– Вось яшчэ што прыдумала! Ён забіў масу Генры! Можа, яшчэ скажаш, што я забіў масу Генры? Будзе такая ж няпраўда… Ой, глядзі, Фларында! Гэта ж ён – лёгкі на ўспамін. Глядзі, Фларында, глядзі вунь туды!

– Куды?

– Вунь туды, на той бераг. Бачыш, мужчына на кані? Гэта і ёсць Морыс Джэральд, той самы чалавек, якога мы сустрэлі ў чорнай прэрыі. Той самы, які падарыў міс Лу крапчастага каня. Той самы, якога зараз усе шукаюць. Яны яе там яго шукаюць. Яны не знойдуць яго ў прэрыі сёння!

– А ты гэтаму не рады, Плутон? Я ўпэўнена, што ён невінаваты. Ён такі прыгожы і храбры! Ніколі ён не мог…

Луіза не стала слухаць далей. Яна вярнулася ў дом і прайшла на асатэю. Калі яна падымалася па лесвіцы, сэрца яе білася так моцна, што яго ўдары, здавалася, заглушалі гук яе крокаў. З вялікай цяжкасцю ёй удалося ўтаіць сваё хваляванне ад слуг.

– Чаму вы так гучна размаўляеце? Што вы там убачылі? – спытала Луіза, хаваючы свае пачуцці пад напускной строгасцю.

– Міс Луіза, паглядзіце туды! Малады джэнтльмен…

– Які малады джэнтльмен?

– Той самы, якога шукаюць, той самы…

– Я нікога не бачу.

– Ён зараз за дрэвамі. Глядзіце туды, туды! Вунь чорны капялюш, аксамітавая куртка і бліскучыя сярэбраныя гузікі. Гэта ён – той самы малады джэнтльмен.

– Ты, напэўна, памыляешся, Плутон. Тут многія так адзяваюцца. Адлегласць занадта вялікая, каб пазнаць чалавека, асабліва цяпер, калі яго ўжо амаль не відаць… Усё роўна, Фларында, бяжы ўніз, прыгатуй мой капялюш і амазонку. Я хачу праехацца вярхом. А ты, Плутон, асядлай мне Луну, толькі хутчэй! Я баюся, што сонца падымецца занадта высока. Ну, жвава, жвава!

Як толькі слугі спусціліся па лесвіцы, Луіза яшчэ раз падышла да парапета; яна з цяжкасцю пераводзіла дыханне ад бурнага хвалявання. Цяпер ёй ніхто не перашкодзіць разгледзець добра, хто там, на ўзгорку, сярод зараснікаў.

Але было ўжо позна: коннік знік.

«Падабенства вялікае, і ў той жа час гэта як быццам не ён. Калі гэта Морыс Джэральд, то навошта б яму ехаць туды?»

I сэрца яе сціснулася. Яна ўспомніла, што аднойчы ўжо задавала сабе гэта пытанне.

Яна больш не стала затрымлівацца на асатэі. Праз дзесяць хвілін Луіза ўжо была на другім беразе, у зарасніках, дзе знік коннік.

Яна ехала хутка, уважліва гледзячы ўперад.

Падняўшыся на абрыў над далінай Ляоны, Луіза раптам нацягнула павады. Да яе данесліся чыёсьці галасы…

Яна прыслухалася. Хаця гукі былі ледзь чутныя, усё ж можна было распазнаць два галасы: жанчыны і мужчыны. Якога мужчыны, якой жанчыны? Яе capда зноў сціснулася.

Дзяўчына пад’ехала бліжэй. Зноў спынілася… Зноў прыслухалася…

Гаварылі па-іспанску. Гэта яе не супакоіла. З Ісідорай Каварубіо дэ Лос-Льянас Морыс Джэральд стаў бы гаварыць па-іспанску. Крэолка ведала гэту мову дастаткова добра, каб зразумець сэнс размовы. Але яна была яшчэ занадта далёка і не магла разабраць слоў. Галасы гучалі ўзбуджана, нібы тыя, хто гаварыў, былі ахоплены гневам – гэта наўрад ці было непрыемна Луізе.

Яна пад’ехала яшчэ бліжэй; яшчэ раз нацягнула павады, яшчэ раз прыслухалася. Мужчынскага голасу ўжо не было чуваць. Голас жанчыны гучаў выразна і цвёрда – здавалася, яна пагражала.

Потым наступіла цішыня, перарваная кароткім тупатам капытоў, і затым зноў цішыня; пасля прагучаў голас жанчыны – спачатку гучны, нібы пагражальны, потым прыглушаны, як быццам яна размаўляла сама з сабой, – і зноў цішыня, перарваная тупатам капытоў, нібы конь, аддаляючыся, скакаў галопам.

Вось і ўсё, ды яшчэ крык арла, які лунаў над палянай і якога спудзілі сярдзітыя галасы.

Галасы даносіліся з паляны, добра знаёмай Луізе: з гэтым месцам у яе былі звязаны дарагія ўспаміны. Дзяўчына яшчэ раз спынілася, амаль на самым узлеску. Яна баялася ехаць далей, баялася ўведаць горкую праўду…

Нарэшце яна перастала вагацца і выехала на паляну.

Там узад і ўперад бегаў асядланы конь. На зямлі ляжаў чалавек, рукі якога былі сцягнуты ласо. Побач валяліся самбрэра і серапе, якія, відаць, належалі не яму. Што ж тут магло здарыцца?

Мужчына быў апрануты ў маляўнічы мексіканскі касцюм. На кані – прыгожы чапрак мексіканскай работы.

Сэрца Луізы напоўнілася радасцю. Мёртвы гэты чалавек ці жывы, але ён безумоўна той, каго яна бачыла з асатэі, і не Морыс Джэральд.

Да апошняй хвіліны Луіза ўсім сэрцам спадзявалася, што гэта не ён, і яе спадзяванні спраўдзіліся.

Яна пад’ехала бліжэй і глянула на распрасцёртага чалавека; паглядзела на яго твар, які быў павернуты ўверх, таму што ён ляжаў на спіне. Ёй здалося, што яна недзе бачыла яго, хоць і не была ў гэтым упэўнена.

Было ясна, што ён мексіканец. He толькі адзенне, але і рысы твару выдавалі іспана-амерыканскі тып.

Яго знешнасць здалася ёй прыгожай.

Але не гэта заставіла Луізу саскочыць з каня і са спачуваннем нахіліцца над ім. Яна паспяшалася дапамагчы яму, радуючыся, што ён аказаўся не тым, каго яна баялася знайсці тут.

– Здаецца, ён жывы, – прашаптала яна. – Так, ён дыхае.

Пятля ласо душыла яго. У адно імгненне Луіза аслабіла яе; пятля паддалася лёгка.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже