Ну, а вы хоць уяўляеце сабе, што гэта такое — рыба-фіш? Не, не, гэта не страва. Гэта свята. Ні адзін рэцэпт вам нічога не дасць. Што там напісана, у гэтых рэцэптах? Вазьміце рыбу, і кавалак булкі, і моркву, і бурачок, і цыбулю, і яйцо, і фефер… гэта значыць перац, і падрыхтуйце фарш… Адкрылі Амерыку!.. Вядома, без фаршу рыбу не зафаршыруеш, будзь ты хоць разумны, як цар Саламон. Але гэтага мала, дзеці мае, каб я так жыва і здарова была і вы таксама. Рыба-фіш — гэта калі ты прачнулася ранічкан, а ў твае вокны свеціць сонейка, і дзеткі твае здаровенькія і вясёлыя, і мужык цвярозы і добры, і ўсё яшчэ кахае цябе, хоць вы пражылі разам уга колькі, і не трэба пазычаць да зарплаты, і на душы у цябе шчабечуць ластаўкі — вось тады борздзенька ўставай, мый рукі і распальвай пліту. I ты зварыш такую рыбу-фіш, што ўсе пальчыкі абліжуць і талеркі выліжуць. А калі ты прачнулася, а за акном імжыць дождж, і ў цябе ныюць рукі і ногі, і плача хворае дзіця, і на душы нудна і мутарна,— не тлумі сабе галавы. Парэж рыбу на кавалкі, абмакні ў муку і падсмаж на алеі — таксама смаката, і сям’я паснедае ці паабедае і пахваліць цябе, і сумленне тваё будзе чыстае, бо ты не зробіш злачынства. Так, так, сапсаваць рыбу-фіш — гэта злачынства, недаравальнае для добрай гаспадыні. У Хабараўску, дзе я некалі жыла,— вой, колькі там на базары самай рознай рыбы! — у мяне была суседка Двойра. Дык што, вы сабе думаеце, яна рабіла? Яна купляла вялікую рыбіну, рэзала яе на кавалкі, здзірала скуру, выбірала ўсе косці, а потым напіхвала фарш у скуру, як у панчоху, і называла гэта паскудства рыбай-фіш. Таму што яе мужык, вялікі пан, майстар па гадзінніках, некалі падавіўся косткай і з таго часу не еў рыбы з касцямі. А які ж гэта смак, я ў вас пытаюся, калі не пакінуць хрыбціну, што вам дасць навар булка? Адным словам, давайце сюды вашага шчупака, і калі ад яго ў абед застанецца хоць што-кольвечы, акрамя ўспаміну, дык я, напэўна, памру ад сораму. Ды пазавіце сваіх сяброў, адным нам не з’есці яго і за тыдзень.
I праўда, рыба ўдалася на славу. Смачная, духмяная, сакавітая. 3 галавы і хваста яшчэ згатавалі юшку, а на «дэсерт» Ірына і Наташа напяклі цэлую гару дранікаў. Сабралася ўся група, дзесяць чалавек. Намурзаліся так, што ледзьве з-за стала вылезлі. Гаспадыні маглі быць задаволеныя, на талерках, у місках і знаку не засталося.
У панядзелак нарэшце пачалі выбіраць бульбу. Частку людзей паставілі на камбайны, частку — на сартаванне. Палеткі былі засмечаны камянямі, толькі паспявай выкідаць, пакуль бульба паўзе па транспарцёры, ды выбіраць траву. Гэта была ўжо работа — не жартачкі, за дзень так наломішся, ледзь дахаты дабрыдзеш. Каменне кідалі на поле — калі разабрацца, дзікунства, на той год зноў давядзецца з ім мучыцца. Вечарам Жураўскі пайшоў на машынны двор, там зварылі вялікую скрыню, неяк умацаваля яе на камбайне, сталі вывозіць каменне на ўзмежкі. Работы паболела: нагрузі, выгрузі, але Жураўскі радаваўся — хоць нейкая карысць. Ён ненавідзеў пустую, бессэнсоўную працу, яна прыніжала яго; кучы яблыкаў, што так і дагнівалі ў садзе, бо ніхто па іх не прыехаў, нават вінзавод, прыводзілі яго ў шаленства. Гэта гарачнасць, неабыякавасць Арсена падабаліся Ірыне — жывы чалавек.
Цяпер яны ўжо зусім мала гулялі вечарамі: нязвыклая да цяжкай работы, Ірына вельмі стамлялася. А тут яшчэ дажджы пайшлі, нудныя, асеннія, гразюку развезла — нагі не выцягнеш. Адзін за адным пачалі ламацца камбайны, на поле пусцілі капалкі, а за імі падбіраць бульбу куды цяжэй. «Курорт» скончыўся, усе з нецярплівасцю чакалі змены.
Некалькі разоў за гэтыя два тыдні Ірына бегала ў абед на пошту, у Парэчча, званіла дадому. Жураўскі хадзіў разам з ёю, але не званіў. Яна папікала яго: там жа трывожацца, няўжо цяжка пазваніць, хіба цябе не цікавіць, як там сын, жонка… Арсен хмура адмоўчваўся: ніхто пра мяне не думае, нікому я не патрэбен. Валянціна радуецца, што няма, пачатак навучальнага года, работы — не перарабіць; пэўна, днюе і начуе ў сваёй школе. У Андрэя хапае сваіх турбот… абыдзецца. Але яна адчувала, што ён толькі характар паказвае, а сам сумуе па іх: панылы стаў, засяроджаны. Узяўся памагаць цёткам Мальвіне і Рахілі: разам з Алесем у вольны час накасіў добры стажок атавы, папрасіў у брыгадзіра каня і разагнаў бульбу, падрамантаваў пахілены плот…
Ірына шкадавала яго і сябе шкадавала: не кахай жанатага. Шчасце як бліскавіца, мільганула — і няма, а гора — як асенняя ноч…