Я не была распутніцай, але і манашкай не была. Пэўна, мне ўсё-такі карцела хоць калі-небудзь адчуць, як ірвецца з-пад ног у чорную бездань зямля, як салодкі хмель дурманіць галаву, як за спінай растуць трапяткія. няхай сабе і папяровыя, крылы. Але ніхто, з кім мне даводзілася сустракацца, не высек з крэменю майго сэрца агню — спорт, гімнастыка, «у здаровым целе — здаровы дух»; целы то былі здаровыя, што праўда, то праўда, здаровыя і нястомныя, прагныя да асалоды, а вось духу, відаць, бракавала. Ды і скуль яму было ўзяцца, таму духу, у тлуме гасцініц, экскурсій: «павярніце галовы налева, павярніце галовы направа»,— вечаровых вогнішчаў, вершаў, турысцкіх песень пад гітару, магнітафонаў, у вечнай спешцы, як на канец свету: хутчэй, хутчэй, пуцёўка гарыць ясным полымем, тэрмін канчаецца, толькі пазнаёміліся, а ўжо трэба раз’язджацца навекі. I ты ведаеш, чаго ён ад цябе хоча, і яму вядома, што ў цябе наўме: гадзіцца — маліцца, не — гаршкі накрываць. Усё проста, без залішніх эмоцый, як выпіць шклянку вады: некалі нават тэорыя такая была — шклянкі вады… Чорт яго ведае, што з намі часам робіцца, сама сабе не вытлумачыш, сама з сябе дзівішся. Ці то шалёны страх, што маладосць мінае, а ты нічога не паспееш ад яе ўхапіць, каб хоць было што ўспомніць у старасці, ці гэта тое агіднае, што тоіцца ў нас і часам нахабна паказвае кіпцюры — ні людзей не баімся, ні бога… I смех і грэх… Немаладая ўжо жанчына, гадоў за сорак, праводзіла свайго кавалера, у яго пуцёўка скончылася на тыдзень раней, і так яна галасіла, прыпаўшы да яго грудзей, так абдымала, цалавала на вачах у людзей, якія разам чакалі аўтобуса, быццам роднага мужа на фронт праводзіла і ўжо не спадзявалася калі-небудзь убачыць яго жывым. Бедны мужчына стаяў чырвоны як рак, не ведаў, куды вочы схаваць ад сораму, і толькі сіпеў глуха: «Ну, Света, супакойся… Ну, Света…» Як жа ён, пэўна, ненавідзеў яе, гэту Свету, пудоў на шэсць кабеціну з пацёкамі фарбы на шчоках, а можа, і шкадаваў; я дык пашкадавала ў душы: бедная ты, бедная, якое ж ты гаротнае жыццё пражыла, калі вось так, кляшчом, учапілася ў мужыка, што пашкадаваў цябе, прыгарнуў, абагрэў, і ты адгукнулася на ласку яго ўсімі сваімі непатрачанымі пачуццямі; як жа табе цяпер без яго жыць, якім пустым і халодным стане свет… А ўжо вечарам гэта «гаротніца» прывалаклася на танцы з новенькім, і скакала так, што аж дрыжала падлога, і рагатала, а потым яны зніклі ў густым кустоўі пад гуллівыя ўсмешкі… каб ты спрахла, такое каханне! У кожным з нас сядзіць жывёліна, усё залежыць толькі ад даўжыні ланцуга, да якога яна прыкутая. У тае кабеты ланцуг быў, відаць, доўгі, а ў мяне — карацейшы: хто без граху — кінь у яе камень. Я не кідала, я наогул не люблю кідацца камянямі, надта ж балюча яны раняць. Мой ланцуг быў карацейшы, вось і ўсё, чым я адрознівалася ад Светы і іншых, падобных на яе. I я выкрэслівала людзей, з якімі мяне зводзілі сум і легкадумнасць, з сэрца і памяці ўжо на прыступках аўтобуса або цягніка. Проста ў іх кружыліся галовы, а ў мяне — не, і, можа, гэта яшчэ больш агідна і брыдка. Плоць грэшная і слабая, толькі дух уздымае яе над цемрай, толькі дух ператварае сляпы інстынкт у каханне, у прыгажосць, якая адна і валодае светам і вызначае сэнс чалавечага жыцця. «Бог ёсць любоў» — дзе і ў каго я гэта вычытала? Не памятаю, але гэта, відаць, адзіная рэлігія, адзіны бог, якому сапраўды варта маліцца.
Калі не лічыць таго блудлівага аспіранціка, які задурыў мне галаву ў мае дурныя васемнаццаць — а што і каго там было лічыць, ён уцёк, як шкадлівы шчанюк, даведаўшыся, што я зацяжарала, з’ехаў некуды на край свету ад страху, дык Арсен — першы мужчына, якога я пакахала. Чаму яго? Не ведаю. Можа, таму, што ён так доўга не звяртаў на мяне ўвагі, быццам дражніў маю цікаўнасць? А можа, таму, што ўгадала ў ім адзінокую непрыкаяную душу, якой гэтак жа пуста і холадна жывецца на свеце, як і мне? Чумакоў — моцны, цэльны чалавек, ён цвёрда стаіць на зямлі абедзвюма нагамі, яму не страшныя ніякія вятры і віхуры, а Жураўскі — слабы і бездапаможны, ён балюча адчувае няспыннасць часу і нязбыўнасць жаданняў. Жыццё прайшло, і ты нічога вартага ў ім не зрабіў і ўжо не зробіш, і няма каго ў гэтым вінаваціць, акрамя сябе. Ён шукаў не каханку, не забаву на гадзіну, а жывую душу, чалавека, якому можна паспавядацца ў цяжкую хвіліну і які зразумее цябе і моўчкі падзеліць твой боль. I я чакала такога чалавека, усё жыццё чакала. Можа, адзіноту сваю, якая штурхнула нас адно да аднаго, мы і палічылі за каханне? Нездарма ж нашы адносіны э самага пачатку былі вольныя ад нецярплівага тамлення плоці, нездарма мы не хавалі іх ад чужых вачэй — нам не было чаго хаваць. Нават грубым дотыкам мы баяліся абразіць чыстае пачуццё, што нараджалася ў нашых сэрцах.
Брудная, захапаная рукамі шклянка вады… Смешна… Толькі жывая крыніца, што прабіваецца на свет праз векавечныя пласты зямлі, магла наталіць нашу смагу — вось чаму ў мяне закружылася галава.
3