З усіх звяроў, якія жывуць у прэрыі і ў трапічных зарасніках, каёт – самы хітры. Паляўнічыя скажуць вам, што «хітрэйшага стварэння няма». Ён хітры, як ліса, і люты, як воўк. Яго можна прыручыць, але ў любы час ён гатовы ўкусіць руку, якая лашчыць яго. Дзіця можа прагнаць яго палкай, але ён без вагання нападзе на параненага або знясіленага падарожніка. У адзіночку ён пужлівы, як заяц; але ў зграі – а яны заўсёды нападаюць зграяй – яго баязлівасць не такая прыметная. Часам вельмі галодны каёт выяўляе лютасць, якую можна прыняць за храбрасць.
Але самае страшнае ў каёце – яго хітрасць.
Калі драпежнікі зразумелі, што ім не дабрацца да чалавека, – а на гэта спатрэбілася нямала часу – зграя не разбеглася, а ўселася на траве; а з зараснікаў выбягалі ўсё новыя каёты. He заставалася сумненняў, што яны надумалі ўзяць яго на змор.
Здавалася, гэта не павінна было ўстрывожыць мустангера, паколькі яны яе маглі дабрацца да гамака.
Ён бы і не хваляваўся, калі б яму зноў не захацелася піць.
Морыс раззлаваўся на сябе за сваю непрадбачлівасць: чаму ён не падумаў пра гэта, перш чым залезці на дрэва! Узяць з сабой запас вады было б няцяжка. Ручай быў побач; а ўвагнутыя лісты агавы маглі паслужыць пасудай.
Але цяпер было ўжо позна. Вада ля падножжа дрэва дражніла яго, і смага ад гэтага станавілася яшчэ пакутлівей. Дабрацца да ручая можна толькі праз кола каётаў, а гэта азначала немінучую смерць. Ён амаль не спадзяваўся, што сабака вернецца і другі раз выратуе яго; і зусім не спадзяваўся на тое, што запіска трапіць у рукі чалавеку, якому яна прызначалася. Было сто шансаў супраць аднаго, што гэтага не здарыцца.
Пасля вялікай страты крыві смага бывае асабліва моцнай. Пакуты няшчаснага станавіліся ўсё нясцерпней. Ці доўга наканавана ім працягвацца?
У мустангера пачалося трызненне. Яму здавалася, што ўжо не сто, а па меншай меры тысяча агідных каётаў акружаюць дрэва. Яны падсоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй. Вочы іх гарэлі страшным агнём. Чырвоныя языкі дакраналіся да плашча, у тканіну ўпіваліся вострыя зубы. Ранены ўжо адчуваў смярдзючае дыханне драпежнікаў…
У хвіліну прасвятлення ён зразумеў, што ўсё гэта галюцынацыя: каёты, якіх па-ранейшаму было толькі сто, працягвалі ляжаць на траве і чакалі развязкі. Яна наступіла раней, чым у мустангера зноў пачалося трызненне. Ён убачыў, што ўсе каёты раптам ускочылі і пабеглі ў гушчар.
Ці было гэта галюцынацыяй? He, цяпер ён не трызніў.
Што ж магло спудзіць іх?
Морыс радасна ўскрыкнуў. Напэўна, вярнулася Тара. А можа, з ёю і Фялім. Часу ж прайшло дастаткова, каб сабака паспеў даставіць запіску. Каёты сцераглі яго ўжо больш за дзве гадзіны.
Морыс прыпадняўся і, перагнуўшыся цераз сук, акінуў позіркам паляну. Ш сабакі, ні слугі не было. Нічога, акрамя галін і кустоў.
Ён прыслухаўся. Hі гуку, акрамя завывання каётаў, якія, відаць, усё яшчэ працягвалі адступаць. Ды ці не трызніць ён зноў? Што магло заставіць іх пусціцца наўцёкі?
Але ўсё роўна дарога свабодная. Цяпер можна было падысці да ручая. Вада зіхацела перад яго вачамі. Яе журчанне лашчыла слых.
Ён спусціўся з дрэва і, пахістваючыся, накіраваўся да берага.
Але, перш чым нахіліцца да вады, Морыс яшчэ раз азірнуўся. Нават пакутлівая смага не заставіла яго забыць загадку, якую ён спрабаваў разгадаць. Як вытлумачыць гэту раптоўную перамену?
Ён па-ранейшаму спадзяваўся, што каётаў напалохаў сабака, але ўсё-такі адчуваў трывогу. Прадчуванне яго не падманула. Сярод зеляніны бліснула жоўтая плямістая шкура. Доўгае гібкае цела выпаўзала з кустоў, выгінаючыся, як змяя. Сумненняў не заставалася – гэта быў тыгр» Новага Свету – ягуар.
Яго з’яўленне растлумачыла, чаму разбегліся каёты.
Намеры драпежніка былі відавочныя: ён таксама ўчуў кроў і спяшаўся да месца, дзе яна была праліта.
Ягуар не спускаў вачэй з чалавека; ён ішоў прама на яго спачатку павольна, прыпадаючы да зямлі, потым хутчэй і хутчэй, рыхтуючыся да скачка.
Узбірацца на дрэва было бескарысна: ягуар лазіць па дрэвах, як кошка. Мустангер ведаў гэта.
Але Морыс і не думаў пра гэта; ён наогул страціў здольнасць думаць – часткова ад узрушэння, часткова таму, што яго мозг быў затуманены ліхаманкай.
Чыста інстынктыўна ён кінуўся прама ў ручай і спыніўся, толькі калі вада дайшла яму да пояса.
Калі б Морыс мог разважаць, ён зразумеў бы, што і гэта бескарысна, – ягуар жа не толькі лазіць па дрэвах, як кошка, але і плавае, як выдра. Ён такі ж небяспечны ў вадзе, як і на сушы.
Морыс не думаў пра гэта. Ён толькі падсвядома адчуваў, што мелкі ручай наўрад ці выратуе яго. Ён перастаў у гэтым сумнявацца, калі ягуар дайшоў да вады, прысеў і падрыхтаваўся да скачка.
Морыс у адчаі чакаў.
Абараняцца ён не мог: у яго не было ні стрэльбы, ні рэвальвера, ні нажа, ні нават мыліцы. У рукапашнай схватцы з драпежнікам яго чакала немінучая гібель.
Дзікі крык вырваўся ў няшчаснага, калі ён убачыў, што плямісты звер узвіўся ў паветра.
Адначасова пачуўся віск ягуара, і, прамахнуўшыся, звер цяжка ўпаў у ваду.
На крык мустангера, нібы рэха, адказаў крык з зараснікаў, але яшчэ раней прагучаў сухі трэск стрэлу.