Учора раніцай, калі Мікалай Сцяпанавіч поркаўся ў гаражы, да яго прыехаў Арнольд Уладзіслававіч Левус, былы выкладчык фізкультуры і трэнер Веранікі: некалі, яшчэ ў школе, яна займалася гімнастыкай. Да нядаўняга часу Левус быў у іх частым, нават занадта частым госцем, што дало Акімаву падставу лічыць яго не толькі трэнерам, а і хахалем сваёй цялушкі-дачкі. Потым знік — ці пасварыўся з Веранікай, ці так кінуў, ліха іх ведае. Трошкі паплакаўшы і паперажываўшы, Вераніка пачала гуляць з Сярожкам Чумаковым. Вядома, гэта падабалася Мікалаю Сцяпанавічу куды болей, хоць ён даўно даў дачцэ поўную волю і не лез у яе справы: як пасцелеш, так і выспішся. Акімаў не любіў Левуса, а за што — і сам не разумеў: той не зрабіў яму нічога благога. Наадварот, ніколі не прыязджаў без бутэлькі, даставаў сякія-такія запасныя часткі, неабходныя Мікалаю Сцяпанавічу для работы, прывозіў кліентаў. Але ён адчуваў, бачыў, што Арнольд Уладзіслававіч разбэшчвае Вераніку, што нічога людскага ў іх не будзе, і шкадаваў яе: знайшла з кім скруціцца, дурніца безгаловая! Фанабэрысты барбос, фарцоўшчык, дзялок, ды і старэйшы за Ніку гадоў на дзесяць… Парачка: воўк ды ярачка, ведама, што ў іх там за трэніроўкі! Сярожка — іншая справа, добры хлопец, сціплы, сарамяжлівы, і рукі ў яго залатыя… Воля воляй, але ж трэба і нейкі розум мець!

Дык вось, прыехаў Левус, пра якога Мікалай Сцяпанавіч ужо і думаць забыўся, і папрасіў аб сяброўскай паслузе. Набліжаўся дзень нараджэння яго маці, і ўдзячны сын надумаў падарыць ёй дублёнку. А паспрабуй яе купіць, нават калі маеш грошы! Праблема, ды яшчэ якая! Ды аказалася, што вырашыць яе можна. У ЦУМ завезлі партыю фінскіх дублёнак, вельмі прыгожых, але даюць іх толькі інвалідам вайны. Левус і папрасіў, каб Акімаў заўтра падскочыў з імі ў ЦУМ. Там усё дамоўлена, скажа, што жонцы, запішуць нумар яго пасведчання — і ўсе клопаты. За турботы — паўсотні або скрынку «Вермудскага трохкутніка» (так Акімаў і яго сябры называлі малдаўскі вермут).

Мікалай Сцяпанавіч ведаў пра розныя льготы для інвалідаў вайны, але сам імі ніколі не карыстаўся. Неяк Вераніка папрасіла купіць залаты ланцужок (якая «разумная» галава ўключыла залатыя ланцужкі ў спіс дэфіцытных тавараў для інвалідаў, сказаць цяжка, але ёй, гэтай галаве, смела можна было прысудзіць першынства ў рэспубліканскім спаборніцтве бюракратаў, калі б такія спаборніцтвы праводзіліся), дык ён паслаў яе так далёка, што яна больш да яго не чаплялася. А тут, стары дурань, згадзіўся. Скрынка «чарніла» спакусіла — ніколі яшчэ не даводзілася Мікалаю Сцяпанавічу зарабляць грошы так лёгка: паехаў — прыехаў — і маеш.

— А як жа хоць завуць маю жонку? — паклаў ён на варштат рыхтовачны малаток і дастаў з кішэні пакамечаны пачак «Прымы».— А то папытаюць, а я і не ведаю. Во будзе смеху…

— Аксана Фёдараўна,— адказаў Левус.— Заўтра ў дзесяць мы з ёю заедзем па вас. Дамоўлена?

— Са скрынкай,— удакладніў Акімаў і падміргнуў.— Сам ведаеш: час, які мы маем, гэта грошы, якіх мы не маем.

Ён мог яшчэ ўчора пра ўсё здагадацца, варта было толькі трошкі паварушыць мазгаўнёй. Але яго галава была занятая знявечанай машынай: адрыхтаваць яе аказалася куды больш складана, чым яму падалося напачатку. А здагадацца ж было так проста… Арнольд Уладзіслававіч Левус. Уладзіслаў Левус… Уладзік Левус, лейтэнант узвода хімабароны. I Аксана… Ён не ведаў, як звалі Аксану па бацьку, ды гэта і непатрэбна было. Хапіла б таго, што Акімаў добра ведаў Уладзіка Левуса і Аксану Касцюк. Заставалася толькі ўспомніць, што Уладзік — мінчанін, а ён павінен быў гэта ўспомніць: яны ж так часта ўспаміналі разам родны горад! Акімаў павінен быў усё гэта ўспомніць, параўнаць і рашуча адмовіцца ад просьбы Арнольда Уладзіслававіча. I цяпер ён не валяўся б удрызг п’яны на варштаце ў выхадным касцюме, а працаваў: разам з Сярожкам шпакляваў бы, шліфаваў чужую машыну, рыхтаваў яе да афарбоўкі, каб у нядзелю, як і абяцаў, здаць гатовую гаспадару. Але ён, дурань, нічога не ўспомніў, не замкнуў ланцужок з імёнаў і прозвішчаў і ўліп, як муха ў патаку.

А навошта, навошта?.. Каму гэта трэба…

Перейти на страницу:

Похожие книги