Развітаўся з Максімкам, з гаспадыняй, а Любаша праводзіла мяне аж да цягніка. Не ведаю, як яны будуць тут жыць, бо грошы, якія напярэдадні вайны атрымаў за сцэнарый сваёй «Нарачы», амаль кончыліся, а таго, што атрымлівае па майму атэстату, зараз ледзь хапае на хлеб і малако для малыша, літр якога каштуе больш 30 рублёў. Можа, варта было і Любашы з Максімкам пераехаць у Уральск, дзе знаходзіцца наш тэатр і жывуць сем’і многіх нашых пісьменнікаў. У сваім калектыве лягчэй было б у гэтыя цяжкія часы. Можа. На станцыі Рцішчава ўдалося купіць кавалак хлеба і некалькі цыбулін, якімі падзяліўся са сваім суседам па купэ. Чамусьці цягнік наш далей не пайшоў, і да Пензы мы даехалі на платформе, загружанай нейкім жалезным ломам і дошкамі. Калі даведаліся, што і гэты цягнік далей не пойдзе, каб не мерзнуць на пустой станцыі, пехатой пайшлі да Рузаеўкі.

12.ІV

Марознай раніцай прыбыў у Ульянаўск, які раскінуўся на высокім і маляўнічым беразе Волгі. Толькі горад вельмі запушчаны, забудаваны невялікімі драўлянымі местачковага тыпу дамамі. Зайшоў на пошту, паслаў пісьмо Любашы і К. Чорнаму. Заглянуў на рынак. Толькі некалькі жанчын прадавалі старое, паношанае рыззё. Неяк сумна стала ад сустрэчы з гэтым горадам.

14.ІV

Першы дзень заняткаў. Я тут як белая варона – інтэндант трэцяга рангу. Усе – звычайныя байцы. У суседнім узводзе сустрэў варшаўскага дырыжора Бартнера. Як ён сюды трапіў? Хадзіў капаць акопы, потым – насіў ваду з Волгі. Паслаў пісьмы М. Лынькову і Мазалькову. Начамі мерзнем у неацепленай казарме. Ды і з харчамі – туга. Не дзіва, што амаль усе рвуцца хутчэй на фронт.

24.ІV

Зноў насілі ваду і вучыліся капаць акопы, хоць пасля поснага і вадзяністага баршчу не хоча слухаць лапата, якой дзяўбём прамерзлую зямлю.

Неспадзявана дзяжурны паклікаў мяне ў штаб, дзе я даведаўся, што галоўнае палітупраўленне выклікае мяне ў Маскву. Вечарам удалося неяк уладкавацца на санітарны цягнік і зноў крануцца ў дарогу – на стрэчу невядомым вятрам, прыгодам, грамавым падзеям вайны.

28.ІV

А цягнік ледзь валачэцца. Цэлы дзень прастаялі ў Чуфараве. Больш дваццаці гадзін – у Рузаеўцы. У майго суседа па купэ завязаўся раман з санітаркай Дусяй. Калі наш цягнік і далей так будзе марудна цягнуцца, могуць тут пачацца і роды. Калісьці Тувім і Сланімскі ламалі галаву над вынаходствам машыны, якая рухалася б пры дапамозе сексуальнай энергіі, мо дзякуючы гэтай энергіі і наш цягнік зноў крануўся ў дарогу.

30.ІV

Масква. Першага сустрэў у гасцініцы Ц. Крысько. Ад яго і даведаўся, што мяне з Ульянаўска адклікаў (магчыма, па просьбе М. Лынькова) у распараджэнне Беларускага партызанскага штаба наш другі сакратар ЦК Пётр Захаравіч Калінін, які адначасова быў і начальнікам штаба. Ведаў я яго па Вілейцы, дзе ён працаваў сакратаром абкома і заступіўся за маіх бацькоў, якіх у 1941 г. збіраліся вывезці ў Сібір.

Удалося ў каўчэзе, якім была гасцініца «Масква», адшукаць і Пімена. Да позняй ночы чыталі свае вершы. А калі леглі спаць, пазваніў М. Лынькоў. Амаль да дня праседзеў у яго. Гэтымі днямі ён атрымаў ад брата фатаграфію свайго сына. На стале стаяла апарожненая з Кандратам бутэлька гарэлкі. Вочы былі зацягнуты слязамі, і мне здалося, што ён нікога з нас не бачыць. Выйшаў на балкон, нахіліўся: «Якія ходзяць маленькія людзі!» Ледзь угаварылі яго вярнуцца ў нумар. Цяжкое ўражанне пакінула гэта ноч.

4.V

Працую ў рэдакцыі агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Сустрэў М. Зімяніна і С. Прытыцкага. Яны, здаецца, збіраюцца ляцець у наш партызанскі край. Мо будуць і ў маіх аколіцах, так хацелася б нешта пачуць пра бацькоў. Усё не магу адважыцца папрасіць у М. Лынькова пазычыць грошай, каб паслаць Любашы, бо пакуль я тут атрымаю нейкі ганарар, пройдзе шмат часу, а ў яе там з малышом хапае розных цяжкасцей.

15.V

Сёння правёў Пімена на фронт. Атрымаў трывожнае пісьмо ад Любашы: цяжка захварэў наш Максімка. Быў у міністра аховы здароўя. Прасіў яго тэрмінова паслаць тэлеграму ў бальніцу, каб там аказалі неабходную дапамогу.

8.VІ

Жыву ў адным нумары са сваім рэдактарам – М. Чаускім. У нашым жа нумары 1212 знаходзіцца і рэдакцыя агітплаката. Кожны дзень у нас тлумна і шумна: паэты, мастакі, партызаны, госці... Толькі калі ўсе разыдуцца, бяруся за сваю паэму.

22.VІ

Прыехаў Я. Купала. Адразу трапіў у круг розных падхалімаў і нахлебнікаў. Шкада, што няма з ім Уладзіславы Францаўны, якая ўмела адшыць самых настырных.

28.VІ

У дзесяць гадзін вечара пазваніў А. Астрэйка: забіўся Янка Купала.

Як гэта магло здарыцца? Раніцой я быў у яго. На канапе, скінуўшы боты, ляжаў П. Броўка. А перад гэтым, здаецца, былі А. Твардоўскі і М. Святлоў. На стале была нейкая закусь і стаяла недапітая бутэлька шампанскага.

– Вось ты, Максімка, не п’еш і мне забаранілі дактары, да якіх прыехаў на абследаванне. Але гэтага мы з табой пакаштуем.

Наліў мне палову бакала, а сабе – яшчэ менш і тое разбавіў вадой. Выпілі мы, і я з ім развітаўся. Настрой у яго быў добры. Рыхтаваўся да сустрэчы свайго 60-годдзя, якое збіраўся адзначыць у Маскве ў кругу сваіх сяброў.

Забіўся Янка Купала...

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже