Усе ўжо збіраліся на абед, цэлы рад дрэў агаліўся, яблыні, пазбавіўшыся цяжару, з палёгкай распрамлялі голле. Ірына чакала яго на дарозе, і яны пайшлі да ракі, селі Ў траву на высокім беразе, дзе некалі была запруда, і доўга моўчкі глядзелі, як пялёхаюцца вясковыя гусі і качкі, як тугія струменьчыкі вады расчэсваюць шаўковыя бароды водарасцяў на палях. Прыпякала сонца, але ва ўсім ужо адчувалася набліжэнне восені: вада стала чыстая, цёмная нават каля берага і прыкметна халаднейшая, і неба блякла, губляла сваю сіняву, быццам выгарала за гарачае лета, і далягляды зацягвала смуга. Туман доўга і ўпарта чапляўся за кустаўё, неахвотна сцякаў у лагчыны. На бярозах пракінуліся першыя жоўтыя лісточкі, сіроцкія медзякі, і лес ужо не поўніўся птушынымі галасамі. Не кувала зязюля, не высвіствалі свае вясёлыя песні шпакі; збіўшыся ў вялізныя чароды, яны зляталіся на пожні сілкавацца перад далёкай дарогай; адно жаўрукі яшчэ звінелі, амаль нябачныя ў вышыні чорныя кропелькі, ды хрыпла крычалі сойкі, вышукваючы спажыву. Сям-там на пажухлай траве, на галінках дрэў і кустоў ужо пяшчотна срабрылася павуцінне. Адвечная цішыня і спакой павольна агортвалі зямлю і ўсё жывое на ёй, акрамя чалавека.

— Мы з Алесем днямі ішлі праз сад, сарвалі з дзесятак яблыкаў,— пакусваючы травінку, глуха гаварыў Жураўскі.— Прынеслі дамоў, паспыталі: цвёрдыя, кіслыя, аж у роце вяжуць. Зімовыя. Гаспадыня смяецца: спачатку папыталі б, а потым бралі. У нас нават дзеці ведаюць, дзе што расце. Запамінайце: у другім радзе — чацвёртая яблыня, у трэцім — другая, у пятым — восьмая, у сёмым — першая… Усе рады пералічыла: дзе малінаўка, дзе антонаўка, дзе штрыфель… Што сёння браць, а што ў канцы верасня. Даярка на ферме, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга за работу мае, дэпутат райсавета. Мілая працавітая жанчына, у суседзяў з двара трэскі не возьме, апошнім падзеліцца. А ідзе з работы — і торбу валачэ. Што ж ты, кажу, робіш, Аўгіння, у цябе ж сваіх яблык свінні не ядуць. А чорт яго, Арсенка, ведае, кажа. I праўда ж, непатрэбныя яны мне, гэтыя яблыкі, але ж і ўтрымацца не магу. Усе цягнуць, і я цягну, што ж я — дурнейшая за ўсіх? Скажы ёй, што гэта — крадзеж, пакрыўдзіцца: ты што, звар’яцеў, міленькі? Усё роўна ж зглуміцца, пагніе, пойдзе пад снег, добра, калі скормяць жывёле, які ж гэта крадзеж? Вось што такое безгаспадарлівасць: знішчэнне чалавечага сумлення. Утвараюцца дзве маралі, адно і тое ж пачынае называцца рознымі словамі…

У пятніцу вечарам апошнім рэйсам з’ехалася да бацькоў нядаўняя вясковая моладзь. Ажылі старыя хаты, загула, зашумела ціхая вуліца. Бадзяліся п’яныя, чапляліся да дзяўчат, ледзь не дайшло да бойкі.

У клубе ішоў фільм «Ляцяць журавы». Ірына бачыла яго ўжо некалькі разоў. Светлая і шчымлівая гісторыя кахання, якое абарвала вайна, глыбока кранала яе, падабаліся маладыя Баталаў і Самойлава — Вераніка, і яна ўгаварыла Жураўскага (а ўрэшце, яго і ўгаворваць не прыйшлося) схадзіць у кіно.

Сеанс быў прызначаны на восем, але і на пачатку дзевятай вакол клуба не было ні душы. Толькі некалькі падшыванцаў бегалі па парку, гулялі ў казакоў-разбойнікаў. Вокны цёмныя, дзверы замкнёныя. Арсен і Ірына пастаялі на ганку і хацелі ўжо ісці да сталоўкі, дзе весялілася выдавецкая моладзь, калі з’явілася дзяўчына-кінамеханік. Відаць, служба адарвала яе ад стала, бо дзяўчына далікатна закрывала рот далонькай, каб не дыхаць на іх, але Жураўскі ўсё роўна адчуў востры пах «Яблычнага», і нешта балюча сціснула яму сэрца. Што ж гэта робіцца, калі вось такое дзяўчо, учарашняя школьніца, ужо назюзюкалася, куды ідзём і куды прыйдзем?

Убачыўшы, што іх толькі двое, дзяўчына ўзрадавалася. Вось каб было пяць чалавек, тады сеанс можна пускаць, а двое… Білет каштаваў дваццаць капеек, Жураўскі даў ёй два рублі: лічы, што ў цябе не пяць гледачоў, а дзесяць. Дзядзька, узмалілася дзяўчына, я сама вам пяцёрку дам, ідзіце спаць, га?! Ну, што вам гэта кіно, вы ж яго, напэўна, сто разоў бачылі, і па тэліку паказвалі. Каб гэта была «Анжэліка» або «Бадзяга», а то знайшлі што глядзець… Вой, як жа ёй, беднай, не хацелася лезці ў сваю будку! Ірына пасмейвалася, Арсен быў няўмольны. Каб ён быў свой, вясковы, паслала б яго дзяўчына, надта не саромеючыся, але Жураўскі быў чужы, прыезджы, яшчэ напіша скаргу, выганяць з работы, і яна, ледзь не з плачам, адчыніла клуб.

У клубе было надзіва чыста і ўтульна: ведама ж, тыднямі стаіць на замку. Патухла святло — і зноў чужое жыццё стала іхнім жыццём і чужыя пакуты — іхнімі. Спяваў, галасіў, скакаў, граў на гармоніках, курчыўся ад болю і тугі вялізны натоўп на пероне, праводзіў сваіх сыноў, бацькоў, каханых на фронт, і бегла паўз жалезную агароджу Вераніка, сэрцам адчуўшы, што больш ніколі, ніколі, ніколі… і, у журботнай жалобе звесіўшы галіны, кружыліся бярозы ў шырока расплюшчаных вачах маладога хлопца, і прадчуванне канца ўжо засцілала іх смяротнай тугой.

Перейти на страницу:

Похожие книги