…Тыя прыехалі раніцай утрох на матацыкле: два паліцаі з мясцовых — адзін, Грышка Варывончык, некалі вучыўся з іхнім Лявонам, яны нават сябравалі і разам марылі паступіць у лётнае вучылішча, але Грышка не прайшоў медыцынскую камісію, у яго сохла левая нага; другі Антон Казлоўскі — былы калгасны шафёр; у саракавым ён прапіў машыну жыта, і яго засудзілі; відаць, немцы выпусцілі, вось ён і стараўся ім аддзячыць,— і нейкі немчык, дохленькі, дробненькі, паўтара метра з шапкай. Мундзір вісеў на ім, як на пудзіле, тонкія ножкі боўталіся ў шырокіх халявах. Нічога страшнага не было ў тым немчыку, хіба што аўтамат і вялізная аўчарка, шэрая, з белай грудзінай, пры ім. Паліцаі вывалаклі Панаса на падворак і доўга білі — дапытваліся, дзе хавае яўрэйку з яе выблядкам, а немчык курыў убаку, пасцёбваў сябе дубчыкам па боце і з цікавасцю азіраўся.
Скрываўлены Панас маўчаў. Тады немчык пусціў аўчарку. Відаць, яна была натрэніраваная шукаць людзей — ужо праз якую хвіліну суседзі, што збегліся да сядзібы Ткачукоў, пачулі з хлява яе шалёны брэх.
Грышка вывалак Розу на двор, штурхнуў да Піліпа, вырваўшы з рук дзіця, ударыў яго галоўкай аб шула. Нема закрычала Роза і кінулася да паліцая, але немчык павёў аўтаматам, і яна ўпала як падкошаная, а Антон стрэліў у Панаса. Затым яны загадалі суседзям выгнаць з хлява карову, кабанчыка, палавіць курэй і ўсё гэта даставіць у мястэчка, аблілі хату газай, падпалілі і паехалі на сваім матацыкле: Антон за рулём, Грышка ззаду, немчык з аўчаркай у калясцы.
А нехта з вёскі атрымаў ва ўправе чатыры фунты солі — шэрай, скамянелай: новыя ўлады сваё слова трымалі. Вось толькі так і не даведаліся людзі — хто…
Калі Мальвіна вярнулася дамоў, яе хата ўжо пайшла дымам у неба, толькі чорная печ засталася, і ў той печы за засланкай стаялі гарачая капуста і вялікі чыіун з бульбай. А ў двары пад яблыняй ляжалі яе Панас, і Роза, і скрываўленая коўдрачка, у якую было захутана дзіцятка.
Відаць, ад жаху Мальвіна страціла розум, бо нічога не помніла: як пахавалі іх, што там далей было. Зося забрала яе да сябе, і яна жыла, як у сне, і жыла, і не жыла, нешта рабіла, а больш сядзела ў кутку з заплюшчанымі вачыма і ціхенька пяяла адну і тую ж песню:
А пад гаем, гаем,
Гаем зеляненькім,
Там арала дзяўчыніца
Канём вараненькім.
Арала, арала
У тры баразёнкі,
Засеяла, запахала
Траякія зёлкі…
У ліпені сорак першага цётка Рахіля атрымала ад Лявона пісьмо. Ён пісаў, што Роза засталася ў яго бацькоў, прасіў яе не турбавацца: старыя палюбілі нявестку, неяк прыгледзяць. Беларусь ужо захапілі немцы, і страх за дачку сціскаў яе сэрца. Праз тры гады, ужо аплакаўшы і лётчыка-зяця, і пехацінца-мужа, і старэйшага сына, таксама лётчыка, яна паехала шукаць вёсачку Дудары, і адна толькі думка валодала ёю: а раптам дачка ацалела?.. У Дударах яе надзея памерла. Яна знайшла Мальвіну, выклапатала ёй пенсію за сына, адвезла ў бальніцу. Пакуль яе лячылі, цётка Рахіля выпісала ў сельсавеце лесу і пабудавала хату на старым, парослым дзядоўнікам і палыном пажарышчы, каб да скону быць каля дарагой магілы. Больш не было ў яе магіл, дзе можна паплакаць, аблегчыць душу,— на ўсіх трох лістах, што Рахіля атрымала, значылася: «прапаў без вестак»: хто тады ведаў, дзе магілы лётчыкаў, якія згаралі ў небе, уразаліся са сваімі падбітымі самалётамі глыбока ў зямлю, хто іх хаваў, а муж яе склаў галаву недзе пад Масквой, калі не да жывых было, не тое што да загінуўшых.
У Хабараўску Рахіля прадала вялікі дом, грошы ў яе былі. Хапіла і на хату, і на нязвыклы для гэтых мясцін помнік. Гадоў пяць яна шукала бела-ружовы мармур, але знайшла. I людзей знайшла, якія паставілі яго, і агароджу зрабілі, пасадзіла кветкі. Даўно вярнулася з бальніцы Мальвіна, хадзіла на ферму, а Рахіля — у бухгалтэрыю, яна была рахункаводам, так яны ўдзвюх і датоптвалі свой век. Трымалі карову, падсвінка, дзесятак курэй, садзілі гарод, быў пры хаце і сад. Днём працавалі, а ўвечары ішлі на могілкі. Летам даглядалі кветкі, зімой змяталі з магільнай пліты снег. Жылі… Цяпер вось на пенсіі, але ў калгас яшчэ ходзяць. Як не хадзіць, зусім жа няма людзей…
…Астыла бульба на стале ў глінянай місцы, ужо не курылася духмянай парай, некранутае стаяла ў тоўстых белых кубках малако,— Ірына, Арсен, Алесь Захарэвіч і Наташа Смялкоўская слухалі гаротную споведзь жанчыны, і кавалак не лез ім у горла. I Мальвіна, седзячы на ўслончыку каля печы, слухала Рахілю, і ківала сівой галавой у хустачцы, і моўчкі варушыла губамі. Яна не плакала, і цётка Рахіля не плакала, толькі ўздыхала цяжка і коўтала, коўтала нешта, што не давала ёй дыхаць, і пракаўтнуць не магла. Ужо добра сцямнела, але запальваць святло не хацелася; так яны і сядзелі ў прыцемках, пакуль мужчыны не пайшлі да сябе.