Сумнявацца было немагчыма. Ён бачыў, як конь ішоў краем абрыву павольным, але ўпэўненым шагам; аднак тупату яго капытоў не было чуваць, нібы ён не ішоў, а слізгаў, як сілуэт у тэатры ценяў.

Гэты прывід не быў мімалётным: Зеб даволі доўга глядзеў на яго – ва ўсякім выпадку, дастаткова доўга, каб разгледзець усё да дробязей, дастаткова доўга, каб пераканацца, што гэта не міраж, не падман зроку, не ілюзія.

Ён знікаў павольна і паступова: спачатку знікла галава каня, потым яго шыя, пярэдняя частка корпуса, потым коннік – прывідны, пачварны вобраз – і, нарэшце, крыж каня і яго доўгі распушчаны хвост.

– Іасафат!

Гэты вокліч сарваўся з вуснаў Зеба Стумпа не таму, што ён быў здзіўлены знікненнем конніка. У ім не было нічога дзіўнага. Прывід знік за вяршынямі дрэў, якія паднімаліся над абрывам.

– Іасафат!

Двойчы вырваўся ў паляўнічага яго любімы вокліч, і абодва разы з праяўленнем бязмежнага здзіўлення і жаху.

Аб пачуццях паляўнічага лёгка было здагадацца і па яго выгляду: нягледзячы на ўсю яго храбрасць, ён здрыгануўся, і нават губы, карычневыя ад тытунёвага соку, пабялелі.

Некаторы час Зеб стаяў зусім маўклівы, нібы анямелы.

Нарэшце ён зноў загаварыў:

– Каб яго чорт! – прамармытаў ён ціха, усё яшчэ не адводзячы вачэй ад таго месца, дзе толькі што знік конскі хвост. – Ірландзец усё-такі казаў праўду. Я думаў, што гэта яму сп'яна здалося! Але не! Ён на самай справе бачыў, гэтак жа, як і я. Нядзіўна, што хлопец спалохаўся. У мяне ў самога да гэтай пары паджылкі трасуцца. Іасафат! Што ж гэта можа быць?.. Што ж гэта можа быць? – паўтарыў Зеб пасля некаторага роздуму. – Бадай, я даб’юся разгадкі! Калі б гэта было днём ці калі б ён быў бліжэй, я б мог добра разгледзець яго. А чаму б мне не падысці да яго бліжэй? Каб яго чорт, паспрабую. He з’есць жа ён мяне, калі нават гэта сам д’ябал! А калі гэта сапраўды д’ябал, то я яшчэ праверу, ці нельга яго выбіць з сядла куляй. Што ж, пойдзем і пазнаёмімся з гэтым нячысцікам, хто б ён ні быў.

З гэтымі словамі паляўнічы накіраваўся да сцежкі, якая вяла да абрыву.

Яму не трэба было вяртацца за стрэльбай – ён прыхапіў яе, калі выскачыў з хаціны, пачуўшы выццё сабакі.

Калі коннік без галавы быў істотай з плоці і крыві, а не выхадцам з таго свету, Зеб Стумп поўнасцю мог разлічваць на новую сустрэчу з ім.

Калі паляўнічы глядзеў на яго з дзвярэй хакале, коннік ехаў прама да лагчыны, па якой можна было спусціцца з верхняй раўніны ў даліну Аламо. Зеб пайшоў па той жа сцежцы, разлічваючы сустрэцца з коннікам без галавы на краі абрыву, калі толькі той не зменіць напрамку або не пяройдзе са сваёй спакойнай інахадзі на галоп.

Паляўнічы хутка прыкінуў, якую адлегласць яму трэба будзе пераадолець і колькі спатрэбіцца для гэтага часу.

Разлік аказаўся дакладным. Калі яго галава была амаль на ўзроўні раўніны, ён убачыў над ёй плечы конніка.

Яшчэ адзін крок уверх па сцежцы – і адкрылася ўся фігура конніка.

Яшчэ крок – і конь вырысаваўся на фоне неба ад грывы да капытоў.

Конь спыніўся над самым абрывам – відаць, збіраўся спусціцца ўніз. Напэўна, коннік для асцярогі нацягнуў павады? Ці ён пачуў крокі паляўнічага? Імаверней усяго, конь яго ўчуў.

Як бы то ні было, ён стаяў прама перад паляўнічым.

Убачыўшы гэты дзіўны сілуэт, Зеб спыніўся. Ва ўсякага іншага на яго месцы, напэўна, валасы падняліся б дыбам. Нават у Зеба «мурашкі пабеглі па спіне», як ён сам потым прызнаўся.

Аднак паляўнічы цвёрда наважыўся выканаць намер, які прывёў яго сюды: дазнацца, хто гэта – чалавек ці д’ябал.

He губляючы часу, Зеб ускінуў стрэльбу да пляча; яго позірк слізгаў уздоўж ствала; месяц свяціў так ярка, што можна было прыцэліцца прама ў грудзі конніка без галавы.

Яшчэ імгненне – і куля пранізала б яго сэрца; але ў паляўнічага раптам мільганула думка: «А што, калі гэта будзе забойства?»

Зеб апусціў стрэльбу і хвіліну вагаўся.

– Можа, гэта чалавек? – прамармытаў ён. – Хаця штосьці не падобна… Наўрад ці пад гэтай мексіканскай анучкай хопіць месца для галавы. Калі гэта чалавек, то ў яго, я думаю, павінен быць язык, толькі дзе ён можа змяшчацца – не ведаю… Эй, незнаёмец! Позненька ж вы катаецеся! I дзе гэта вы забылі сваю галаву?

Адказу не было. Толькі конь фыркнуў, пачуўшы голас чалавека. I ўсё.

– Вось што, незнаёмец! З вамі гаворыць стары Зеб Стумп са штата Кентукі. Ён не з тых, з каго можна жарты строіць. Я хачу, каб вы растлумачылі ўсё начыстую. Ну, адказвайце ж, або я стрэлю!

Зноў ніякага адказу. Конь толькі трасянуў галавой – відаць, ужо звыкся з голасам Зеба.

– I чорт з табой! – закрычаў паляўнічы, раззлаваны яго маўчаннем, якое здалося яму абразлівым. – Даю табе яшчэ шэсць секунд, і, калі ты мне не адкажаш, я страляю! А калі ты д’ябал, то тым больш. Але ж калі ты чалавек, а прыкідваешся мерцвяком, то заслугоўваеш кулі за такую дурасць. Ну, адказвай! – працягваў ён з узрастаючай злосцю. – Адказвай, кажуць табе!.. He хочаш? Добра! Я страляю! Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць…

У тую секунду, калі павінна было прагучаць «сем», калі б лічэнне працягвалася, пачуўся рэзкі трэск стрэлу, свіст кулі і затым глухі ўдар – гэта свінец трапіў у штосьці цвёрдае.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже