Вось чаму ён спяшаўся прыехаць на Аламо раней за іх; вось чаму ён стараўся пазбегнуць сустрэчы з імі на дарозе.

Ён ведаў, што, калі сустрэнецца з атрадам, ніякае выкручванне не дапаможа, і яму воляй-няволяй давядзецца паказаць дарогу да жылля меркаванага забойцы.

На павароце прасекі Зеб з прыкрасцю ўбачыў некалькі чалавек рэгулятараў – яны, відаць, вывучалі сляды. Старога паляўнічага суцяшала толькі тое, што сам ён не быў заўважаны.

– Чорт бы іх узяў! – прамармытаў ён з горыччу. – Як гэта я не здагадаўся, што Mary сустрэць іх тут! Цяпер трэба вярнуцца і ехаць іншай дарогай. Гэта затрымае мяне на гадзіну. Паварочвай, старая! Нам з табой не пашанцавала. Табе прыйдзецца зрабіць лішніх шэсць міль. Жывей, мая кабылка! Назад! Но-но!

Моцным рыўком нацягнуўшы павады, Зеб заставіў кабылу павярнуць і паскакаць назад.

Выехаўшы з прасекі, ён накіраваўся спачатку ўздоўж узлеску, а потым зноў уехаў у зараснікі па той жа сцежцы, як і напярэдадні Дыяс і трое яго саўдзельнікаў. Адсюль ён скакаў без прыпынкаў і прыгод, пакуль не спусціўся ў даліну Аламо.

Недалёка ад хаціны мустангера ён злез з каня і са сваёй звычайнай асцярожнасцю працягваў шлях пеша.

Дзверы, абцягнутыя конскай шкурай, былі зачынены, але ў іх зеўрала дзірка. Што б гэта магло значыць?

Зеб не толькі не мог адказаць на гэта пытанне, але нават не ведаў, што падумаць.

З яшчэ большай асцярожнасцю стаў ён падкрадвацца да хаціны – можна было падумаць, што ён выследжвае антылопу.

Паляўнічы абышоў хаціну пад прыкрыццём дрэў і прабраўся да навеса ззаду яе; апусціўшыся на калені, ён стаў прыслухоўвацца.

Перад яго вачамі была шчыліна – там, дзе адна з жэрдак была зрушана, а конская шкура сарвана. Зеб паглядзеў на яе са здзіўленнем, але, перш чым ён паспеў здагадацца, што тут адбылося, з хакале данёсся гучны Храп – так храпці мог толькі Фялім.

Зеб Стумп зазірнуў у шчыліну і сапраўды ўбачыў Фяліма, які спаў на падлозе.

– Рэчы вунь упакаваны! – здзівіўся ён. – А! Успамінаю: хлопец казаў, што збіраецца днямі паехаць адсюль. Гэты маладзец не проста спіць, а да непрытомнасці п’яны. Ну і смярдзіць жа ад яго! Цікава, ці пакінуў ён хоць кроплю віскі? Наўрад…А вось і бутля без корка валяецца, а побач біклага – таксама зусім пустая. Чорт бы ўзяў гэтага п’яніцу – ён здольны праглынуць не менш вадкасці, чым уся мелавая прэрыя!.. Іспанскія карты! Цэлая калода валяецца на падлозе. Што ён з імі рабіў? Мабыць, выпіваючы, раскладваў пасьянс. Але хто прарэзаў дзірку ў дзвярах і адкуль гэта шчыліна ў сцяне? Напэўна, ён зможа мне растлумачыць. Разбуджу яго і спытаю… Фялім! Фялім!

Ірландзец не паварушыўся.

– Эй, Фялім! Фялім!

Адказу зноў не было. Паляўнічы закрычаў так гучна, што голас яго быў, напэўна, чутны на адлегласці паўмілі, але Фялім працягваў ціхамірна спаць.

Зеб стаў з усіх сіл трэсці п’яніцу; у адказ пачулася толькі нейкае бурчанне, але яно зараз жа перайшло ў ранейшы раскацісты храп.

– Калі б не яго храп, я падумаў бы, што ён памёр. Але ён ушчэнт п’яны, у гэтым няма сумнення. Як жа прывесці яго да прытомнасці? Расштурхаць – нічога не атрымаецца. Чорт вазьмі, давай паспрабую вось што…

Погляд старога паляўнічага спыніўся на вядры, што стаяла ў кутку. Яно было даверху напоўнена вадой, якую Фялім прынёс з ручая і, на сваю бяду, не паспеў яшчэ зрасходаваць.

Зеб з усмешкай падняў вядро і выплюхнуў усю ваду прама ў фізіяномію спячага.

Гэта прывяло да жаданых вынікаў: калі халодны душ і не працверазіў Фяліма, то, ва ўсякім выпадку, разбудзіў яго. Спалоханы лямант ірландца зліўся з вясёлым рогатам старога паляўнічага.

Нарэшце абодва супакоіліся і маглі прыступіць да сур’ёзнай размовы.

Фялім усё яшчэ знаходзіўся пад уплывам перажытых жахаў і быў вельмі рады Зебу Стумпу, нягледзячы на яго бесцырымонны жарт.

He чакаючы пытанняў, ён пачаў падрабязна расказваць – наколькі дазвалялі яму непаслухмяны язык і затуманены мозг – пра дзіўныя прывіды і здарэнні, якія ледзь яе пазбавілі яго розуму.

Ад яго Стумп упершыню пачуў пра конніка без галавы.

Нягледзячы на тое, што ў наваколлі форта Індж і па ўсёй Ляоне стала ўжо вядома аб з’яўленні гэтай дзіўнай фігуры, Зеб не сустрэў яшчэ нікога, хто б мог паведаміць яму гэту незвычайную навіну; стары паляўнічы праехаў па пасёлку яшчэ на золку і нікуды не заходзіў, акрамя Каса-дэль-Корва. Ён размаўляў толькі з Плутонам і Луізай Пойндэкстэр; але ні слуга, ні маладая гаспадыня асьенды яшчэ нічога не чулі пра дзіўнага конніка, якога напярэдадні сустрэў атрад маёра. Плантатар па той або іншай прычыне прамаўчаў аб ім, а яго дачка ні з кім больш не размаўляла.

Спачатку Зеб пасмяяўся над «чалавекам без галавы» і назваў гэта «п’янай лухтой Фяліма».

Але калі Фялім стаў настойваць, што гэта праўда, паляўнічы прызадумаўся, асабліва супастаўляючы гэта з іншымі вядомымі яму акалічнасцямі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже