Капаць бульбу яшчэ не пачыналі, і брыгадзір не ведаў, што рабіць з такой процьмай народу — вечнае наша бязладдзе, імкненне як найхутчэй адрапартаваць, а там хоць трава не расці. Паслаў выбіраць гуркі, памідоры — абы з вачэй далоў. I гуркі, і памідоры буйна зараслі пустазеллем, але і жоўтых пераспелых гуркоў і чырвоных памідораў было многа, куды болей, чым на дагледжаных дачных градах, відаць, ім лацвей было ў траве. Дзень стаяў сонечны, ясны, любата, а не работа. Праўда, Ірына к вечару разагнуцца не магла, так балела паясніца, але стома не прыгнятала, тым больш што побач увесь час быў Жураўскі,— мужчыны падносілі пустыя скрынкі і адносілі да дарогі поўныя, і на ўсё поле скавытаў транзістарны прыёмнік Пятра Гудкоўскага — ах, як добра, як хораша было Ірыне, як яна радавалася, што не адмовілася ад гэтай паездкі.

У абед Жураўскі на выгане знайшоў шампіньёны. Палікаў усю каманду, і за якія паўгадзіны набралі два кашы белых крэпенькіх грыбоў, пачысцілі, натушылі з бульбай і смятанай; з поля прынеслі гуркоў, памідораў — курорт. А вечарам Арсен з Ірынай пайшлі на прырэчную лугавіну.

…Ірына ўспомніла асклізлую кладку — два бярвенцы, перакінутыя цераз раку. Месяц яшчэ не ўзышоў, было цёмна, над рэчкай слаўся туман. Недзе пад нагамі глуха шумела вада: перад вайной тут быў млын, немцы спалілі яго, узарвалі запруду, засталіся толькі абгарэлыя па́лі, яны тырчалі з вады, як зубы ў нейкага страшыдлы; па́лі абраслі доўгімі бародамі водарасцей, зялёных, нябачных цяпер; днём Ірына бачыла, як яны сцелюцца па вадзе, як між імі сноўдаюць маленькія рыбкі. Пасярэдзіне ракі ёй раптам стала млосна, яна загайдалася, Жураўскі схапіў яе за руку і хуценька вывеў на бераг. Рука ў яго была дужая, цёплая, і Ірына супакоілася.

Яны выйшлі на луг, мокры ад расы («А? Што? Я ж табе сказаў абуць гумавыя боцікі»,— сказаў Арсен, і яна сцепанулася: калі гэта мы перайшлі на «ты, але змаўчала). 3-за хмары вынырнуў месячык, буйна высыпалі зоркі, стала святлей. Недзе каля сталоўкі шугала ў небе зыркае полымя, ледзь чутна звінела гітара Алеся Захарэвіча, чуліся вясёлыя галасы, а тут, на лузе, было ціха. Туман звіваўся ў дзівосныя кольцы, яны плавалі ў паветры, сваімі абрысамі нагадваючы фантастычныя талеркі, а паміж імі была чыстая прастора, падсвечаная месяцам, але ўсё роўна цёмная, і зусім чорныя ўзвышаліся стагі. Яны пайшлі да гэтых стагоў, і Арсен не выпускаў яе руку са сваёй і чытаў вершы пра гэту ноч, і пра луг, і пра вечнае неба, што распасцерлася над іх галовамі. Чытаў ён ціха, як быццам сабе, не жэстыкуляваў, нібы спавядаўся ў каханні ахрыплым ад хвалявання голасам, і ёй перадалося яго хваляванне, яна адчула гэта па тым, як халадок прабег па спіне, і раптам так вусцішна стала, і нейкая струнка зазвінела ў грудзях водгукам на тое, што ён чытаў. Ён ведаў на памяць безліч вершаў, можа, сотні. Пушкін і Блок, Багдановіч і Купала, і Ахматава і Пастарнак, Лорка і Элюар… Што ж, падумала Ірына, калі гэта праўда, што жанчына кахае не вачыма, а вушамі, дык яго нельга не пакахаць.

Калі яны вярнуліся, каля хаты Жураўскі слыніўся і пацалаваў ёй руку. I шпарка пайшоў да сябе.

«Стары рамантык,— бязгучна засмяялася Ірына, паціраючы руку, да якой ён дакрануўся сваімі вуснамі.— Я лічыла, што ён пашляк, а ён стары кніжны рамантык, закаханы, як падлетак, і гэткі ж бездапаможны».

Яна соладка пазяхнула і пайшла ў чысціню і цеплыню ўтульнага пакойчыка, дзе іх з Наташай пасялілі цёткі Мальвіна і Рахіля. Старыя ўжо, пэўна, даўно спалі, Наташы яшчэ не было: моладзь дурэла, вырваўшыся на волю.

2

Яна часта ўспамінала гэты шчаслівы час: два тыдні ў канцы жніўня і на пачатку верасня, і доўга не магла зразумець, у чым яно было, тое шчасце.

Сябры і знаёмыя лічылі сям’ю Чумаковых узорнай, зайздросцілі ім і ўсім ставілі ў прыклад. Жывуць жа людзі: ні сварак, ні брыдкай лаянкі, усім задаволеныя, ніколі ні на што не скардзяцца. I з макам, як кажуць, добра, і з такам добра. Дзеці выхаваныя, ветлівыя, у хаце заўсёды парадак. I як ім гэта ўдаецца?

А Ірына і сапраўды не магла прыгадаць выпадку, калі б яна пасварылася з мужам. Праўда, быў час — Аляксей Пятровіч якраз тады махнуў рукой на сваю доктарскую дысертацыю, згроб з пісьмовага стала ўсе паперы, над якімі праседжваў ночы навылёт, і запіхнуў іх у самую ніжнюю шуфляду, каб ужо адтуль ніколі не даставаць,— калі яна моцна ўзлавалася на яго за гэта і дапякала як магла: надта ж крыўдна было, што іншыя, менш здольныя і цягавітыя, робяць кар’еру на яго ж матэрыялах. Але Чумакоў толькі пацепваў плячыма ў адказ на ўсе яе шпількі, сноўдаўся вакол сваіх акварыумаў, хмурыў калматыя бровы, і Ірына зразумела, што стукацца ў глухія вароты яго душы — занятак бессэнсоўны і небяспечны. Ён быў зусім пазбаўлены самалюбства, прагі да славы і пашаны, яго цікавіла работа і толькі работа, а не чыны, не пасады, не тыя даброты, якія яна дае, націскаць на яго — толькі жыццё сабе сапсуеш.

Перейти на страницу:

Похожие книги