

Князь паморшчыўся, але развёў рукамі.

– Ты атрымаеш плату, чалавечае дзіця, – без асаблівай ахвоты паабяцаў ён. – Тры песні – тры падарункі. Такі звычай.

Ясь перарывіста ўздыхнуў. На шчоках яго, на валасах, на плячах і кароткім плашчы, нават на цяжкіх ботах весела пералівалася ў зеленаватым святле ўзорыстая корка інею.

Хлопчык адкашляўся і крануўся струн. Тыя адазваліся на ягоны дотык і цёпла, і радасна.

Вясна, вясна, пелі струны. Радасная, шчаслівая вясна. Вясна блізка, вясна настане. Лёд растае, снягі становяцца вадою, жывою, вясёлаю, вірліваю. Вада поіць зямлю, вада жывіць расліны. Жыццё нараджаецца з лёду і снегу, жыццё перамагае, звініць у жаўруковым спеве. Жыццё, жыццё, жы…

Сотвар гнеўна ўдарыў кулаком па ручцы трона – ажно пакацілася рэха па ўсім падзем’і. Песня бездапаможна абарвалася, і Ясь, разгублены, усё яшчэ закружаны колам жыццятворнай веснавой вады, стаяў і непаразумела глядзеў на князя знізу ўверх, такі маленькі, такі слабы, такі нікчэмны ў параўнанні.

– Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што зараз восень, – загаварыў Сотвар. – Твая песня, можа быць, і забаўляльная ў нечым, ды недарэчная, бо ўсе мы чакаем зімы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже