Ісідоры тут заўсёды былі рады; яна прыязджала і ад’язджала, калі ёй захочацца, і ў доме дзядзькі ёй дазвалялі рабіць усё, што ўздумаецца. Старому падабалася жыццярадаснасць Ісідоры, таму што ён сам быў далёка не змрочным чалавекам. Тыя рысы яе характару, якія ў іншых краінах маглі б здацца нежаноцкімі, былі натуральныя ў краіне, дзе загарадны дом скрозь ператвараўся ў крэпасць, а дамашні ачаг акрапляўся крывёю яго гаспадароў.
Дон Сільвіо Марцінес сам правёў бурную маладосць сярод небяспек і трывог, і храбрасць Ісідоры, якая часам межавала з безразважнасцю, не толькі не выклікала яго нездавальнення, але, наадварот, падабалася яму.
Стары любіў сваю пляменніцу, як родную дачку. Ніхто не сумняваўся, што Ісідора будзе наследніцай усёй яго маёмасці. Нядзіўна, што ўсе слугі асьенды шанавалі яе як будучую гаспадыню. Зрэшты, яе паважалі не толькі за гэта: яе храбрасць выклікала агульнае захапленне, і ў маёнтку наўрад ці знайшоўся б юнак, які не падняў бы зброю для яе абароны.
Мігуэль Дыяс казаў праўду, калі сцвярджаў, што яму пагражае небяспека. У яго для гэтага былі ўсе падставы. Калі б Ісідоры ўздумалася паслаць вакера edіt свайго дзядзькі, каб яны павесілі яго на першым сустрэчным дрэве, гэта было б выканана без прамаруджвання.
Нядзіўна, што ён так спяшаўся паехаць з палявы.
Як ужо ўпаміналася, Ісідора жыла па той бок Рыо-Грандэ, міль за шэсцьдзесят ад асьенды Марцінеса. Гэта, аднак, не перашкаджала ёй часта наведваць сваіх родзічаў.
Яна ездзіла сюды не з карыслівых меркаванняў і не думала пра спадчыну – яе бацька быў таксама вельмі багаты. Дзяўчына проста любіла дзядзьку і цётку. Акрамя таго, ёй падабаліся паездкі ад адной ракі да другой; яна нярэдка праязджала гэту адлегласць за адзін дзень і часта без павадыроў.
За апошні час Ісідора стала ўсё часцей гасцяваць на Ляоне. Ці не таму, што яна яшчэ больш палюбіла сваіх тэхаскіх родзічаў і хацела ўцешыць іх старасць? Ці, можа, што-небудзь іншае прыцягвала яе туды?
Адкажам з той жа адкрытасцю, якая была ўласціва характару Ісідоры. Яна прыязджала на Ляону з надзеяй сустрэцца з Морысам Джэральдам. Гэтак жа адкрыта можна сказаць, што яна кахала яго. Магчыма, з-за сяброўскай паслугі, якую ён ёй некалі аказаў; але дакладней будзе дапусціць, што сэрца адважнай Ісідоры было заваявана смеласцю, якую ён тады праявіў.
Ці хацеў ён падабацца ёй – хто ведае… Ён адмаўляў гэта, але цяжка паверыць, каб хто-небудзь мог зірнуць у вочы Ісідоры раўнадушна.
Морыс, магчыма, казаў праўду. Але нам было б лягчэй паверыць яму, калі б ён сустрэўся з Луізай Пойндэкстэр раней, чым пазнаёміўся з Ісідорай.
Аднак, мяркуючы па ўсяму, у мексіканскай сеньярыты ёсць падставы думаць, што Морыс да яе нераўнадушны.
Ісідора болей не мае спакою. Яе гарачы характар не церпіць няпэўнасці. Яна кахае мустангера, наважылася прызнацца ў сваім каханні і патрабаваць прамога адказу: любая яна яму ці не? Па гэтаму яна і прызначыла Морысу Джэральду спатканне, на якое ён не мог прыехаць. Гэтаму перашкодзіў Мігуэль Дыяс.
Так думала Ісідора, калі пакінула паляну і памчалася да асьенды свайго дзядзькі.
* * * Ісідора гоніць сівога каня галопам.
Прычоска растрапалася; густыя чорныя валасы рассыпаліся па плячах. Яе вочы ўзбуджана блішчаць; шчокі разгарэліся яркай чырванню.
Мы ведаем цяпер чаму.
Зразумела таксама, чаму яна едзе з такой хуткасцю: яна сама пра гэта сказала.
Набліжаючыся к дому, Ісідора нацягвае павады. Конь запавольвае бег, ідзе рыссю, потым шагам і нарэшце спыняецца пасярод дарогі.
Відаць, дзяўчына змяніла свае намеры ці спынілася, каб абдумаць свае планы. Ісідора раздумвае:
Бадай, лепш яго не чапаць. Гэта выкліча скандал. Пакуль ніхто нічога не ведае пра… да таго ж я адзіны сведка. Ах, калі б я магла расказаць пра ўсё мілым тэхасцам, то адных маіх паказанняў было б дастаткова, каб люта пакараць яго! Але хай ён жыве. Ён нягоднік, але я не баюся яго. Пасля таго, што адбылося, ён не асмеліцца падысці да мяне блізка. Маці Божая! I як толькі я магла хаця б на хвілінку ім захапіцца!.. Трэба паслаць каго-небудзь вызваліць яго. Чалавека, які захаваў бы маю тайну. Беніта, аканома. Ён адважны і верны чалавек. Слава Богу, вось ён! Як заўсёды, лічыць жывёлу.
– Беніта! Беніта!
– Да вашых паслуг, сеньярыта.
– Беніта, мой друг, я хачу прасіць цябе аб дапамозе ў адной справе. Ты не адмовіш мне?
– Рад выканаць ваша распараджэнне, – адказвае мексіканец, нізка кланяючыся.
– Гэта не распараджэнне: я прашу аказаць мне паслугу.
– Загадвайце, сеньярыта.
– Ты ведаеш тое месца на вяршыні ўзгорка, дзе сыходзяцца тры дарогі?
– Гэтак жа добра, як каралі асьенды вашага дзядзечкі.
– Цудоўна. Адпраўляйся туды. Ты знойдзеш там на зямлі чалавека – рукі ў яго звязаны лясо. Вызвалі яго, і хай ідзе на ўсе чатыры бакі. Калі ён ударыўся, то дапамажы яму як можаш. Толькі не кажы, хто цябе паслаў. Можа, ты яго ведаеш? Бадай, так, але гэта няважна. Hі аб чым не пытай яго. I не адказвай на яго пытанні, калі ён уздумае цябе распытваць. Як толькі ён устане, хай выбіраецца куды хоча. Ты зразумеў меня?
– Так, сеньярыта. Вашы распараджэнні будуць выкананы дакладна.