Ён да гэтага часу не ведаў, што здарылася з яго нагой, – яна так распухла, што нічога нельга было прамацаць. Усё ж яму здавалася, што раструшчана або вывіхнута калена. I ў тым і ў другім выпадку пройдзе шмат дзён, перш чым ён зможа валодаць нагой. А што рабіць да той пары?

Небарака амаль не спадзяваўся на дапамогу. Ён жа крычаў да хрыпаты, але ніхто не пачуў; і, нягледзячы на гэта, час ад часу зноў гучаў яго глухі крык – гэта былі слабыя пробліскі надзеі, якая змагалася з адчаем.

Ён быў вымушаны заставацца на месцы. Прыйшоўшы да такой высновы, юнак выцягнуўся на траве, вырашыўшы цярпець, пакуль хопіць сіл.

Яму спатрэбілася ўся сіла волі, каб знесці гэтыя пакуты, і ўсё-такі з яго губ часам зрываліся стогны.

Зусім змучаны болем, ён ужо не заўважаў, што робіцца навокал. Чорныя птушкі па-ранейшаму кружылі над ім; але ён ужо прывык да гэтага і не звяртаў на іх увагі нават тады, калі свіст іх крылаў чуўся над самай яго галавой.

Але што гэта? Нейкія новыя гукі?

Пачуўся тупат маленькіх ног па пясчаным беразе ручайка, ён суправаджаўся перарывістым дыханнем.

Ранены азірнуўся, каб даведацца, у чым справа.

«А, гэта толькі каёты», – падумаў ён, убачыўшы дзясяткі два гэтых жывёл, якія шнарылі ўзад і ўперад па беразе.

Да гэтага часу юнак не зведваў страху перад гэтымі баязлівымі жывёламі – ён ставіўся да іх з пагардай. Але ён устрывожыўся, заўважыўшы іх лютыя позіркі і пагрозлівыя паводзіны. Сумнявацца не даводзілася – яны рыхтаваліся да нападу. Ён успомніў, як яму расказвалі, што гэтыя жывёлы, звычайна баязлівыя і бясшкодныя, накідваюцца на чалавека, калі ён слабы і не можа абараняцца, асабліва калі іх узбуджае пах крыві.

А ён быў увесь зранены калючкамі кактусаў. Яго адзенне прамокла ад крыві. У душным паветры распаўсюджваўся цяжкі пах, і каёты не маглі не ўчуць яго. Напэўна, гэты пах дражніў драпежнікаў, даводзячы іх да шаленства.

Як бы то ні было, юнак не сумняваўся, што яны збіраюцца на яго напасці.

У яго не было іншай зброі, акрамя паляўнічага нажа, якога ён, на шчасце, не згубіў. Яго стрэльба і рэвальвер былі прывязаны да сядла, і конь паскакаў разам з імі.

Ранены выцягнуў нож і, абапіраючыся на правае калена, падрыхтаваўся абараняцца.

Хвіліна прамаруджвання – і было б ужо позна. Падбадзёраныя беспакаранасцю, асмялелыя ад паху крыві, які ўзмацняўся па меры іх набліжэння, падагнаныя прыроджанай лютасцю, каёты нарэшце кінуліся на параненага чалавека.

Шасцёра ваўкоў адначасова ўпіліся зубамі ў яго рукі, ногі і цела.

Ірвануўшыся, ён строс іх і нанёс некалькі ўдараў нажом. Адзін ці два былі паранены і з віскам адскочылі. Але на яго ўжо накінуліся другія…

Барацьба стала адчайнай, смяртэльнай. Некалькі драпежнікаў былі забіты, але астатнія працягвалі атаку, здавалася, з яшчэ большай лютасцю.

Пачалася звалка. Каёты лезлі адзін на аднаго, каб учапіцца ў ахвяру. Нож падымаўся і апускаўся, але рукі чалавека слабелі, і ўдары ўсё радзей дасягалі мэты.

Ён страчваў апошнія сілы. Смерць глядзела яму ў вочы…

I ў гэту пагібельную хвіліну юнак ускрыкнуў. Як ні дзіўна, але то не быў крык адчаю – гэта быў крык радасці. I яшчэ больш дзіўна, што, пачуўшы яго, каёты адступілі.

Бойка спынілася. На кароткі час усталявалася цішыня. Але не вокліч чалавека быў прычынай гэтай перамены, а тое, што яго выклікала.

Пачуўся тупат каня, за якім данёсся гучны сабачы брэх.

Ранены працягваў крычаць, клікаць на дапамогу. Конь, здавалася, быў зусім блізка. Наўрад ці коннік мог не пачуць яго.

Але адказу не было. Коннік праехаў міма.

Тупат капытоў станавіўся ўсё цішэйшым… Адчай зноў авалодаў юнаком.

А драпежнікі, набраўшыся храбрасці» яшчэ раз рынуліся ў атаку.

Зноў разгарэлася жорсткая барацьба. Няшчасны страціў апошнюю надзею і працягваў абараняцца толькі з адчаю.

I раптам каёты адпусцілі ахвяру: на сцэне з’явілася новая дзеючая асоба, і ранены ажыў духам.

Коннік не адазваўся на яго кліч, але сабака прыйшоў на дапамогу. Вялізны сабака з гучным брэхам імкліва выскачыў з-за кустоў.

– Друг! Якое шчасце! Друг!

Сабака, выбраўшыся з гушчару, перастаў брахаць і з адкрытай пашчай кінуўся на каётаў, якія ўжо адступалі ў спалоху.

Вось адзін ужо ў яго зубах. Ён трасе яго, нібы пацука, і праз секунду той ужо курчыцца на зямлі з пераламанай спінай.

Другога спасцігае той жа лёс. Трэцяй ахвяры не было: напалоханыя каёты, падкурчыўшы хвасты, з віскам пабеглі. Усе яны зніклі ў густых зарасніках.

Юнак больш нічога не бачыў – сілы пакінулі яго. Ён толькі працягнуў руку, з усмешкай абняў свайго выратавальніка і, штосьці пяшчотна прашаптаўшы, упаў у забыццё.

* * *

Аднак ён хутка ачуўся.

Прыпадняўшыся на локці і азірнуўшыся, ён убачыў страшэнную крывавую карціну. Але калі б ён не траціў прытомнасці, то быў бы сведкам яшчэ больш жудаснага відовішча.

У час яго непрытомнасці цераз паляну праехаў коннік. Гэта яго конь тупатам сваіх капытоў спудзіў каётаў, гэта ён не пачуў яго малення аб дапамозе. Коннік прыскакаў занадта позва і не для таго, каб дапамагчы. Відаць, ён проста хацеў напаіць каня.

Конь увайшоў у ручай, напіўся, выйшаў на процілеглы бераг, прабег па паляне і знік у зарасніках.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже