Вялізны сабака выскачыў з кустоў і кінуўся ў ручай, туды, дзе знік пад вадой ягуар. Да берага хутка набліжаўся чалавек гіганцкага росту. Другі, меншы, ішоў за ім, напаўняючы паветра радаснымі воклічамі.
Гэтыя гукі і вобразы здаліся юнаку хутчэй прывіднымі, чым рэальнымі,– яны былі яго апошнімі ўражаннямі ў той страшны дзень. Пасля гэтага ён ужо нічога не помніў і не разумеў, што рабіў. Хворы хацеў задушыць свайго вернага сабаку, што лашчыўся да яго, і адбіваўся ад моцных абдымкаў друга, які спрабаваў вынесці яго з вады.
Усе перажытыя жахі былі занадта цяжкім выпрабаваннем для розуму – Морыс не вытрымаў гэтага напружання. Ён перастаў успрымаць падзеі страшнай рэчаіснасці і ўпаў у яшчэ больш страшнае забыццё. У яго пачалася гарачка.
Гэта Зеб Стумп прыйшоў на дапамогу і вынес мустангера на бераг.
Прачытаўшы запіску, стары паляўнічы паспяшаўся да месца, якое было ў ёй указана. Ён падаспеў якраз у час: Зеб быў на адлегласці ружэйнага стрэлу ў момант, калі ягуар рыхтаваўся скочыць.
Куля не спыніла скачка страшнага драпежніка – яго апошняга скачка, хаця і трапіла прама ў сэрца.
Калі стары паляўнічы кінуўся ў ваду, каб пераканацца, што яго стрэл быў смяротным, ён сам падвергнуўся нападу; але ў яго ўчапіліся не кіпцюры ягуара, а рукі чалавека, якога ён толькі што выратаваў.
Праўда, нож мустангера застаўся на зямлі; але вар’ят ледзь не задушыў Зеба. Паляўнічаму прыйшлося кінуць стрэльбу і сабраць усе свае сілы, каб адбіць нечаканы напад.
Барацьба працягвалася даволі доўга. Нарэшце Зебу ўдалося схапіць маладога ірландца ў свае моцныя абдымкі і аднесці на бераг.
Але на гэтым справа не скончылася; як толькі Морыс адчуў сябе свабодным, ён кінуўся да дрэва з такой хуткасцю, нібы хворая нага болей не замінала яму.
Паляўнічы адгадаў яго намер. Дзякуючы свайму высокаму росту ён убачыў скрываўлены нож, які ляжаў на плашчы. Іменна за ім і бег мустангер.
Зеб кінуўся наўздагон; яшчэ раз схапіў ён вар’ята ў свае абдымкі і адцягнуў ад дрэва.
– Хутчэй, Фялім! – закрычаў Зеб. – I хутчэй схавай нож. Хлопец страціў розум. Ён гарыць агнём. У яго гарачка…
Фялім неадкладна паслухаўся і, ускарабкаўшыся на дрэва, узяў нож.
Але барацьба на гэтым не скончылася. Хворы зноў кінуўся душыць свайго выратавальніка – ён гучна крычаў, пагражаў і дзіка варочаў вачамі.
Хвілін дзесяць цягнулася гэта адчайная схватка.
Нарэшце мустангер у поўнай знямозе апусціўся на траву; па яго целе прабегла сутаргавая дрыготка, ён глыбока ўздыхнуў і заціх, нібы жыццё пакінула яго.
Фялім пачаў гучна галасіць над ім.
– Перастань скавытаць, пракляты дурань! – закрычаў Зеб. – Ад аднаго твайго выцця можна памерці. Гэта непрытомнасць. Ён мне наставіў такіх сінякоў, што, павер, з ім нічога сур’ёзнага няма… Ну канешне, – працягваў ён, нахіліўшыся над хворым і ўважліва аглядаючы яго. – Я не бачу ні адной раны. Праўда, калена моцна распухла, але косць цэлая, інакш ён не мог бы ступіць на нагу. А ўсё астатняе дробязі – драпіны. Толькі адкуль яны? Ягуар жа яго не зачапіў! Бадай, яны болей падобны на сляды кіпцюроў дамашняй кошкі. А, усё зразумела! Перш чым сюды з’явіўся ягуар, хлопцу давялося адбівацца ад каётаў. Хто б падумаў, што ў гэтых баязлівых стварэнняў хопіць храбрасці напасці на чалавека! А вось нападаюць, калі ім сустрэнецца калека накшталт яго, – чорт бы іх узяў!
Паляўнічы размаўляў сам з сабой, таму што Фялім, узрадаваны тым, што гаспадар не толькі не памёр, але і наогул па-за небяспекай, перастаў галасіць і з радаснымі воклічамі, прышчоўкваючы пальцамі, пусціўся ў скокі.
Яго весялосць перадалася і Тары. Удваіх, з Фялімам яны выканалі нешта накшталт заліхвацкай ірландскай джыгі.
Зеб не звяртаў увагі на гэты камічны спектакль; ён яшчэ раз нахіліўся над мустангерам, які ляжаў нерухома, і зноў стаў яго аглядаць.
Упэўніўшыся, што небяспечных ран няма, Зеб Стумп падняўся і пачаў разглядаць рэчы, што валяліся на зямлі. Ён звярнуў увагу на панаму, якая ўсё яшчэ заставалася на галаве мустангера, і ў яго з’явілася дзіўная думка.
Капелюшы з гаяквільскай травы, якія няправільна называюць панамамі, не былі рэдкасцю ў гэтых месцах. Але паляўнічы ведаў, што малады ірландзец звычайна насіў мексіканскае самбрэра – галаўны ўбор зусім іншага тыпу. Зрэшты, мустангер мог здрадзіць сваёй звычцы.
Аднак Зебу здалося, што ён ужо бачыў гэты капялюш раней, але на іншай галаве.
Ён нахіліўся і ўзяў яго ў рукі – канешне, не з жадання праверыць, ці сумленным шляхам дастаўся ён яе цяперашняму ўладальніку. Яму хацелася знайсці разгадку тайны або, дакладней, цэлага шэрагу таямнічых здарэнняў, над якімі ён дарэмна ламаў галаву. Зазірнуўшы ўнутр панамы, паляўнічы заўважыў кляймо фабрыканта капелюшоў у Новым Арлеане і надпіс, зроблены ад рукі: «Генры Пойндэкстэр».
Цяпер ён стаў даследаваць плашч. На ім Стумп таксама ўбачыў прыметы, якія даказвалі, што ён належаў таму ж уладальніку.