Каля сталоўкі яшчэ зыркала вясёлае полымя вогнішча, у начной цішыні адтуль даляталі пераборы гітары Алеся Захарэвіча. Ён спяваў песню Булата Акуджавы, і яна так адпавядала іхняму настрою, што Жураўскі сціснуў Ірыніну руку, і яны замерлі на высокім ганку клуба. «Ах, война, что ж ты, подлая, сделала…» — жаліўся, прыгаворваў чысты хлапечы голас; Алесю было столькі ж гадоў, колькі таму, хто застаўся ляжаць у бярозавым гаі, хто сам стаў зямлёй: «И лишь земля пребывает вовеки…»

Аж да трэціх пеўняў Арсен і Ірына бадзяліся па ваколіцах аціхлай, соннай вёскі, не сказаўшы адно аднаму і дзесятка слоў, і ім было добра хадзіць і маўчаць: што словы ў параўнанні з бязгучнай гаворкай сэрцаў?! Буйная раса лягла на траву, і зоркі засеялі неба, быццам яго прастрэлілі кулямі з буйнакалібернага кулямёта, і акрайчык месяца чаўночкам плыў у недасягальнай вышыні, заліваючы зямлю халодным трапяткім святлом, і ляніва брахалі сабакі: пэўна, нешта нядобрае снілася ім. I ўдзячнасць за гэта маўчанне, пяшчота і салодкі боль перапаўнялі Ірыну. Яна ведала: мінуць гады, няўмольны лёс можа раскідаць іх па розных кутках, ператварыць каханне ў абыякавасць і нават варожасць, але назаўсёды ў душы, у памяці яе застанецца чароўнасць гэтай ночы, адчуванне прыгажосці і паўнаты жыцця, вера, што шчасце — не прыдумка дзівакоў.

Што ёй яшчэ запомнілася з тых двух тыдняў? Як Арсен з Алесем у суботу напалілі лазню: у іхняй гаспадыні Аўгінні на панадворку была невялічкая лазенька. Палілася яна па-чорнаму, клубы дыму валілі праз дзірку ў страсе, праз амбразуру-акенца, з якога на гэты час вынялі шкло. У печы быў умураваны вялікі кацёл для гарачай вады, у куце стаяла бочка для халоднай. Лазню палілі гадзіны тры, па чарзе ныраючы ў дымнае пекла, потым залілі жар, праверылі, усё чысценька памылі і прыбралі. Запарылі кіпенем у вядзерцы жменю мяты і чабору, каб паддаваць на каменне, наламалі свежых венікаў. Спярша пайшлі жанчыны. Ірына расхрабрылася — лінула на каменку конаўку вады з вядзерца, і камяні зашыпелі, засквірчэлі, дыхнулі ў твар такім салодкім духам, такой сухой гарачынёй, што яна аж войкнула і прысела да падлогі.

Ах, якая гэта была асалода — сцёбацца на палку мяккім шаўкавістмм венікам і адчуваць, як усё цела ахоплівае шчаслівая млявасць і легкасць, а потым плёхаць на сябе гарачую ваду, шчодра, не шкадуючы, бо яе ўсім хопіць і яшчэ застанецца. Чыстай, знясіленай вываліцца ў прылазнік, захутацца ў прасціну і сядзець, адкінуўшыся да цёплаЙ сцяны і заплюшчыўшы вочы, і ляніва думаць, як, урэшце, мала трэба, каб чалавек адчуў сябе шчаслівым.

А ў нядзелю раніцой Арсен злавіў на спінінг вялізнага, кілаграмы на тры, шчупака і ўрачыста прынёс яго ў вёску.

Цётка Рахіля ад захаплення ажно рукамі пляснула.

— Ну, дзеці мае, — ззяючы добрай усмешкай, сказала яна,— сёння на абед я пачастую вас рыбай-фіш. I не пасміхайцеся, калі ласка, не рабіце выгляду, быццам вы ўжо даўно ведаеце, што гэта такое. Нічога вы не ведаеце, паверце мне, а я ж ужо шмат пажыла на белым свеце. Мальвіна, а Мальвіна? Памятаеш, якую смакату я прыгатавала летась, калі Пятрок прывёз нам вялікіх тлустых карпаў? Чамусьці ўсе лічаць, што рыба-фіш — гэта фаршырованы шчупак. Гэта глупства, дзеці мае, глупства і прафанацыя. У шчупака цвёрдае драўлянае мяса, яно не мае сакавітасці судака або карпа. Найлепшая рыба для фаршыроўкі — люстраны карп. Чаму вы не злавілі замест гэтай акулы некалькі карпаў, Арсен? Я сама ведаю, што ў нашай рэчцы яны не водзяцца, але ж… Ну, добра, добра, не будзем пераборлівыя. Як кажуць, лепш кепскія скокі, чым добрыя хаўтуры.

Перейти на страницу:

Похожие книги