Малітва палонных людзей,
Каб сосны радзімы хутчэй
Ляглі пад жалезныя колы.
Каб крыгі ламаючы, рэкі
Цягнік памаглі іх спыніць,
Парваўшы масты да граніц,
Ў няволю пралёгшыя рэйкі.
I я не спачну, маладзіца,
Вярну я братоў, або не,
Але я па ўсёй старане,
Здаецца, прайду навальніцай.
Вось і гаспадар падыходзе.
Садзіся, Дубяга, а лепш,
Калі ты яшчэ прынясеш
Гарэлкі... – Не, піць ужо годзе!
Нявесел Дубяга. Садзіцца.
Грызе яго зайздрасць і злосць:
– Хацеў бы я перш разлічыцца
За тое, што выпіта, госць.
З-пад шапкі ўглядаецца хітра
I комкае грошы ў руках,
Якія з свайго капшука
На сподак Мяцеліца вытрас.
– Лічы іх, лічы іх, Дубяга, –
Яны не спатрэбяцца нам.
А мала – дык світку аддам
За ўсю перапітую брагу.
– Цану ўсяму ведаць не шкодзе,
Ды толькі без грошай цяпер
Не многа ахвотнікаў знойдзеш
Цябе частаваць напавер.
Ды, можа, і світка чужая.
А пару сот нейкіх рублёў
Хай нехта заложыць з сяброў,
Калі ж у цябе не хапае.
А світка нашто мне. Насі ты
Яе на здароўе. Крысо,
Як рэшата, свеціцца ўсё.
Знаць, кулямі недзе прабіта. –
Але, як на тое, пустымі
Кішэні былі і ў сяброў.
У Бортніка, і у Трахіма,
Ў Суніцы, і у рыбакоў,
Дарма яны ператрасалі
Ватоўкі свае, пінжакі,
З якіх нават і медзякі
Апошнія ўсе прагулялі.
Аж змоўклі музыкаў цымбалы
I гоман нястрымнай гульні,
Ў напружанай цішыні
Усе навальніцы чакалі.
Ды неспадзявана Крыстына
Ўмяшалася: – Ну і нашто,
Дубяга, ты так негасцінна
З суседзямі дзеліш свой стол?
Калі ўжо табе, нарэшце,
З іх хочацца грошы спагнаць,
Пашто псуць забаву, вось на
З рукі мой бурштынавы персцень!
I рогат пачуўся у хаце.
Смяяліся ўсе, хто быў,
Усе, хто гуляў і піў
I мог на нагах трымацца.
I толькі ухмылка ліхая
На вуснах Дубягавых, як
Маланка, прарэзала краем.
Накінуўшы зрэбны пінжак,
Ён – насцеж – нагою дзверы
Двухстворкавыя расчыніў,
Нахмураны, моўчкі пабрыў
У змрок лістападаўскі, шэры.
Пабрыў без аглядкі, нібыта
Нікога не бачыў кругом.
Не чуў нат як звалі яго;
– Вярніся, Дубяга, куды ты?
– Пашто клапацішся, Крыстына?
Не згубіцца суджаны твой.
I зноў жа: цябе не пакіне
Адну баляваць з грамадой. –
Смяяліся хлопцы. Ды толькі
Адчула Крыстына: не так
Дубяга, уздзеўшы пінжак,
Пайшоў з сваёй хаты, з пасёлка.
Хаця б ён бяды не наклікаў
Або не данёс на каго.
Нядобрае нешта яго
Пагнала па замеці дзікай.
– Мо лепш табе, Хведар, пакінуць
Кампанію гэту, пайсці
I недзе надзейны прыпынак
Да часу, хоць нанач знайсці.
Хацеў не паслухацца. Ведаў,
На полі буран, і не мог
Не ўстаць, не пайсці за парог
Услед за Крыстынаю Хведар.
– Куды мяне гоніш, бадзягу?
