Коннік не звярнуў увагі на распрасцёртае цела, толькі конь фыркнуў, убачыўшы яго, і спалохана скасавурыўся на трупы каётаў.

Конь быў не вельмі вялікі, але цудоўна складзены. Пра конніка сказаць гэтага было нельга – у яго не было галавы.

Зрэшты, галава была, але не на сваім месцы. Яна знаходзілася ля пярэдняй лукі сядла, і здавалася, што коннік трымае яе ў руцэ.

Жахлівае відовішча!

Калі коннік без галавы праязджаў паляну, сабака з брэхам правёў яго да ўскрайку зараснікаў – ён даўно бегаў за ім па пятах, блукаючы там, дзе блукаў ён.

Але цяпер, адмовіўшыся ад гэтай марнай дружбы, ён вярнуўся да раненага і ўлёгся побач з ім.

Якраз у гэту хвіліну свядомасць вярнулася да юнака, і ён успомніў усё, што было раней.

Прылашчыўшы сабаку, ён прыкрыў плашчом галаву, каб абараніцца ад пякучага сонца, і заснуў.

Сабака ляжаў каля ног раненага і таксама драмаў; але ён часта прачынаўся, паднімаў галаву і злосна рыкаў, калі грыфы шамацелі крыламі занадта блізка над яго галавой.

Малады чалавек трызніў. З яго губ зрываліся нейкія дзіўныя словы: то любоўныя клятвы, то бязладная гаворка пра нейкае забойства.

<p>51. Двойчы п’яны</p>

Вернемся зноў у самотную хаціну на Аламо, гэтак раптоўна пакінутую карцёжнікамі, якія ўладкаваліся пад яе дахам у адсутнасць гаспадара.

Набліжаўся поўдзень наступнага дня, а гаспадар усё яшчэ не вяртаўся. Былы грум Балібалаха па-ранейшаму быў адзіным гаспадаром хаціны. Па-ранейшаму ён ляжаў п’яны, выцягнуўшыся на падлозе. Праўда, з той пары як мы яго бачылі ў апошні раз, ён ужо паспеў працверазіцца, але цяпер быў зноў п’яны пасля новага звароту да бога віна.

Каб вытлумачыць усё, трэба расказаць, што адбылося далей у тую ноч, калі гульцы ў монтэ так нечакана збеглі з хаціны.

Выгляд трох чырванаскурых дзікуноў, якія сядзелі за сталом і былі захоплены гульнёй у карты, працверазіў Фяліма больш, чым сон.

Нягледзячы на яўны камізм гэтай сцэны, Фялім не заўважыў у ёй нічога смешнага і прывітаў няпрошаных гасцей страшэнным лямантам.

Але ў тым, што за гэтым адбылося, не было ўжо нічога смешнага. Зрэшты, што іменна адбылося, ён ясна сабе не ўяўляў. Ён памятаў толькі, што трое размаляваных воінаў раптоўна спынілі гульню, шпурнулі карты на падлогу і, нахіліўшыся над ім, пачалі размахваць нажамі. Потым да іх раптам далучыўся чацвёрты, і ўсе яны, штурхаючы адзін аднаго, выбеглі з хаціны.

Усё гэта адбылося на працягу якіх-небудзь дваццаці секунд. I, калі ён апамятаўся, у хакале ўжо нікога не было.

Спаў ён ці не? Сп’яна ён бачыў усё гэта ці ў сне? Адбылося гэта на самай справе ці было новай загадкавай з’явай, накшталт той, якая да гэтай пары стаяла перад яго вачамі?

He, гэта яе магло яму прымроіцца. Ён бачыў дзікуноў занадта блізка, каб сумнявацца ў іх рэальнасці, чуў, як яны размаўлялі на незразумелай мове. Акрамя таго, на падлозе валяліся. карты.

Фялім і не падумаў падняць хаця б адну з іх, каб даведацца, ці сапраўдныя яны. Ён быў для гэтага дастаткова цвярозы, але ў яго не хапала мужнасці. Хіба мог ён быць упэўнены, што гэтыя карты не апякуць яму пальцы? Хто ведае – яны ж маглі належаць самому д’яблу.

Нягледзячы на блытаніну ў думках, Фялім усё ж уцяміў, што заставацца ў хаціне небяспечна. Размаляваныя карцёжнікі могуць вярнуцца, каб працягваць гульню. Яны пакінулі тут не толькі свае карты, але і ўсю маёмасць мустангера. Праўда, штосьці прымусіла іх раптоўна знікнуць, але яны могуць гэтак жа раптоўна і вярнуцца.

Пры гэтай думцы ірландзец вырашыў дзейнічаць. Патушыўшы свечку, каб яго ніхто не заўважыў, ён, крадучыся, выбраўся з хаціны.

Праз дзверы ён выйсці не асмеліўся. Месяц ярка асвятляў лужок перад домам. Дзікуны маглі быць дзе-небудзь паблізу…

Ён выбраўся праз заднюю сцяну, сарваўшы адну з конскіх шкур і праціснуўшыся паміж жэрдкамі.

Апынуўшыся звонку, Фялім праслізнуў у цень дрэў.

Ён не паспеў яшчэ далёка адысці, як заўважыў наперадзе штосьці цёмнае і пачуў, як некалькі коней грызуць цуглі і б’юць капытамі. Фялім спыніўся і схаваўся за ствол кіпарыса.

Хутка ірландзец пераканаўся, што гэта сапраўды коні. Яму здалося, што іх было чатыры. Яны, безумоўна, належалі тым чатыром воінам, якія ператварылі хаціну мустангера ў ігральны дом. Відаць, коні былі прывязаны да дрэва, але ж гаспадары маглі быць побач…

З гэтай думкай Фялім ужо хацеў павярнуць назад. Але раптам ён пачуў галасы, што даносіліся з процілеглага боку, – галасы некалькіх чалавек, якія гаварылі ўладным і пагражальным тонам.

Потым пачуліся крыкі жаху і брэх сабакі. Затым наступіла цішыня, якая парушалася толькі трэскам зламаных галін, нібы некалькі чалавек у панічным страху беглі скрозь кусты.

Фялім працягваў прыслухоўвацца; шум станавіўся ўсё гучней – тыя, хто бег, набліжаліся да кіпарыса.

Кіпарыс быў акружаны маладымі парасткамі, у чорным цені якіх і схаваўся Фялім.

Ледзь паспеў слуга ўкрыцца, як з’явіліся чатыры незнаёмцы і, не спыняючыся, кінуліся да коней.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже