Толькі калі мексіканец адчуў, што пятля ласо зацягваецца вакол яго локцяў, ён зразумеў усё, але абараняцца было ўжо позна. У наступнае імгненне рукі яго былі шчыльна прыціснуты да бакоў, і ён ужо не мог дастаць ні мачэтэ, ні рэвальвера.
Ён хацеў быў вызваліцца ад пятлі, але, перш чым паспеў ухапіцца за ласо, моцным штуршком быў скінуты з сядла і беспрытомна выцягнуўся на зямлі.
– Ну, дон Мігуэль Дыяс, – усклікнула Ісідора, павярнуўшы каня, – не пагражайце мне болей! I не спрабуйце вызваліцца! Паварушыце толькі пальцам – і я паскачу ўперад! Каварны ліхадзей! Нягледзячы на тваю баязлівасць, ты хацеў забіць мяне, я прачытала гэта ў тваіх вачах. Але нашы ролі перамяніліся, і цяпер…
He чуючы адказу, яна замаўчала, усё яшчэ туга нацягваючы ласо і не спускаючы вачэй з ляжачага чалавека.
Эль-Каёт нерухома ляжаў на зямлі. Падзенне з каня аглушыла яго – ён не толькі не мог гаварыць, але і нічога яе ўсведамляў. Ён здаваўся мёртвым.
– Святая Дзева! Няўжо я забіла яго! – усклікнула Ісідора, асадзіўшы свайго каня, але ўсё яшчэ яе паварочваючы яго і гатовая ў любы момант пусціцца наўскач. – Я не хацела гэтага, хаця мела на гэта поўнае права – ён жа збіраўся забіць мяне… Памёр ён або прыкідваецца, каб я падышла да яго? Хай гэта вырашаюць іншыя. Я магу цяпер смела ехаць дамоў – ён мяне не дагоніць. Слугі з асьенды паспеюць развязаць яго. Усяго добрага, дон Мігуэль Дыяс!
З гэтымі словамі Ісідора выцягнула з-за карсажа кінжал, перарэзала вяроўку каля самай сядзельнай лукі і, відаць не адчуваючы папрокаў сумлення, паскакала дамоў, так і не вызваліўшы ляжачага на зямлі Дыяса ад ласо.
Устрывожаны арол з крыкам узлятае ў неба. Напалоханы гнеўнымі галасамі, ён пакінуў сук на старой таполі і ляціць на разведку.
Адзін узмах магутных крылаў – і ён ужо лунае высока ў небе, зорка аглядаючы паляну і зараснікі, якія яе акружаюць. На паляне ён бачыць распрасцёртага на зямлі і, відавочна, мёртвага чалавека; побач бегае конь і гучна ржэ. У зарасніках ён бачыць дзвюх наезніц. Адна з непакрытай галавой, валасы на якой развяваюцца ветрам, седзячы ў сядле па-мужчынску, галопам скача ад паляны. Другая на плямістым кані сядзіць бокам у дамскім сядле і накіроўваецца да паляны: на ёй амазонка і капялюш; едзе яна больш павольным алюрам, але выгляд у яе таксама ўсхваляваны.
Вось што бачыць арол са сваёй вышыні.
Абедзве наезніцы нам знаёмыя. Тая, што скача ад паляны, – Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас, а тая, што накіроўваецца да яе, – Луіза Пойндэкстэр.
Ужо вядома, чаму першая з іх пакінула паляну. Застаецца растлумачыць, чаму другая едзе туды.
Пасля размовы з Зебам Стумпам маладая крэолка вярнулася да сябе ў пакой і, стаўшы на калені перад статуяй мадонны, пачала маліцца. Як усе крэолы, яна была каталічкай і цвёрда верыла ў заступніцтва святых. Дзіўнай і журботнай была яе малітва: яна прасіла Святую Дзеву абараніць чалавека, якога лічылі забойцам яе брата.
Яна ні хвіліны не сумнявалася, што ён не вінаваты ў гэтым жахлівым злачынстве. Гэта было неверагодна. Калі б у яе ўзніклі хаця б самыя малыя падазрэнні, яе сэрца не вытрымала б такога выпрабавання.
Яна не прасіла Мадонну злітавацца над ім. Яна прасіла нябёсы абараніць яго ад ворагаў – ад яе сяброў.
Рыданні заглушылі шэпт малітвы. Луіза пяшчотна любіла брата і была глыбока ўзрушана яго смерцю, але гэты сум не мог заглушыць другога пачуцця, больш моцнага, чым голас крыві. Смуткуючы аб загінуўшым браце, дзяўчына малілася аб выратаванні каханага.
Калі яна паднялася з каленяў, позірк яе выпадкова ўпаў на лук, які так часта дапамагаў ёй пасылаць пяшчотныя вестачкі любімаму чалавеку.
«О, калі б я магла паслаць стралу, каб папярэдзіць яго аб небяспецы!»
Гэта думка выклікала другую: ці не засталося слядоў іх тайнай перапіскі ў тым месцы, дзе яны абменьваліся стрэламі?
Луіза ўспомніла, што ў апошні раз Морыс пераплыў раку, замест таго каб пераправіцца ў лодцы. Яго ласо, мабыць, засталося ў чоўне.
Напярэдадні, ашаломленая горам, яна не падумала пра гэта.
Ласо магло выдаць тайну іх начных спатканняў, пра якую ведалі, як яна меркавала, толькі яны самі і той, чые вусны навекі змоўклі.
Сонца паднялося ўжо даволі высока і ярка свяціла скрозь шкляныя дзверы. Луіза расчыніла іх, каб спусціцца ў сад і прайсці да лодкі. Але на верандзе яна спынілася, пачуўшы галасы, што даносіліся зверху.
Размаўлялі двое: яе пакаёўка Фларында і чарнаскуры фурман, які ў адсутнасць гаспадара наважыўся падыхаць свежым паветрам на асатэі.
Унізе можна было выразна чуць кожнае слова, але Луізу мала цікавіла іх размова. Толькі калі да яе слыху данеслася знаёмае імя, яна пачала прыслухоўвацца.
– Яны гавораць пра гэтага Джэральда. Морыс Джэральд – яго імя. Кажуць, што ён ірландзец, але калі гэта праўда, то ён зусім не такі, як тыя ірландцы, якіх я бачыў у Новым Арлеане. Ён больш падобны на джэнтльмена-плантатара. Вось на каго ён падобны!
– Ты не думаеш, Плутон, што ён забіў масу Генры?