– Не ведаю. Толькі хутчэй
Пакінь гэту хату, гасцей,
Пакуль не вярнуўся Дубяга.
Ён з зайздрасці згубіць і здрадзіць.
Не соладка з ім у жыцці.
Сама я, Мяцеліца, рада
З табой у завею пайсці.
I Хведар адчуў на хвіліну
Абдымак яе, як у сне,
I праз узмяцелены снег
Гарачыя вусны Крыстыны.
З сяней, як з расчыненай борці,
Даносіўся гул і звінеў,
Як замяць у полі, напеў
У полі самотны воўчы.
Ён то заміраў, то ізноўку
Ў імгле беспрасветнай блудзіў,
Пакуль не згубіўся, не змоўкнуў
Сярод узмяцеленых ніў.
Куды ў гэту лютую поўнач
Мяцеліца Хведар ішоў?
Не бачыў ні хат, ні агнёў.
Ды сёння яго усё роўна
Нідзе і ніхто не чакае.
Ён стаў, аглянуўся кругом
I ўбачыў: слядамі яго
Хтось крочыць за ім, даганяе.
Хто гэта? Крыстына ці, можа,
Дубяга чапляецца зноў?
I Хведар рукой асцярожна
Намацаў за пазухай нож.
– Каго там нясе навальніца? –
Аклікнуў і тут жа пазнаў
I голас, які адказаў,
I рослую постаць Суніцы.
– Даўно я іду тваім следам.
Баяўся, каб недзе адзін
Не збіўся ты, не заблудзіў.
Куды ж ты направіўся, Хведар?
Нашто табе вобмацкам дзесьці
Блукаць сярод гэтых палёў.
Я ведаю, знойдзецца месца
Каля партызанскіх кастроў,
Дзе стрэнеш сяброў ты нямала,
Якія заўсёды з табой
Падзеляць і радасць і боль,
Як чорствага хлеба кавалак.
На выгладжаных касагорах
Сінеў напярэдадні лёд.
Дарога вяла на усход
Праз цёмныя пушчы, азёры,
Праз спаленых сёлаў руіны
I свежых магіл курганы...
Цяжкая дарога краіны,
Глухая дарога вайны.
30.ІХ
Не ведаю, чаму я не закончыў гэту паэму, напісаўшы дзве часткі: «Уцёкі» (1945 г.) і сцэну ў Дубягі. Першая частка напісана шасцірадковай страфой, у якой рыфмуюцца ў несустраканым мною спалучэнні рыфмаў мужскіх, жаночых і дактылічных.
Трэція суткі Мяцеліца
Едзе з нямецкім абозам
I падганяе каня.
Снег замятае аселіцы.
Скрыпкай галосяць палоззі, –
Нечым іх плачу суняць...
7.ХІ
Дождж. Нат не было дэманстрацыі. Учора хадзіў на прэм’еру «Пяюць жаваранкі». Мне здаецца, што п’еса гэта К. Крапіве не ўдалася, хоць яе ўсе хваляць. Увесь вечар правёў у Лыньковых. Калі вяртаўся дамоў, пачаў падаць снег, які прыгасіў святочны настрой. Цікава, што мяне часта наведвае пачуццё адзіноцтва. Адкуль яно?
9.ХІ
Неба як заштрыхована аблокамі. Не ведаю, што я рабіў бы, каб не захапіла мяне паэзія, якая ў любых умовах дае максімум свабоды. Мы агітуем пісьменнікаў пісаць на індустрыяльныя тэмы, але як пра гэта пісаць оды, калі сучасная індустрыя робіць немагчымым жыццё на зямлі. Але галоўнае – усе пра гэта ведаюць і ўсе працягваюць заклікаць пісаць. I ў гэтым – адна з нашых трагедый.
20.XI
Усё больш пераконваюся, што мы людзі старога ўкладу. Гэта я заўжды адчуваю пры сустрэчы з маладзейшымі.
21.ХІ