– Чорт вазьмі, але чаму ж вы падавалі мне падманныя надзеі? Памятаеце дзень кляймення жывёл, калі я ўтаймаваў самага шалёнага быка і ўціхамірыў самага дзікага каня вашага бацькі? Hі адзін жа вакера не асмеліўся падысці да іх. У гэты дзень вы ўсміхнуліся мне і паглядзелі на мяне з любоўю. He пярэчце гэтаму, донна Ісідора! Я дастаткова добра ведаю людзей і лёгка мог адгадаць па вашым твары, што вы думалі і што адчувалі. Але зараз вы перамяніліся. Чаму ж? Таму, што я быў пакораны вашымі чарамі, ці, дакладней, таму, што меў глупства прызвацца ў гэтым. I вы, як гэта звычайна бывае ў жанчын, страцілі цікавасць да пераможанага. Гэта ж так, сеньярыта, не пярэчце!

– He, гэта яе так, дон Мігуэль Дыяс. Я ніколі ні словам, ні позіркам не прызнавалася вам у каханні. Вы былі для мяне проста ўмелым наезнікам і высакародным кабальера. Ва ўсякім выпадку, так мне тады здавалася. Але кім вы сталі цяпер? Вы ведаеце, што пра вас гавораць тут і на Рыо-Грандэ?

– Я не лічу патрэбным адказваць на паклёп – і калі ідзе ён ад здраднікаў-сяброў, і калі ад хлуслівых ворагаў. Я тут для таго, каб атрымаць тлумачэнні, а не даваць іх.

– Ад каго?

– Ад вас, чароўная донна Ісідора.

– Вы занадта самаўпэўнены, дон Мігуэль Дыяс. He забывайце, сеньёр, з кім вы размаўляеце! Успомніце, што я дачка…

– …аднаго з самых гордых асьендада ў Тамауліпас і пляменніца не менш гордага плантатара ў Тэхасе. Я пра ўсё гэта падумаў. Узгадаў таксама, што калісьці і я валодаў асьендай, а зараз я – усяго толькі паляўнічы на коней. Карамба! Гэта не бяда! Вы не з тых жанчын, якія могуць пагарджаць чалавекам толькі з-за таго, што ён не багаты. Бедны мустангер, напэўна, можа гэтак жа разлічваць на вашу прыхільнасць, як і ўладальнік сотняў табуноў. I ў мяне ёсць доказ вашай велікадушнасці.

– Які доказ? – хутка спытала дзяўчына, у першы раз праявіўшы занепакоенасць. – Дзе гэты доказ велікадушнасці, які вы так ласкава мне прыпісваеце?

– У гэтым чароўным пісьме. Вось яно, у мяне ў руках, падпісанае доннай Ісідорай Каварубіо дэ Лос-Льянас. Пісьмо, адрасаванае такому ж беднаму мустангеру, як і я. Наўрад ці неабходна даваць яго вам у рукі. Вы ж можаце пазнаць яго і на адлегласці?

Яна пазнала пісьмо. Гнеўны позірк, кінуты на Дыяса, паказаў гэта.

– Як яно трапіла да вас? – спытала Ісідора, не спрабуючы ўтаіць сваё абурэнне.

– Гэта няважна. Яно ў мяне, а я даўно гэтага дамагаўся. He для таго, каб даведацца, што вы перасталі цікавіцца мною, – для мяне гэта было ясна і так, – але каб мець доказ, што вы захапляецеся другім. Яно гаворыць аб тым, што вы кахаеце яго, ясней не скажаш. Вы марыце паглядзець у яго прыгожыя вочы. Дык жа ведайце, што вы ніколі не ўбачыце іх!

– Што гэта значыць, дон Мігуэль Дыяс?

Голас яе задрыжаў, нібы яна баялася пачуць адказ.

I не дзіўна: выраз твару Эль-Каёта ўсяляў страх.

Заўважыўшы яе спалох, ён сказаў:

– Ваша апаска зусім справядлівая. Калі я страціў вас, донна Ісідора, то нікому іншаму вы таксама не будзеце належаць – так я вырашыў.

– He разумею…

– Я ўжо сказаў: ніхто іншы не назаве вас сваёй, і ўжо, канешне, не Морыс-мустангер.

– Вось як!

– Так! Іменна так. Абяцайце мне, што вы ніколі больш не сустрэнецеся з ім, або вы не сыдзеце з гэтага месца!

– Вы жартуеце, дон Мігуэль!

– He, я гавару зусім сур’ёзна, донна Ісідора.

Шчырасць гэтых слоў не падлягала сумненню.

Нягледзячы на баязлівасць мексіканца, погляд яго выражаў халодную і жорсткую рашучасць, а рука ўжо ўзялася за рукаятку мачэтэ.

Нават адважнай Ісідоры стала не па сабе. Яна бачыла, што ёй пагражае небяспека, пазбегнуць якой нялёгка. З самага пачатку гэта сустрэча яе ўстрывожыла, але яна спадзявалася, што з’яўленне Морыса перарве непрыемную размову і дасць ёй іншы накірунак.

Маладая мексіканка прагна прыслухоўвалася, ці не пачуецца тупат каня, і час ад часу кідала позірк на зараснікі ў той бок, адкуль яна чакала гэтага гуку.

Цяпер гэта надзея прапала. Раз пісьмо аказалася ў руках мексіканца, значыць, яно не трапіла да таго, каму было адрасавана. Чакаць дапамогі было дарэмна, і яна падумала аб уцёках. Але гэта было звязана з цяжкасцямі і небяспекай. Яна магла б павярнуць каня і паскакаць, але пры гэтым рызыкавала атрымаць кулю ў спіну, бо рукаятка рэвальвера была не далей ад рукі Эль-Каёта, чым рукаятка мачэтэ.

Ісідора цалкам ацаніла ўсю небяспечнасць становішча. Любая іншая жанчына на яе месцы разгубілася б, але Ісідора Каварубіо нават і выгляду не паказала, што пагроза зрабіла на яе хоць якое-небудзь уражанне.

– Глупства, – усклікнула яна з добра разыграным недаверам. – Вы жартуеце, сеньёр. Вы хочаце напалохаць мяне. Ха-ха-ха! Але навошта мне баяцца вас? Я езджу на кані не горш за вас. I ласо я кідаю гэтак жа лёгка і гэтак жа далёка, як і вы. Паглядзіце, як спрытна я ўмею з ім абыходзіцца!

З усмешкай вымаўляючы гэтыя словы, дзяўчына зняла ласо з сядзельнай лукі і пачала раскручваць яго над галавой, як бы дэманструючы сваё майстэрства.

Дыяс не здагадваўся, што ў яе былі зусім іншыя намеры. Ён быў азадачаны паводзінамі Ісідоры і моўчкі глядзеў на яе.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже