Калі разабрацца, дык ён быў ідэальным мужам: шчыра паважаў Ірыну і лічыўся з яе думкай; нягледзячы на сваю занятасць, заўсёды вымяркоўваў гадзінку, каб пабыць з дзецьмі, пацікавіцца іх школьнымі справамі, памагчы рашыць задачу або даказаць тэарэму; ён аддаваў усю зарплату, пакідаючы сабе якую дзесятку на курыва, і ніколі не патрабаваў ад яе справаздачы, як і на што яна выдаткуе грошы, нават не цікавіўся гэтым. Сям’я мела ўсё неабходнае для жыцця, Ірына ніколі не скардзілася, што не можа звязаць канцы з канцамі — гэта яго задавальняла. У той жа час ён не адчуваў сябе кватарантам — чалавекам, ад якога нічога не залежыць, якому ўсё, як гавораць, да лямпачкі: Ірына неўпрыкметку, але досыць настойліва ўцягвала яго ў сямейныя справы. Яна не лезла да Аляксея Пятровіча з дробязамі, ён гэтага не любіў, але і не рабіла ніводнай значнай пакупкі, не параіўшыся з ім, не пачуўшы яго думкі. Купіць новы тэлевізар ці больш прыгожую люстру, змяніць шпалеры на сценах, бо старыя ўжо выгаралі, пашыць яму паліто ці Сярожку касцюм, набыць кніжныя стэлажы — кнігі ўжо няма куды ставіць,— на ўсё, лічыла яна, трэба атрымаць яго згоду. Гэта можна было назваць пустой фармальнасцю, усё роўна яна зрабіла б так, як хацела: ты-то галава, а я — шыя, і не хочаш, а следамі за мной павернешся; але Ірына ведала, што гэта не фармальнасць. Яна хацела, каб Чумакоў адчуваў сябе гаспадаром. Гэта праўда, што на мужыку трымаецца толькі адзін вугал хаты, а на жонцы — тры астатнія, але Ірына разумела, што на трох вуглах, якія б трывалыя яны ні былі, хата — не хата. Няма і не можа быць моцнай сям’і там, дзе мужчына — не гаспадар, не галава, не чалавек, на якога самой прыродай ускладзена адказнасць за працяг свайго роду, за яго дабрабыт і ўстойлівасць, а падкаблучнік, прыгодны толькі на тое, каб выбіваць пыл з дываноў і зарабляць грошы; няшчасныя тыя жанчыны, хто не разумее гэтага.
Сяброўкі дапытваліся ў Ірыны, якім сакрэтам яна валодае, што ў яе такая добрая сям’я, а ў яе не было ніякіх сакрэтаў. Проста кожнае слова Чумакова для яе і для дзяцей было законам і ніколі не аспрэчвалася; пазней яна магла спакойна пераканаць яго, што ён памыляецца, але — пазней, не даводзячы да спрэчак і ўзаемных папрокаў. Спрачацца з ім, ды яшчэ пры дзецях — гэтага яна ніколі сабе не дазваляла. Яе павага, гатоўнасць лічыцца з ім узвышала яго ва ўласных вачах, у вачах дзяцей, надавала дробным, у параўнанні з тым, чым ён займаўся на рабоце, хатнім клопатам значнасць і павагу — і не мела ніякага значэння, што цяжкі сямейны воз, практычна, валакла яна адна.
Чаго ж мне не хапала, пакутліва думала Ірына, маленькімі глыточкамі смакуючы каву і паглядаючы ў акно, за якім вось-вось павінен быў з’явіцца Жураўскі. Спакойнае забяспечанае жыццё, тысячы жанчын пра такое толькі мараць. А-а, вось чаго — галавакружэння. Вельмі спакойна я жыла за ім з самага пачатку. Побач з ім у мяне ніколі не кружылася галава, ніколі не білася мацней сэрца, як побач з Арсенам, не прылівала да твару кроў. Пэўна, недзе ў падсвядомасці я так і не здолела дараваць яму, што ён адмовіў мне ў прытулку, як і яго бяздушныя суседзі; каб я не бразнулася на падлогу, ён са спакойным сумленнем выкінуў 6ы мяне з Сярожкам на вуліцу, пад дождж, як бяздомнае кацяня. Тым, што я засталася, што мы сталі жонкай і мужам, я абавязана не яму, а чуламу, міласэрнаму сэрцу Галіны Аўдзееўны, для яго я доўга была, што жаба для кошкі — і з’есці гідка, і кінуць шкода,— аж да самай смерці маці. Смерць маці, адзінота, што на яго абрынулася, прымусілі Чумакова прапанаваць мне застацца. Я разумела гэта з самага пачатку і згадзілася, 6о ў мяне не было іншага выйсця. Нічога ў мяне не было… Відаць, я ўсё жыццё, усе гэтыя гады хавала недзе на самым донцы, у самым чорным куточку сваёй душы, куды не прабіцца вокам, колькі ні ўглядайся, крыўду і боль. Вось чаму я так і не здолела пакахаць яго, як ён таго варты; вось чаму побач з ім у мяне ніколі не закружылася галава. Я шанавала яго як мужа, як бацьку сваіх дзяцей, як вернага сябра, за шырокай спіной якога можна схавацца ад усіх жыццёвых трывог, я больш-менш сумленна выконвала свае абавязкі жонкі і маці, але не болей. А для шчасця гэтага недастаткова — вось што я адчула, зразумела там, на бульбе, у вёсцы Дудары.