Рэдагавалі з П. Глебкам пераклады Ул. Маякоўскага. Быў у Ц. С. Гарбунова. Казаў, каб я рыхтаваўся ехаць у Чэхаславакію на нацыянальны кангрэс прыхільнікаў міру.
25.ХІ
Учора павінна было вырашыцца ў ЦК пытанне аб павелічэнні лістажа часопіса «Полымя», але, здаецца, адклалі на пазней. «Звязда» прасіла напісаць для газеты кастрычніцкі верш. Перакладаю лібрэта оперы С. Манюшкі «Страшны двор». Я і не ўяўляў, якая гэта складаная справа.
10.ХІІ
Сустрэў Я. Коласа. Крытыкаваў ён Пімена за ўпадніцкі настрой і мяне за верш «Апала зорка». А сам жа пасля смерці М. Д. пісаў: «Адзін, як воўк...». Хацеў я спытаць: «Як у сацыялістычным грамадстве, нат пасля страты дарагога табе чалавека, можна адчуваць сябе такім адзінокім?» Відаць, у разгар кампаніі супроць песімізму ў паэзіі, нехта мяне з Піменам яму падаткнуў для даклада. Бо нават П. Броўка прызнаваўся ў сваіх грахах. Ну а П. Глебка, як заўсёды ў такіх выпадках, гаварыў: «Вось цяпер мне ясна, як трэба пісаць...». Але мінаў час, і зноў на яго, як і на многіх з нас, наступала творчае зацямненне.
1951
28.II
Думаў, што рана буду ў Маскве, але страшэнная замяць перакрыла ўсе дарогі, і за Оршай наш цягнік прастаяў каля васьмі гадзін. Потым аж да Смаленска прабіваліся праз снежныя заносы і траншэі. Гэтымі днямі, у складзе дэлегацыі Таварыства дружбы і культурных сувязяў, еду ў Венгрыю. А пакуль што, уладкаваўшыся ў гасцініцы, пастараюся раздабыць білет у МХАТ на «Мёртвыя душы».
1.ІІІ
Перасеклі граніцу. Надзвычай сардэчна сустрэлі нас венгерскія сябры. На кожнай станцыі – сустрэчы з прадстаўнікамі Таварыства венгерска-савецкай дружбы, карэспандэнтамі, якія засыпаюць рознымі пытаннямі: чаму ў нас не друкуюцца творы Ясеніна, Ільфа і Пятрова? Адкуль яны гэта ўзялі? Спыніліся ў невялічкай, але вельмі ўтульнай будапешцкай гасцініцы на востраве Маргіт.
7.ІІІ
Бясконцыя сустрэчы і выступленні. Быў на заводзе Тумана і на ўрачыстым адкрыцці Кангрэса венгерска-савецкай дружбы. Помнік Л. Кошута. Толькі чамусьці гэты нацыянальны герой і кіраўнік паўстання венгерскага народа стаіць з апушчанай галавой. Гаспадары жартуюць, што ён не хоча глядзець на мінуўшчыну. А можа – на сучаснасць? На адкрыцці месячніка дружбы быў Ракошы. Яго жонка і члены ўрада. «Эльен Сталін!» «Эльен Ракошы!» «Са Сталіным – за мір!..».
8.ІІІ
Знаёміліся з камбінатам Ракошы ці Чырвоным Чэпелем. Выступалі на літаратурным вечары ў філармоніі. Нарадзгас. Дэбрэцэн. Мяне суправаджае вельмі сімпатычная перакладчыца Ала Нікадэмус, якая ў гады вайны шмат адпакутавала ў фашысцкіх лагерах і засценках. Пазнаёміўся з венгерскімі паэтамі Кардашам, Дэвечары і з славутым кавалём-мастаком Экрашам Н’ешам.
14.III
Нацыянальны музей, Таварыства дружбы. Вечарам з гары Гелерт любаваліся маляўнічым відам Будапешта.
15.III
На мітынгу на плошчы Нацыянальнага музея чытаў перакладзены на беларускую мову верш Ш. Петэфі «Нацыянальная песня»: «Устань, мадзьяр, на кліч айчыны!..»
16.III
Вышаград. Наведалі дом адпачынку венгерскіх пісьменнікаў. Цікава прайшла гэта сустрэча. Як не хапае ўсім нам такіх творчых кантактаў, абмену думак, шырокіх сувязяў са светам, – без чаго не можа нармальна развівацца ні літаратура, ні мастацтва. Мала ведаюць венгерскія сябры аб нашай беларускай літаратуры, ды і мы не можам пахваліцца сваімі ведамі аб іх літаратуры, якая зараз развіваецца паміж трыма полюсамі: сваімі класічнымі традыцыямі, заходнім мадэрнізмам і сацрэалізмам.
А вось і Балатон! Спыніліся на пару гадзін у Ціхані. Гэта тут у часе вайны былі страшэнна цяжкія баі. Зямля хутчэй, як людзі, залечвае свае раны. Цішыня. Толькі шумяць хвалі, адна за другой набягаюць на пакаты бераг, усеяны «каменнымі капытцамі» – галькай.
4.ІХ
Каторы раз бяруся за свой дзённік! Шкада, што шмат прапусціў цікавых старонак жыцця, якія сёння амаль зусім сцёрліся з памяці. Дзённік патрэбен мне для маёй працы. Гэта – не магільнік маіх думак і пачуццяў, куды рэдка заглядае і сам пісьменнік, гэта – шлях з верставымі слупамі-паказальнікамі.
Гартаю прывезены з Пількаўшчыны гадавік «Аколіцы паэтаў», увесь пажаўцелы ад сырасці, пагрызены мышамі. Калісьці гэта была трыбуна паэзіі «перажытай», «аўтэнтычнай», трыбуна С. Чэрніка, які змагаўся супроць авангардызму.
Пачынаецца кампанія збору подпісаў пад зваротам Сусветнага Савета Міру. Мяне выбралі старшынёй Мінскага камітэта садзейнічання. Запісаўся на Вячэрні універсітэт марксізму-ленінізму, каб крыху лепш падкавацца ідэалагічна. Званілі з Масквы. Камітэт Міру арганізуе паездку ў Кітай.
8.ІХ
Няспынна марасіць дробны дождж. Учора выступаў на заводзе Кірава. А дома, кожны дзень – то землякі, то госці. Думаў напісаць пра новабудоўлі на Волзе, а потым узяўся чытаць матэрыялы для «Полымя». Вельмі няўважна пачаў апрацоўваць артыкулы свайго аддзела наш прызнаны крытык Сцяпан Майхровіч. Ці не пачаў ён зноў піць, як піў раней?
16.ІХ