Бульбу пачалі выбіраць толькі на пачатку верасня, першы тыдзень работы амаль не было, і бедны брыгадзір аж са скуры вылузваўся, каб хоць чым-небудзь заняць дваццаць пяць дармаедаў, што зваліліся на яго галаву. На поле выходзілі ў дзевяць, гадзіну разварушваліся, дзве — абедалі, к шасці цягнуліся дадому. Два дні выбіралі гуркі і памідоры, не хапала скрынак, звальвалі іх горамі ў траву каля дарогі — лепей бы ўжо на кустах былі; чатыры дні абіралі яблыкі. Калгасны сад быў вялізны, стары і занядбаны: шмат дрэў высахла, на некаторых абадралі кару, і яны дажывалі свой век. Сям-там пад цяжарам пладоў паламаліся вялізныя сукі, звісалі на лубе, як на сухажыллі. Год выдаўся яблычны, асабліва ўдалася антонаўка: буйныя, чыстыя, да масляной жаўцізны выспелыя яблыкі свяціліся на сонцы, як маленькія сонцы, у іх пяшчотнай глыбіні ўгадваліся чорныя зярняткі. Прыціснеш пальцам, і застаецца ўмяцінка, яна на вачах чарнее. Гэтыя яблыкі здымаць бы па адным, кожнае загортваць у паперку — праз тры-чатыры месяцы ім бы цаны не было. Брыгадзір махнуў рукой: трасіце, адзін чорт, павязём у Пухавічы на вінзавод, добра, калі прымуць хоць па дзесяць капеек на «чарніла», а не, дык давядзецца свінням скарміць. Жураўскі лаяўся: гэта ж марнатраўства, безгаспадарлівасць, дайце аб’яву ў «Вячорцы», прыедуць тысячы людзей, акуратна здымуць, забяруць па дваццаць, па трыццаць капеек, зімой будзем завозіць польскія і плаціць па рублю за кіло, няўжо немагчыма захаваць свае… Ад багацця жабракамі станем, ад багацця… Брыгадзір пакруціў пальцам каля скроні: вар’ят, не паложана… Гудкоўскі зарагатаў, борздзенька залез на дрэва, гэпнуўся раз-другі — сто дваццаць кіло нездаровага тлушчу пры поўнай адсутнасці шэрага рэчыва — і пасыпаўся на траву дождж. Яблыкі біліся аб сукі, мячыкамі падскоквалі на зямлі, іх збіралі ў вёдры і ссыпалі, як каменне, як бульбу, у вялізныя кучы; глядзець на гэты здзек, на гэты глум, прымаць у ім удзел было агідна і страшна, як прымаць удзел у забойстве.
Арсен узлаваўся, пабег шукаць старшыню. Ірына паспрабавала спыніць яго, схапіла за руку, але ён ашчэрыўся, як воўк, і яна адышлася: бяжы! Да Парэчча, дзе кантора, тры кіламетры, пакуль дабяжыш, астынеш.
…Старшыня, яшчэ малады, гадоў пад трыццаць, інтэлігентны з выгляду хлопец у акулярах і пацёртым скураным пінжачку, моўчкі выслухаў яго і вяла паціснуў плячыма:
— Думаеце, вы адзін такі разумны, а ўсе навокал дурныя? Ну што я магу зрабіць? Спажыўкааперацыя не бярэ, запрасіць людзей з горада і гандляваць, як вы прапануеце, не маю права. Пасадзяць гады на тры, а мне, ведаеце, не хочацца. Закласці на захаванне, а зімой атрымаць сотню тысяч? Ох, як яна спатрэбілася б нам, тая сотня тысяч! Дык у меня ж ні тары няма, ні халадзільнікаў, дзе я іх буду захоўваць? У дзіравым гумне? Пагніюць, не праз тыдзень, дык праз два. Ды і захаваю — рэалізаваць не змагу, не паложана. Задужа шмат трэба ламаць, каб нейкі парадак навесці, а што мне тыя яблыкі?.. 3 мяне за бульбу галаву здымуць, чорт вас прынёс на цэлы тыдзень раней, а за яблыкі… На вінзавод здаць за бясцэнак — гэта яшчэ добра трэба прыёмшчыка падмазаць, бо не прыме, і ніхто яму не ўказ, ды і машыны ў горадзе не выпрасіць, а сваіх няма, больш важным заняты. Так што трасіц — і ліха з імі. Сабе вось навыбірайце кіло па сто, я распараджуся, каб выпісалі, можа, неяк вывезеце, дык і за гэта мне рэвізоры кухталёў надаюць.
Жураўскі адчуваў, што старшыні і самому было брыдка гэта бязладдзе, што ён сапраўды звязаны па руках і нагах бязглуздымі інструкцыямі, быццам спецыяльна прыдуманымі нейкімі прыдуркамі, адарванымі, адгароджанымі рознымі спецмагазінамі і размеркавальнікамі ад жыцця народа, ад яго патрэб і цяжкасцей. Пайшоў назад, пакепліваючы з сябе, з нечаканай сваёй гарачнасці — пэўна, перад Ірынай захацелася пакрасавацца… Успомніў Лаўрыновіча: «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць!» Не бяскрыўдны жарт — сімвал веры, філасофія жыцця, кодэкс паводзін на ўсе выпадкі,— і твой, дарэчы, так, не круці галавой, і твой… I ты маліўся гэтаму богу абыякавасці і безадказнасці, калі працаваў у газеце; бач, яблыкі цябе ўзрушылі, загінуць могуць… А памятаеш горы імпартнага абсталявання на двары суперфасфатнага завода? Пад снегам, пад дажджом, яно гніло, «раскулачвалася», раскрадалася не адзін год — мільёны рублёў золатам; абсталяванне завезлі, а цэхі для яго яшчэ і не пачыналі будаваць, і складоў не было, і павецяў… А ты напісаў лірычны нарыс пра гранулы пладароддзя, пра рэкі фосфару, што памогуць нашым бедным палеткам набраць былую сілу і славу. Табе сказалі: не лезь! Пралікі праектантаў і будаўнікоў — не твая справа. А што — твая? «Выпіць і закусіць…» Вось так, брат, калі глядзець праўдзе ў вочы.