«Цяпер ён можа дыхаць свабодней. Але што ж тут адбылося? На яго накінулі ласо, калі ён сядзеў на кані, і сцягнулі на зямлю? Гэта найболей верагодна. Але хто гэта зрабіў? Я чула тут жаночы голас – я не магла памыліцца… Але вось мужчынскі капялюш і серапе, якія належалі не яму. Можа, тут быў іншы мужчына, які паехаў з жанчынай? Але адсюль паскакаў толькі адзін конь… А, ён ачуваецца! Слава Богу! Я зараз пра ўсё дазнаюся».
– Вам лепш, сэр?
– Сеньярыта, хто вы? – спытаў дон Мігуэль Дыяс, падымаючы галаву і занепакоена азіраючыся навокал. – Дзе яна?
– Пра каго вы гаворыце? Я нікога тут не бачыла, акрамя вас.
– Карамба! Як дзіўна! Хіба вы не сустрэлі жанчыну вярхом на сівым кані?
– Я чула жаночы голас, калі пад’язджала сюды.
– Дакладней сказаць – д’ябальскі голас, таму што Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас – сапраўдны д’ябал!
– Хіба гэта зрабіла яна?
– Каб яе чэрці ўзялі! Так!.. Дзе ж яна? Скажыце мне, сеньярыта.
– Я не ведаю. Мяркуючы па тупату яе каня, яна спусцілася па схіле ўзгорка. Напэўна, гэта так, таму што я пад’ехала з другога боку.
– А!.. Уніз па схіле ўзгорка – значыць, яна паехала дамоў… Вы былі вельмі велікадушны, сеньярыта, вызваліўшы мяне ад гэтай пятлі,– не сумняваюся, што гэта зрабілі вы. Можа, вы не адмовіцеся і дапамагчы мне сесці на каня? Я спадзяюся, што змагу ўтрымацца ў сядле. Тут, ва ўсякім выпадку, мне нельга больш заставацца. Mae ворагі недалёка… Ідзі сюды, Карліта! – сказаў ён каню і неяк асабліва прысвіснуў.– Падыдзі бліжэй, не бойся гэтай цудоўнай сеньярыты. He яна ўчыніла з намі такі злы жарт. Ну, ідзі сюды, мой конь, не бойся!
Конь, пачуўшы свіст, падбег да гаспадара, які ўжо падняўся на ногі, і дазволіў яму ўзяць сябе за аброць.
– Калі вы мне дапаможаце, добрая сеньярыта, я, бадай, змагу сесці ў сядло. Як толькі я буду на кані, мне няма чаго баяцца праследавання.
– Вы думаеце, што вас будуць праследаваць?
– Хто ведае? Як я вам ужо сказаў, у мяне ёсць ворагі. Зрэшты, гэта пустое… Я адчуваю яшчэ вялікую слабасць. Вы не адмовіцеся дапамагчы мне?
– Я ахвотна акажу вам любую дапамогу, якая толькі па маіх сілах.
– Вельмі вам удзячны, сеньярыта!
З вялікай цяжкасцю ўдалося маладой крэолцы падсадзіць мексіканца ў сядло. Ён пахіснуўся, але ўтрымаўся ў ім.
Падабраўшы павады, ён сказаў:
– Бывайце, сеньярыта! Я не ведаю, хто вы. Бачу толькі, што вы не мексіканка. Амерыканка, я думаю… Але гэта ўсё роўна. Вы такая ж добрая, як і прыгожая. I як толькі калі-небудзь выдасца нагода, Мігуэль Дыяс адплаціць вам за гэту паслугу.
Сказаўшы гэта, Эль-Каёт крануў павады; ён насілу ўтрымліваў раўнавагу і па гэтаму ехаў шагам.
Нягледзячы на гэта, ён хутка прапаў з вачэй – дрэвы засланілі яго, як толькі ён перасек паляну.
Ён паехаў не па адной з трох дарог, а па вузкай, ледзь прыметнай. сцежцы.
Маладой крэолцы ўсё гэта здалося сном, і хутчэй дзіўным, чым непрыемным.
Але гэта ілюзія хутка рассеялася, калі яна падняла і прачытала згубленае Дыясам пісьмо, якое валялася на зямлі. Пісьмо было адрасавана «дону Марысіо Джэральду» і падпісана «Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас».
Луіза ўзлезла ў сядло амаль з такой жа цяжкасцю, як і мексіканец, які толькі што паехаў.
Пераязджаючы Ляону на зваротным шляху ў Каса-дэль-Корва, яна спыніла каня пасярэдзіне ракі і ў нейкім здранцвенні доўга глядзела на плынь, што пенілася ля яе ног. На яе твары быў выраз глыбокага адчаю. Каб гэты адчай быў хоць крыху глыбей – воды Ляоны самкнуліся б над яе галавой.
Ліловыя цені тэхаскага змяркання ўжо спускаліся на зямлю, калі раненаму, які прарабіў пакутлівы шлях скрозь калючыя зараснікі, нарэшце ўдалося дабрацца да ручая.
Ён наталіў смагу і выцягнуўся на траве, забыўшы пра сваю трывогу.
Нага балела, але не вельмі моцна. Пра будучыню ён зараз не думаў – занадта стаміўся.
Яму хацелася толькі аднаго – адпачыць; і халаднаваты вецярок, што пагойдваў перыстае лісце акацый, закалыхваў яго.
Грыфы паляцелі на начлег у зараснікі; пазбаўлены хоць на нейкі час ад іх злавеснай прысутнасці, ён хутка заснуў.
Але спаў ён нядоўга. Зноў разбалеліся раны і разбудзілі яго. Іменна боль, а не брэх каётаў, не даваў яму спаць да ранку.
Ён не баяўся каётаў, якія шнарылі кругом; яны, як шакалы, нападаюць толькі на мёртвых або на паміраючых, а ён ведаў, што рана яго не смяротная.
Ноч цягнулася невыносна доўга; пакутніку здавалася, што дзень ніколі не настане.
Ранак прыйшоў нарэшце, але і ён не прынёс радасці – разам з ім зноў з’явіліся чорныя птушкі, a каёты не пайшлі. Над ім у яркім святле новага дня зноў луналі грыфы, а вакол яго паўсюдна чулася агіднае завыванне каётаў.Ён падпоўз да ручая і зноў напіўся.
Цяпер ён адчуў голад і агледзеўся ў пошуках ежы.
Непадалёк расло арэхавае дрэва. На яго галінах футах у шасці над зямлёй віселі арэхі.
Раненаму ўдалося дапаўзці да дрэва, хаця гэта прычыняла яму нясцерпныя пакуты.
Мыліцай ён збіў некалькі арэхаў і крыху наталіў голад.
Што ж рабіць далей?
Пайсці адсюль было немагчыма. Самы малы рух прычыняў яму невыносны боль, нагадваючы аб тым, што ён зусім не здольны перамяшчацца.