Прабягаючы міма, яны абмяняліся некалькімі словамі, якіх ірландзец не зразумеў; але ў тоне іх гучаў жах. Ліхаманкавая паспешнасць гэтых людзей пацвердзіла яго меркаванні. Відаць, яны беглі ад нейкага ворага, які напалохаў іх да смерці.

Побач з кіпарысам была невялікая паляна, ярка асветленая месяцам. Чацвёра ўцекачоў павінны былі перасячы гэту паляну, каб дабрацца да сваіх коней. I калі яны трапілі ў паласу месячнага святла, Фялім выразна ўбачыў іх аголеныя чырвоныя спіны.

Ён пазваў у іх індзейцаў, якія так бесцырымонна размясціліся ў хаціне мустангера.

Фялім заставаўся ў сваім сховішчы да той пары, пакуль па чутнаму тупату не вызначыў, што коннікі падняліся па крутым адхоне на раўніну і галопам памчаліся прэч, яўна не збіраючыся вяртацца.

Тады ён выйшаў са свайго сховішча і, пляснуўшы рукамі, усклікнуў:

– Святы Патрык! Што ж гэта азначае? Што гэтым чарцям тут спатрэбілася? I хто гоніцца за імі? Ясна, што нехта іх здорава напалохаў. Ці не той самы? Клянуся, што гэта ён! Я чуў, як гыркаў сабака, а ён жа пабег за ім. О Божа, што ж гэта такое? А раптам ён, у пагоні за імі, прыскача сюды?

Боязь сустрэцца з загадкавым коннікам прымусіла Фяліада зноў схавацца пад дрэвам. У трывожным чаканні ён прастаяў яшчэ некаторы час.

– Урэшце рэшт, гэта, напэўна, усяго толькі жарт майстра Морыса. Ён вяртаўся дамоў, і яму захацелася напужаць мяне. Добра, што ён падаспеў якраз у час і напалохаў чырванаскурых – яны ж збіраліся абрабаваць і забіць нас. Дай Божа, каб гэта быў ён! Толькі ж я яго ўжо даўно не бачыў… Колькі ж часу прайшло? Помню, што выпіў я даволі шмат, а цяпер хоць бы ў адным воку… Ага, ці не знайшлі яны маю бутлю, гэтыя індзейцы? Я чуў, што яны любяць гэта зелле не менш за нас, белых. Ах, калі яны адшукалі бутлю, то там, напэўна, ні кроплі не засталося! Трэба вярнуцца і праверыць. Іх цяпер няма чаго баяцца. Яны так панесліся, што іх і след ужо прастыў.

Зноў выбраўшыся са свайго сховішча, Фялім накіраваўся да хакале.

Ён прабіраўся з апаскай і некалькі разоў спыняўся, каб праверыць, ці няма каго-небудзь паблізу.

Супакойваючы сябе наколькі хапала фантазіі, Фялім усё ж па-ранейшаму баяўся новай сустрэчы з коннікам без галавы, які двойчы з’яўляўся каля хаціны і цяпер мог быць ужо ўнутры.

Калі б не надзея знайсці «кропельку» ў бутлі, ён, бадай, не адважыўся б вярнуцца дамоў. Аднак жаданне выпіць было мацней за страх, і Фялім, хаця і нерашуча, увайшоў у цёмную хаціну.

Святла ён не запаліў – у гэтым не было патрэбы: ён добра ведаў хаціну, і асабліва тое месца, дзе звычайна стаяла бутля.

Але ў запаветным кутку бутлі не аказалася.

– Чорт бы іх узяў! – усклікнуў ён з прыкрасцю. – Здаецца, што яны да яе дабраліся! A то чаму яе няма на месцы? Я пакінуў яе там. Выдатна помню, што пакінуў яе там… Ах, вось ты дзе, мая неацэнная! – працягваў ён, намацаўшы нарэшце лазовую пляцёнку. – Дык жа яны асушылі яе, казлы гэткія! Каб на тым свеце чэрці прыпяклі гэтых чырванаскурых зладзеяў! Украсці віно ў спячага! Ах ты, Божа! Што ж мне цяпер рабіць? Зноў спаць класціся? Ды хіба заснеш без выпіўкі з думкамі пра іх і пра таго, другога? Але ж ні кроплі не засталося… Стой! Святая Дзева, святы Патрык і ўсе астатнія! Што гэта я гавару? А поўная біклага! Я ж яе ў куфэрак схаваў. Напоўніў да самага рыльца, каб даць майстру Морысу ў дарогу, калі ён у апошні раз збіраўся ў пасёлак. А ён забыў яе прыхапіць з сабой. Памілуй Бог, калі толькі індзейцы дабраліся сваімі бруднымі лапамі да яе, я звар’яцею!.. Гіп-гіп, ура! – закрычаў Фялім пасля таго, як некаторы час пакорпаўся ў куфэрку. – Ура! Вось дык шчасце! Чырванаскурым няўцям было сюды зазірнуць. Біклага поўная – ніхто не датыкнуўся да яе! Гіп-гіп, ура!

Пасля гэтага радаснага адкрыцця ірландзец пусціўся скакаць па цёмнай хаціне.

Затым настала цішыня, потым скрыпнуў адкручваемы корак, і гучнае бульканне апавясціла, што вадкасць хутка пераліваецца з вузкага рыльца біклагі ў горла ірландца.

Праз некаторы час гэты гук змяніўся цмоканнем і воклічамі задавальнення.

Бульканне змянялася цмоканнем, а цмоканне – бульканнем да таго часу, пакуль не пачуўся стук пустой біклагі, якая ўпала на падлогу.

Пасля гэтага п’яныя воклічы некаторы час чаргаваліся са спевам, дзікім рагатаннем і бязладнымі развагамі аб чырванаскурых і безгаловых конніках, паўтараючыся ўсё цішэй і цішэй, пакуль, нарэшце, п’янае мармытанне не перайшло ў гучны храп.

<p>52. Абуджэнне</p>

Другі соя Фяліма цягнуўся даўжэй за першы. Ужо набліжаўся поўдзень, калі ён нарэшце прачнуўся, і то ад вядра халоднай вады, вылітай яму прама на галаву. Гэта працверазіла яго не горш, чым від чырванаскурых дзікуноў.

Душ яму ўстроіў Зеб Стумп.

Выехаўшы з варот Каса-дель-Корва, стары паляўнічы накіраваўся самай кароткай дарогай ці, дакладней, сцежкай да ракі Нуэсес.

He губляючы часу на вывучэнне слядоў, ён перасёк прэрыю і выехаў да вядомай чытачу прасекі.

Супастаўляючы словы Луізы Пойндэкстэр з тым, што ён сам ведаў аб людзях, якія адправіліся на пошукі, стары паляўнічы зразумеў, што Морысу пагражае небяспека.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже