Праходзіць некалькі гадзін. Распаўсюджваюцца новыя чуткі. Забойства ўчынена не каманчамі, а Морысам-мустангерам! Індзейцаў жа паблізу няма.
Гэтыя новыя звесткі заспакойваюць слугаў дона Сільвіо, але аказваюць зусім іншае ўздзеянне на яго пляменніцу. Яна не знаходзіць сабе месца. Паўгадзінай пазней Ісідора спыняе свайго каня каля дзвярэй гасцініцы Абердофера.
Ужо некалькі тыдняў па невядомых прычынах Ісідора старанна вывучала «мову амерыканцаў». Яе запас англійскіх слоў, хаця яшчэ і вельмі бедны, аказваецца дастатковым для таго, каб распытаць – не пра чалавека, які быў забіты, а пра меркаванага забойцу.
Гаспадар, ведаючы, хто перад ім, адказвае на яе пытанні з ліслівай ветлівасцю. Яна даведваецца, што Морыс Джэральд ужо выехаў з гасцініцы, і пра некаторыя падрабязнасці забойства.
З тугой у сэрцы вяртаецца мексіканка на асьенду свайго дзядзькі. Там зноў пануе перапалох. Прычына новай занепакоенасці можа здацца смешнай, але прымхлівыя пеоны прытрымліваюцца іншай думкі.
Іх устрывожыла новая неверагодная чутка: дзесьці каля ракі Нуэсес бачылі чалавека без галавы, які ехаў па прэрыі вярхом. Хоць гэта і здаецца недарэчным, але сумнявацца не прыходзіцца. Пра гэта ведае ўвесь пасёлак, а, акрамя таго, пастухі дона Сільвіо, якія шукалі заблудзіўшых жывёл, самі бачылі страшнага конніка і, кінуўшы пошукі, памчаліся прэч ад яго, як быццам гэта быў д’ябал.
Усе трое пастухоў гатовы паклясціся, што яны гавораць праўду. Але іх напалоханы выгляд лепшы за любыя клятвы. К вечару ўся асьенда запоўнена страшнымі чуткамі.
Але нішто не можа спыніць капрызную пляменніцу дона Сільвіо, якая, нягледзячы на ўгаворы дзядзькі і цёткі, наважылася вярнуцца на Рыо-Грандэ. Яе не палохае, што ў прэрыі, цераз якую ляжыць яе шлях, забілі чалавека. Яшчэ менш непакоіць яе прывід конніка без галавы, якога бачылі там. Тое, што палохае большасць, Ісідоры здаецца толькі цікавым.
Яна збіраецца ехаць адна. Дон Сільвіо прапануе ёй ахову з-дзесяці ўзброеных да зубоў вакера.
Ісідора адмаўляецца наадрэз.
Ці не возьме яна з сабой Беніта?
He, яна лічыць за лепшае ехаць адна. Яна так вырашыла.
Наступным ранкам Ісідора адпраўляецца ў дарогу. Ледзь развіднела, яна ўжо ў сядле. He праходзіць і дзвюх гадзін, як яна набліжаецца, але не да берагоў Рыо-Грандэ, а да берага Аламо.
Чаму яна зрабіла такі круг? Ці не заблудзіла?
He, заблудзіўшы падарожнік выглядае зусім інакш. Праўда, яе твар тужлівы, але на ім не прыметна разгубленасці. Ды і конь яе бяжыць уперад упэўнена, падпарадкоўваючыся руцэ седака.
He, Ісідора не заблудзіла. Яна ведае дарогу.
Лепш было б для яе, калі б яна заблудзіла…
Усю ноч хворы не сплюшчыў вачэй. Ён то заціхаў, то кідаўся ў цяжкім трызненні.
Усю ноч стары паляўнічы не адыходзіў ад яго і слухаў бязладную гаворку.
Пачутае толькі пацвердзіла яго здагадкі аб тым, што Морыс закаханы ў Луізу і што яе брат забіты!
Апошняе ў любым выпадку засмуціла б старога паляўнічага, але ў спалучэнні з усімі вядомымі яму фактамі моцна ўстрывожыла яго.
Ён думаў пра сварку… капялюш… плашч… Думкі Зеба кідаліся ў лабірынце жахлівых здагадак. Ніколі ў жыцці ён не быў так збіты з панталыку. Ён застагнаў, адчуваючы сваё бяссілле.
Ён не сачыў за дзвярамі, бо ведаў, што калі няпрошаныя госці і прыйдуць, то, ва ўсякім выпадку, не ўначы.
Толькі адзін раз ён выйшаў: гэта было на досвітку, калі месячнае святло ўжо змешвалася з першымі промнямі зары.
Ён выйшаў таму, што яго ўстрывожыла працяглае, тужлівае выццё Тары, якая шнарыла сярод зараснікаў; праз секунду сабака спалохана ўбег у хаціну.
Патушыўшы свечку, Зеб ціхенька выйшаў і пачаў прыслухоўвацца.
Начныя галасы лесу маўчалі – ці не ад таго, што завыў сабака. Але чаму ён завыў?
Паляўнічы спачатку глянуў на лужок перад домам, потым на ўскраек лесу, затым стаў углядацца ў цёмную сцяну дрэў. Нічога асаблівага ён не заўважыў – усё было як заўсёды. Змрочнымі контурамі вызначаўся ўцёс на фоне неба, па баках яго чарнелі вяршыні дрэў. Паміж сілуэтамі вяршынь бачыўся прасвет крокаў у пяцьдзесят – паляўнічы ведаў, што гэта край верхняй раўніны.
Месяц ярка асвятляў край абрыву, і на фоне неба нават змяя, здавалася, не магла б прапаўзці незаўважанай.
Але і там нікога не было відаць.
Аднак тое-сёе можна было пачуць. З боку раўніны данёсся ціхі гук – як быццам конь ударыў падковай аб камень.
Так вырашыў Зеб, які напружана прыслухоўваўся, ці не паўторыцца гук.
Ён не паўтарыўся; але стары паляўнічы не памыліўся ў сваім меркаванні – з-за вяршынь дрэў паказаўся конь, які ішоў уздоўж абрыву.
На кані сядзеў чалавек. I конь і коннік цёмнымі сілуэтамі вырысоўваліся на пасвятлелым небе. Конь быў бездакорны, як статуя найтанчэйшай работы. Абрысы конніка былі бачныя толькі ад сядла і да плеч; але над плячамі не было нічога.
Зеб Стумп працёр вочы і паглядзеў, зноў працёр і зноў паглядзеў, але прывід заставаўся ўсё тым жа. Калі б ён паўтарыў гэта восемдзесят разоў, то ўсё роўна перад вачамі ў яго была б усё тая ж фігура – коннік без галавы.