– Дзякую, друг Беніта. Яшчэ адна просьба: пра тое, што ты для мяне зробіш, павінны ведаць толькі трое, больш ніхто. Трэці – гэта чалавек, да якога я цябе пасылаю. Астатніх двух ты ведаеш.
– Разумею, сеньярыта. Ваша воля для мяне закон.
Беніта ад’язджае вярхом на кані, хаця пра гэта можна было б і не ўпамінаць, таму што людзі яго прафесіі рэдка ходзяць пеша, нават калі іх чакае шлях усяго ў адну мілю.
– Пачакай! Яшчэ адно! – аклікае яго Ісідора. – Ты ўбачыш там серапе і капялюш – прыхапі іх з сабой. яны мае. Я цябе пачакаю тут або сустрэну на дарозе.
Пакланіўшыся, Беніта ад’язджае. Але яго зноў спыняюць:
– Я перадумала, сеньёр Беніта, – я паеду з табой.
Аканом дона Сільвіо ўжо прывык да капрызаў пляменніцы свайго гаспадара. Ён без пярэчання падпарадкоўваецца і зноў паварочвае каня да ўзгорка.
Дзяўчына едзе за ім. Яна сама загадала яму ехаць уперадзе.
На гэты раз у яе ёсць падставы не прытрымлівацца арыстакратычнага звычаю.
Але Беніта памыліўся. Сеньярыта Ісідора суправаджае яго не з-за капрызу: у яе для гэтага ёсць сур’ёзныя прычыны. Яна забыла не толькі свае серапе і капялюш, але і запіску, якая прычыніла ёй столькі непрыемнасцей.
Пра гэта Беніта не павінен ведаць – яна не можа давяраць яму ўсяго.
Гэта запіска выкліча скандал, больш непрыемны, чым сварка з донам Мігуэлем Дыясам.
Яна вяртаецца з надзеяй забраць з сабой пісьмо. Як недарэчна, што раней пра гэта не падумала…
Але як трапіла пісьмо ў рукі Эль-Каёта? Ён мог атрымаць яго толькі ад Хасэ!
Значыць, яе слуга – здраднік? Або Дыяс, сустрэўшыся з ім, сілай прынудзіў яго аддаць пісьмо?
Тое і другое праўдападобнае.
Ад Дыяса можна чакаць такога ўчынку; што датычыць Хасэ, то ўжо не першы раз у яе ёсць падставы падазраваць яго ў вераломстве.
Так раздумвала Ісідора, падымаючыся па схіле ўзгорка.
Нарэшце яны ўжо на вяршыні і ўязджаюць на паляну; Ісідора цяпер едзе побач з Беніта.
Мігуэля Дыяса на паляне няма – там наогул нікога няма, і – што засмучае яе намнога больш – нідзе не бачна запіскі. На траве ляжаць яе самбрэра, яе серапе, абрывак яе ласо – і болей нічога.
– Ты можаш вярнуцца дамоў, сеньёр Беніта. Чалавек, які ўпаў з каня, мабыць, ужо ачуўся і, відаць, паехаў. I вельмі добра. Але не забывай, друг Беніта, што ўсё павінна застацца паміж намі. Разумееш?
– Разумею, донья Ісідора.
Беніта ад’язджае і хутка знікае за грэбенем узгорка.
* * * Ісідора адна на паляне.
Яна саскоквае з сядла, накідвае на сябе серапе, надзявае самбрэра і зноў ператвараецца ў юнага гідальга. Павольна садзіцца яна ў сядло; думкі яе, відаць, лунаюць дзесьці далёка. У гэту секунду на паляне з’яўляецца Хасэ. Яна неадкладна пытае яго:
– Што ты зрабіў з пісьмом, шэльма?
– Я даставіў яго, сеньярыта.
– Каму?
– Я пакінуў яго ў… у гасцініцы, – гаворыць ён, запінаючыся і бялеючы. – Дона Марысіо я не застаў.
– Гэта хлусня, нягоднік! Ты аддаў яго дону Мігуэлю Дыясу. He адмаўляйся! Я бачыла гэта пісьмо ў яго руках.
– О сеньярыта, даруйце, даруйце! Я не вінаваты, паверце мне, я не вінаваты!
– Дурань, ты сам сябе выдаў. Колькі заплаціў табе дон Мігуэль за тваю здраду?
– Клянуся вам, пані, гэта не здрада! Ён… ён… прымусіў мяне… пагрозамі, пабоямі. Мне… мне нічога яе заплацілі.
– Тады я табе заплачу. Больш ты ў мяне не служыш. А на ўзнагароду вось табе – вось і вось!
Разоў дзесяць паўтарае яна гэтыя словы, і кожны раз яе плётка апускаецца на плечы слугі. _ Ён спрабуе бегчы, Дарэмна! Яна даганяе яго, і ён спыняецца ад страху трапіць пад капыты разгарачанага каня. Толькі калі на смуглай скуры з’яўляюцца сінія рубцы, катаванне канчаецца.
– А цяпер згінь! I не трапляйся мне больш на вочы. Пайшоў прэч!
Як напалоханая кошка, Хасэ бяжыць з паляны; ён рады, што можа схаваць сваю ганьбу ў калючых зарасніках.
Ісідора таксама нядоўга застаецца на паляне – яе гнеў змяняецца глыбокім сумам. Ёй не толькі не ўдалося ажыццявіць свой намер, але і яе сардэчная тайна трапіла ў рукі здраднікаў. Яна зноў едзе дамоў.
Вакол асьенды пануе перапалох.
Пеоны, вакера і слугі асьенды мітусяцца паміж полем, каралем і дваром і ў жаху крычаць.
Мужчыны ўзбройваюцца. Жанчыны на каленях просяць у неба паратунку.
– Што здарылася? – з неўразуменнем пытае Ісідора ў аканома, які трапіўся насустрач.
– Дзесьці ў прэрыі забілі чалавека, – адказвае ён. – Забіты амерыканец, сын плантатара, які нядаўна пасяліўся ў асьендзе Каса-дель-Корва. Кажуць, гэта справа рук індзейцаў.
Індзейцы!
Гэта слова тлумачыць перапалох, які ахапіў слуг дона Сільвіо.
Той факт, што кагосьці забілі – даволі нязначнае здарэнне ў гэтай краіне нястрымных пачуццяў,– не выклікаў бы такога хвалявання, асабліва калі забіты чужы – «амерыкана».
Але вестка аб тым, што паявіліся індзейцы, – гэта ўжо зусім іншая справа. Гэта – небяспека.
На Ісідору гэтыя навіны аказваюць зусім іншае ўражанне. Яна не баіцца дзікуноў. Але імя загінуўшага абудзіла раўнівыя падазрэнні. Яна ведае, што ў яго ёсць сястра, якую ўсе лічаць надзвычайнай прыгажуняй. Яна сама бачыла яе і павіяна была прызнаць, што гэта праўда.
Кажуць, што гэту непараўнальную прыгажуню бачылі ў кампаніі Морыса Джэральда.