– Ну вось, як я мог памыліцца! – даказваў ірландзец. – Хіба я не бачыў майстра Морыса гэтак жа ясна, як бачу вас! Бачыў усё, акрамя галавы. Але і галаву потым убачыў, калі ён павярнуў каня, каб паскакаць. На ім былі яго мексіканскае серапе і гетры з плямістай шкуры. I ці мог я не пазнаць яго прыгожага каня! I я ж кажу вам, што Тара пабегла за ім. Потым я чуў, як яна гыркала на індзейцаў.
– Індзейцы? – усклікнуў паляўнічы, недаверліва круцячы галавой. – Індзейцы, якія гуляюць іспанскімі картамі? Белыя індзейцы, напэўна.
– Вы думаеце, што гэта былі не індзейцы?
– Няважна, што я думаю. Зараз няма часу разважаць пра гэта. Расказвай далей, што ты бачыў і чуў.
Калі Фялім нарэшце закончыў свой расказ, Зеб не стаў болей задаваць пытанняў. Ён выйшаў з хаціны і сеў на траву.
Яму хацелася разабрацца ў сваіх думках, а ён, па яго ўласнаму прызнанню, не ўмеў гэтага рабіць пад запорам.
Наўрад ці трэба гаварыць, што расказ Фяліма яшчэ больш усё заблытваў.
Да гэтага трэба было вытлумачыць толькі знікненне Генры Пойндэкстэра; цяпер справа ўскладнялася яшчэ і тым, што мустангер не вярнуўся дамоў, хаця, па словах слугі, ён павінен быў прыехаць яшчэ напярэдадні ранкам.
Зусім загадкавым быў дзіўны расказ пра тое, што мустангера бачылі ў прэрыі вярхом на кані, але без галавы, дакладней, з галавой, якую ён трымаў у руцэ. Гэта мог быць толькі нейкі жарт.
Аднак дзіўны час для жартаў – толькі што ўчынена забойства і палова жыхароў пасёлка шукае віноўніка злачынства. Асабліва малаверагодна, каб так жартаваў меркаваны забойца.
Перад Зебам Стумпам раскрылася карціна дзіўнага счаплення акалічнасцей або, дакладней, нейкага нагрувашчвання падзей. Здарэнне без бачных прычын, прычыны без бачных вынікаў, злачынствы, учыненыя па незразумелых матывах. Невытлумачальныя, звышнатуральныя з’явы…
Начное спатканне Морыса Джэральда з Луізай Пойндэкстэр, сварка з яе братам, які дазнаўся аб гэтай сустрэчы, ад’езд Морыса ў прэрыю, Генры, які адправіўся наўздагон, каб прасіць у Джэральда прабачэння, – усё гэта было зусім натуральна і зразумела.
Але далей пачыналіся блытаніна і супярэчнасці.
Зеб Стумп ведаў аб прыязнасці Морыса Джэральда да Генры Пойндэкстэра. Морыс неаднаразова гаварыў пра юнака і ніколі не выяўляў і ценю варожасці; наадварот, ён заўсёды захапляўся велікадушным характарам Генры.
Меркаванне, што Морыс мог раптоўна ператварыцца з друга юнака ў яго забойцу, здавалася занадта непраўдападобным. Зеб паверыў бы гэтаму толькі ў тым выпадку, калі б убачыў усё на ўласныя вочы.
Цэлых паўгадзіны правёў Зеб у роздуме, аднак, нягледзячы на свой ясны і востры розум, так і не змог разабрацца ва ўсіх гэтых заблытаных акалічнасцях.
Толькі ў адным ён не сумняваўся: чацвёра коннікаў, якія, на яго думку, не маглі быць індзейцамі, зрабілі набег на хаціну мустангера і, магчыма, мелі нейкае дачыненне да забойства. Аднак з’яўленне гэтых людзей у хакале і адсутнасць яго гаспадара навялі Стумпа на яшчэ больш сумныя меркаванні: яму здавалася цяпер, што забіты не адзін чалавек і што ў лясных зарасніках трэба адшукваць два трупы.
Пры гэтай думцы цяжкі ўздых вырваўся з грудзей старога паляўнічага. Ён любіў маладога ірландца амаль бацькоўскай любоўю, і думка аб тым, што Морыс Джэральд па-здрадніцку забіты ў глухім гушчары і што цела яго разрываюць грыфы і каёты, прычынялі старому невыносны боль.
Ён яшчэ раз абдумаў гэта і зноў уздыхнуў. Нарэшце пакутлівая трывога заставіла яго ўскочыць на ногі, і ён пачаў хутка хадзіць узад і ўперад, мармычучы клятвы помсты.
Стары паляўнічы быў так паглынуты сумам і гневам, што не заўважыў, як міма яго прабег сабака мустангера.
Калі Фялім вітаў яго радасным крыкам, Зеб Стумп азірнуўся, але, здавалася, не звярнуў на яго ўвагі. Ён выйшаў з задуменнасці, толькі калі Фялім, крыкнуўшы ад здзіўлення, паклікаў яго.
– Што такое, Фялім? Што здарылася? Змяя цябе ўкусіла?
– Містэр Стумп, паглядзіце на Тару! Глядзіце, у яе на шыі штосьці прывязана! Гэтага не было, калі яна пайшла. Як вы думаеце, што гэта?
Сапраўды, на шыі сабакі быў раменьчык з аленевай скуры, а пад ім тарчала яшчэ нешта – нейкі маленькі пакуначак. Зеб дастаў нож і нахіліўся да сабакі: той у спалоху адступіў назад, але потым, зразумеўшы, што яго не пакрыўдзяць, дазволіў падысці да сябе.
Паляўнічы разрэзаў раменьчык і разгарнуў пакуначак – у ім была візітная картка.
На картцы было штосьці напісана як бы чырвоным чарнілам, але на самай справе крывёю.
Любы паляўнічы, нават той, што жыве ў самай глушы, умее чытаць. Зеб не быў выключэннем. Ён даволі хутка разабраў чырвоныя каракулі. У яго вырваўся радасны крык:
– Ён жывы, Фялім! Ён жывы! Паглядзі на гэта… Э, ды ты ж непісьменны! Дзякуй старому настаўніку, што прымусіў мяне вызубрыць увесь буквар. Ну, ды не пра гэта гаворка. Ён жывы! & жывы!
– Хто? Майстар Морыс? Слава табе, Божа…
– Стой! Зараз не да малітваў. Дастань коўдру і рамяні. А я пакуль схаджу за сваёй кабылай. I жвавей! Нельга губляць ні хвіліны, a то будзе ўжо позна.
– Нельга губляць ні хвіліны, a то будзе ўжо позна.
З гэтымі словамі стары паляўнічы выбег з хаціны.