Ён меў рацыю. Калі паляўнічы вымаўляў гэтыя словы, чалавеку, які напісаў запіску крывёю, зноў пагражала смяротная небяспека – яго зноў акружылі каёты.

Але не гэтага павінен быў ён баяцца. Яго чакала смяротная схватка з яшчэ больш страшным ворагам.

Для чытача, напэўна, ужо ясна, што ранены чалавек у панаме і плашчы – Морыс Джэральд. Пасля апісанай схваткі з каётамі, якая закончылася ўдала дзякуючы дапамозе вернай Тары, ён вырашыў, што цяпер можна адпачыць.

Ведаючы, што верны сабака абароніць яго як ад крылатых, так і ад чатырохногіх драпежнікаў, малады чалавек хутка забыўся ў глыбокім сне.

Калі ён прачнуўся, то адчуў, што сілы часткова вярнуліся да яго, і змог спакойна абдумаць сваё становішча.

Сабака выратаваў яго ад каётаў; няма сумнення, што ён можа разлічваць на яго і ў выпадку новых нападаў. Але што далей? Сабака ж не ў стане дапамагчы яму дабрацца да хаціны, а заставацца тут – значыць памерці ад голаду або ад ран.

Ранены падняўся на ногі, але захістаўся ад слабасці і, зрабіўшы адзін-два крокі, вымушаны быў зноў легчы.

У гэту цяжкую хвіліну яго раптам асяніла шчаслівая думка: «Тара можа аднесці ў хаціну запіску».

– Калі б я толькі мог заставіць яе дайсці! – сказаў ён, дапытліва гледзячы на сабаку. – Ідзі сюды, мая харошая, – працягваў ён, звяртаючыся да свайго бясслоўнага друга. – Я хачу, каб ты была маім паштальёнам і аднесла пісьмо. Разумееш? Пачакай, пакуль я напішу, тады я растлумачу табе лепш… Добра, што ў мяне з сабой візітныя карткі,– сказаў ён, намацваючы бумажнік. – Алоўка няма. Але гэта не бяда. Чарніла тут хопіць. А замест пяра мне паслужыць калючка вось гэтай агавы.

Ён падпоўз да расліны, адламаў адну з калючак, якімі заканчваліся доўгія лісты, акунуў яе ў кроў каёта, дастаў картку і стаў пісаць.

Закончыўшы пісьмо, ранены ўзяў абрывак раменьчыка і абвязаў яго вакол шыі сабакі; старанна загарнуў картку ў кавалачак кляёнкі, адарванай ад падкладкі панамы, і заткнуў пакуначак за самаробны ашыйнік.

Цяпер заставалася прымусіць сабаку аднесці пасланне.

Гэта было цяжка. Верны друг, нягледзячы на свой немалы розум, ніяк не мог уцяміць, чаму ён павінен пакінуць у бядзе таго, каму быў так беззапаветна адданы. He дапамаглі ні ласкі, ні ўгаворы.

I толькі пасля таго як чалавек, зусім нядаўна выратаваны ім, з прытворай злосцю закрычаў на яго і ўдарыў мыліцай, – толькі пасля гэтага сабака скарыўся і пабег.

Нягледзячы на сваю адданасць, Тара не вытрымала такога абыходжання. Пакрыўджаная, яна паплялася ў зараснікі, часам паварочваючыся і кідаючы на гаспадара позіркі, поўныя папроку.

– Небарака! – з жалем сказаў Морыс, калі яна прапала з вачэй. – Гэта ўсё роўна што ўдарыць самага блізкага друга. Ну, нічога, я не заставаўся перад ёю ў даўгу, калі мне давядзецца яе зноў убачыць. А цяпер мне трэба падумаць аб абароне ад новых выпадаў каётаў. Яны напэўна з’явяцца, заўважыўшы, што я застаўся адзін. Ён ведаў, што трэба рабіць.

Паблізу расло арэхавае дрэва гікоры, аб якім ужо ўпаміналася. На вышыні шасці-сямі футаў ад яго ствала адыходзілі два тоўстыя сукі.

Мустангер звяў плашч, разаслаў яго на траве і пракалоў нажом некалькі дзірачак у крысах.

Потым ён разматаў свой шаўковы шалік і разарваў яго па даўжыні на дзве палоскі.

Пасля гэтага ён расцягнуў плашч паміж галінамі і прывязаў яго да іх палоскамі шаліка. Атрымалася нешта накшталт гамака, у якім мог размясціцца дарослы чалавек.

Морыс ведаў, што каёты не ўмеюць лазіць на дрэвах і што на гэтай вісячай пасцелі ён можа зусім спакойна назіраць за іх стараннямі дабрацца да яго.

Ён зрабіў гэта прыстасаванне, бо быў упэўнены, што каёты вернуцца. I сапраўды, неўзабаве тыя зноў паказаліся з гушчару; яны выходзілі з апаскай і, зрабіўшы адзін-два крокі, спыняліся, каб агледзецца, а затым працягвалі падкрадвацца да месца нядаўняй бітвы.

Упэўніўшыся, што сабакі няма, яны хутка сабраліся ўсёй зграяй. Морыс стаў сведкам агіднай жорсткасці гэтых баязлівых жывёл.

Спачатку яны з ненатуральнай прагнасцю пажэрлі трупы сваіх загінуўшых сабратаў; гэта было зроблена з такой хуткасцю, што глядач, які назіраў з дрэва, наўрад ці паспеў бы палічыць да дваццаці.

Потым увагу каётаў прыцягнуў чалавек. Падвешваючы свой гамак, мустангер не спрабаваў замаскіраваць яго – ён падвесіў яго дастаткова высока, і яму здавалася, што іншыя меры засцярогі не патрэбны.

Цёмны плашч з чалавекам, які ў ім ляжыць, кідаўся ў вочы.

Відаць, смак крыві яшчэ больш раздражніў апетыт драпежнікаў, і яны стаялі цяпер пад дрэвам, аблізваючыся пасля свайго страшнага абеду. Гэта было агіднае відовішча.

Морыс амаль не звяртаў на іх увагі, нават калі каёты падскоквалі, каб учапіцца ў яго або падняцца па ствале дрэва. Ён быў упэўнены, што яму нішто не пагражае.

Аднак існавала небяспека, пра якую ён забыў.

Ён успомніў пра яе, толькі калі каёты адмовіліся ад дарэмных спроб і з цяжкім дыханнем улегліся пад дрэвам.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже