Новая хваля панікі накрыла людскую мітульгу. Людзі разумелі, што смерць, падышоўшы да іх усутыч, раскінула рукі для абдымкаў. Пыркэлаб у прыступе роспачы, памножанай на гнеў (якія толькі не здараюцца кактэйлі!), счапіўся з агняным маньякам. Біў па твары, нібыта тоўк баксёрскую грушу. Але падпальшчык нават трохі не супраціўляўся. Прымаў удар за ўдарам і няспынна рагатаў, як вар’ят, раз-пораз паўтараючы: «Хто тут брандмайстар?» Агонь не спадаў. Навукоўцы, ашалелыя ад блізкіх абдымкаў кашчавай, хапаліся за брытву прывіднага шанцу на ратунак. Намагаліся стаць на ногі і прашыцца паўз языкі полымя. Але тут жа падалі, бо іншыя, не такія ўвішныя, скубалі іх за лыткі, перашкаджаючы зрабіць хоць два крокі.

Пілоты са званіцы сваёй сумятні на гэта ўжо мала зважалі. Знішчэнне змесціва сейфа выявілася няпростай справай, бо дзверцы заклініла – замок адмаўляўся рэагаваць на кодавую фразу, прывязаную да голасу капітана. Прыкмеціўшы няўцямнае вазёканне, пракідкі смялец з ліку навукоўцаў падхапіў гарачае рыльца разбітай бутэлькі, наляцеў на іх і ў сляпой ярасці пачаў тыцкаць шкляной «ружачкай» абы-куды. Адарваны ад вычварнага мілавання Дамп памкнуўся асадзіць «тыцкалу» ўдарам кулака. Але той учасна падставіў рыльца проста пад удар. Парэзаўшы сабе руку, Дамп застагнаў ад нечаканасці і болю. Залітай крывёю далонню ён міжволі абапёрся на сейф. Старпам суняў нападніка электрашокерам. Самлеламу ад току навукоўцу абражаны калега Дамп помсліва піхнуў нагой па рэбрах і, паблажліва зірнуўшы на безнадзейнасць з сейфам, задумліва прарыпеў: «Праект праектуе, а бог выракуе».

Проціпажарная сістэма не спрацоўвала. Нейкі шаляніца крутнуў кран аўтамата кіслароднай сумесі. Прыток кіслароду дазволіў агню яшчэ больш разрасціся. Шлях да пераходных люкаў з боку насавой часткі быў амаль цалкам адрэзаны. Заставаўся толькі вузкі прагал між дзвюх сцен – сцяной карабля і сцяной агню.

На гэтым прагале Ягор засяродзіў сваю ўвагу. Яму ўжо давялося памітусіцца, каб прыкуць Марыну кайданкамі да трубы, падумаўшы, што так для яе жыцця будзе больш бяспечна. Кайданкі ён своечасова намацаў у нарукаўнай кішэні фройляйн Айсберг, кагадзе дапамогшы ёй здзейсніць мяккую пасадку на падлогу. Цяпер, калі каханая не магла наброіць з глупствамі, Руткоўскі быў гатовы перацягнуць, пераправіць ці справадзіць у базавую частку хоць усіх бедакоў-навукоўцаў. Не здолеўшы прыйсці да згоды раней, у час катастрофы яны пагатоў не збіраліся замірацца. Кожны, хто заставаўся ў найменшай змозе нешта рабіць, штурхаў і цяў бліжняга свайго. І калі б смерць і агонь літасціва дазволілі ім пайсці на абедзенны перапынак, то ці не кожны, хто ўзяўся б накрываць на стол, адзначыўся б аднолькавым наборам фірмовых страў: камень замест хлеба, а замест рыбы – змяя.

Гваздовіч агоўталася. Згледзела «бранзалет» на руцэ. Няўцямна ўдыхнула пагарачэлага паветра і перавяла позірк на колішняга каханка, што шапортаўся каля полымя. Стала верашчаць, праклінаючы яго, як маскавіт Крапіўну. Руткоўскі чуў, але не рэагаваў. Вырваўся на вольную ад агню пляцоўку. Заўважыў Марку, які ўпарта поўз наперад, дарма што ззаду яму зноў і зноў чынілі перашкоды. Каго ратаваць? Ваганняў не было. Ягор падхапіў найбліжэйшага ад сябе.

– Хочаш мяне забіць? – Пыркэлаб загарнуў сваё нясмачнае пытанне ў падгарэлы блін фаталізму.

– Ты мяне з кімсьці блытаеш, – апатычна запярэчыў археолаг, дапамагаючы таму падняцца, каб давесці да збавеннага прагалу.

– Можа, і блытаю. Але ж гэта яшчэ да нас павялося. Калі час станавіўся часам, чалавек зрабіўся чалавекам, бо вырашыў забіваць, каб жыць, – несла канкурэнта ў беспрасвецце філасофскай бездані.

– Ты мяне хутчэй сваімі мудрагелікамі даканаеш…

– Калі ты мяне ўратуеш, яна будзе табе абавязана. Гэта значыць, што ты не знікнеш з яе думак, дакуль яна будзе жыць, – канкурэнт заўпарціўся, няўпэўнена выдзіраючыся.

– Мяркуеш, у адваротным выпадку ўсё будзе інакш? – крыючы сумневам, спакойна выдаў Ягор.

– Не чапай яго! Не забівай майго мужа! – верашчала Марына за вогненнай кулісай.

Карабель ізноў страсянула. Не слабей, чым у іншыя разы. Беларус, як ні намагаўся, выстаяць не змог. Яго штурхнула проста ў пажарышча. Падаючы, згадаў адну з трэніровак у Аўстраліі і, згрупаваўшыся, клубком пракаціўся праз вогнішча, каб даць нырца ў пераходны люк. Ягорава форма ў колькіх месцах запалала. Рэагуючы на гэтыя вогненныя шкуты, у базавай частцы карабля прачнулася «проціпажарка». Пасыпаўся парашок. Марку перад тым знесла да прагалу. Многіх калег закінула ў полымя. Лямант, енк, стогны. Брудна лаючыся, Гваздовіч ад душы з’ездзіла вольнай рукой Руткоўскаму па твары. Апроч няўчаснай згадкі старабеларускага «полички задавати», гэта на ім ніяк не адбілася. Ён бачыў, як паўзе, чапляючыся за агонь і надзею, муж каханай.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже