– Вельмі дзіўна! – прамармытаў стары, гледзячы на зямлю і глыбока задумаўшыся. – Капелюшы, галовы і ўсё астатняе. Капелюшы не на тых галовах, галовы не на сваіх месцах. Яй-богу, тут штосьці нячыста! Калі б у мяне не ныў сіняк, які мне паставіў пад левым вокам гэты маладзец, я б, бадай, усумніўся, ці на месцы мой уласны чэрап. Ад яго чакаць тлумачэнняў зараз не прыходзіцца, – дадаў Зеб, зірнуўшы на Морыса. – Хіба толькі пасля таго, як у яго пройдзе гарачка. А хто ведае, калі гэта будзе?.. Добра, – працягваў паляўнічы пасля некаторай паўзы. – Тут больш няма чаго рабіць. Яго трэба даставіць у хаціну. Ён пісаў, што не можа зрабіць ні кроку. Гэта толькі гарачка надала яму сіл, ды і то ненадоўга. Нага яшчэ больш распухла. Прыйдзецца яго несці…
Паляўнічы, здавалася, задумаўся, як гэта ажыццявіць.
– Гэты ўсё роўна нічога не прыдумае, – працягваў ён, зірнуўшы на Фяліма, які весела балбатаў з Тарай. – У сабакі больш мазгоў, чым у яго. Ну ды ладна. Затое несці будзе ён – прыйдзецца яму папацець. Як жа тут быць? Трэба палажыць яго на насілкі. Пара жэрдак і плашч або коўдра, якую захапіў Фялім, – вось і гатова. Ага, так і зробім. Насілкі – гэта якраз тое, што нам зараз патрэбна.
Яны зрэзалі і абстругалі два дрэўцы, кожнае футаў дзесяць даўжынёй, упоперак іх прывязалі яшчэ два, карацейшыя, зверху расцягнулі спачатку коўдру, a потым плашч.
Такім чынам былі змайстраваны простыя насілкі, здольныя вытрымаць хворага або п’янага.
I трэба прызнацца, мустангер больш нагадваў п’янага, бо ён зноў пачаў буяніць, і яго прыйшлося прывязаць да насілак.
Гэтыя насілкі неслі не два чалавекі, як звычайна, а чалавек і конь. Пярэднія канцы жэрдак былі прывязаны да кабылы Зеба, а заднія падтрымліваў Фялім, якому, як і абяцаў стары паляўнічы, «прыйшлося папацець».
Сам жа Зеб ішоў уперадзе, выбраўшы больш лёгкую ролю – важатага.
Такі спосаб перамяшчэння нельга было назваць новым вынаходніцтвам. Зеб змайстраваў грубае падабенства мексіканскага паланкіна, які яму, напэўна, даводзілася бачыць на поўдні Тэхаса. Розніца была толькі ў тым, што ў дадзеным выпадку адсутнічаў звычайны балдахін і замест двух мулаў у запрэжцы ішлі чалавек і кабыла.
У гэтым імправізаваным паланкіне Морыс Джэральд быў дастаўлены ў сваю хаціну.
Ужо спусцілася ноч, калі гэта дзіўная працэсія дабралася да хаціны мустангера.
Дужыя, але пяшчотныя рукі паляўнічага беражліва перанеслі раненага на яго пасцель з конскіх шкур.
Мустангер не разумеў, дзе ён знаходзіцца, і не пазнаваў сяброў, што нахіліліся над ім. Ён усё яшчэ трызніў, але больш не буяніў. Гарачка крыху спала.
Ён не маўчаў, але і не адказваў на звернутыя да яго ласкавыя пытанні; а калі і адказваў, то неўпапад; некаторыя словы яго былі настолькі страшныя, што наводзілі на вельмі сумныя думкі.
Сябры мустангера, як умелі, перавязалі яго раны, і цяпер заставалася толькі чакаць раніцы.
Фялім улёгся спаць, а Зеб застаўся ля пасцелі мустангера.
Вінаваціць Фяліма ў эгаізме было несправядліва: яго паслаў спаць Зеб, заявіўшы, што няма сэнсу сядзець каля хворага ўдвух.
У старога паляўнічага былі для гэтага свае меркаванні. Ён не хацеў, каб трызненне хворага чуў хто-небудзь, акрамя яго, – нават Фялім. I ён прасядзеў усю ноч напралёт ля пасцелі Морыса і лавіў кожнае яго слова.
Зеб Стумп не здзівіўся, чуючы, як хворы ў сваіх любоўных клятвах увесь час паўтараў імя Луізы.
Але і другое імя часта зрывалася з вуснаў хворага. I з ім была звязана менш прыемная для слыху гаворка. Гэта было імя брата Луізы. Яно суправаджалася часам жудаснымі словамі, нейкімі бязладнымі, бяссэнсавымі.
Зеб Стумп супастаўляў усё пачутае з ужо вядомымі яму фактамі, і, перш чым дзённае святло пранікла ў хакале, ён ужо не сумняваўся, што Генры Пойндэкстэра няма ў жывых.
Дон Сільвіо Марцінес быў адным з нямногіх мексіканскіх багацеяў, якія не пакінулі Тэхас пасля захопу краіны амерыканцамі.
Ён мала цікавіўся палітыкай, быў чалавекам міралюбным, ужо пажылым і даволі лёгка прымірыўся з новым становішчам. Пераход у новае падданства, на яго думку, больш чым акупляўся бяспекай ад набегаў каманчаў, якія спусташалі краіну да прыходу новых пасяленцаў.
Дзікуны, праўда, не былі яшчэ канчаткова ўціхаміраны, але напады іх сталі намнога радзейшымі. Гэта было ўжо значным дасягненнем у параўнанні з мінулым.
Дон Сільвіо быў «ганадэра» – буйным жывёлаводам. Яго пашы распасціраліся на шмат міль у даўжыню і ў шырыню, а яго табуны і статкі налічвалі тысячы галоў.
Ён жыў у доўгім прамавугольным аднапавярховым доме, які больш нагадваў турму, чым жылы будынак. З усіх бакоў асьенда была акружана загонамі для жывёлы – каралямі.
Стары ўладальнік асьенды, перакананы халасцяк, вёў спакойнае і адзінокае жыццё. З ім жыла яго старэйшая сястра. Толькі калі да іх у госці з берагоў Рыо-Грандэ прыязджала іх прыгожанькая пляменніца, ціхая асьенда ажывала.