Стрэл, здавалася, не даў ніякіх вынікаў – толькі конь спалохана заржаў. Коннік жа працягваў спакойна сядзець у сядле.
Зрэшты, і конь як быццам не вельмі спалохаўся. У яго гучным іржанні паляўнічаму здалася насмешка.
I ўсё ж ён сарваўся з месца і памчаўся дзікім галопам, пакінуўшы Зеба ў такім глыбокім здзіўленні, якога яму яшчэ не даводзілася зведваць.
Некалькі секунд пасля стрэлу Зеб Стумп не паднімаўся з калена.
Калі да стрэлу ў яго па спіне бегалі мурашкі, то цяпер яна прабрала халодная дрыготка. Ён быў не толькі здзіўлены – ён аслупянеў ад жаху. Стары паляўнічы быў зусім упэўнены, што яго куля трапіла ў сэрца конніка або, ва ўсякім выпадку, у тое месца, дзе ў чалавека павінна быць сэрца.
Ці быў гэта чалавек? Зеб вырашыў, што не. I гэта думка, можа, супакоіла б яго, калі б не конь, не дзікае, сатанінскае ржанне, ад якога ў яго да гэтага часу стыла кроў і ён дрыжаў як у ліхаманцы. Зеб хацеў бегчы, але не мог устаць. I ён працягваў стаяць на адным калене і ў поўным здранцвенні глядзець услед пачварнаму конніку, пакуль той не знік у залітых месячным святлом прасторах прэрыі. Толькі тады ён ачуўся настолькі, што змог вярнуцца ў хаціну.
Толькі пад яе дахам паляўнічы апрытомнеў і змог спакойна падумаць аб гэтым дзіўным здарэнні. Ён не адразу пазбавіўся ад думкі, што бачыў самога д’ябла. Але цвярозы роздум прывёў яго да высновы, што гэта неверагодна. Аднак ніякага іншага тлумачэння яму знайсці не ўдалося.
– Наўрад ці…– працягваў ён усё яшчэ з сумненнем ў голасе, – наўрад ці гэта можа быць выхадзец з таго свету, a то як бы я пачуў, што куля аб яго шлёпнулася? Ясна, што свінец трапіў у нейкае цела, а духі ж бесцялесныя… Добра! – закончыў паляўнічы, відаць адмовіўшыся ад спробы знайсці тлумачэнне гэтай дзіўнай з’яве. – Няма чаго больш ламаць сабе галаву! Адно з двух: або гэта чучала, набітае анучамі, або сам сатана!
Калі Зеб увайшоў у хаціну, разам з ім туды пракралася блакітнае ранішняе святло.
Пара было будзіць Фяліма, каб той пасядзеў з хворым. Ірландзец ужо зусім працверазіўся і, адчуваючы сябе крыху вінаватым, бо доўга спаў, быў рады прывяць на сябе гэты абавязак.
Але, перш чым уступіць яму месца, стары паляўнічы сам нанава перавязаў раны. Зеб добра ведаў лекавыя ўласцівасці раслін. Паблізу рос кактус напаль, сок якога – выдатны сродак для загойвання ран. Стары ведаў, што, калі прыкласці яго да раны, яна праз суткі пачне зацягвацца, а праз тры дні зусім загоіцца.
Як і большасць мясцовых жыхароў, Зеб верыў у гаючыя ўласцівасці кактусаў, і, калі б паблізу быў хоць дзесятак дактароў, ён не пазваў бы да хворага ніводнага з іх. Ён быў перакананы, што Морысу Джэральду не пагражае небяспека – прынамсі, ад ран.
Небяспека была, але іншая.
– Ну, містэр Фялім, – сказаў Зеб, заканчваючы перавязку, – мы зрабілі ўсё, каб залячыць раны, а цяпер трэба падумаць, як накарміць хворага… Ты кажаш, што ў цябе няма ніякай яды?
– Хоць шаром пакаці, містэр Стумп. Горш таго: і выпіць няма чаго – ні кроплі ва ўсім доме.
– Гэта ты, нягоднік, усё выжлукціў! – сярдзіта закрычаў Зеб. – Калі б не ты, віскі хапіла б на ўвесь час, пакуль хлопец будзе папраўляцца. Што ж цяпер рабіць?
– Вы дарэмна мяне крыўдзіце, містэр Стумп. Я выпіў толькі з маленькай біклагі. Гэта індзейцы асушылі вялікую бутлю. Чэснае слова!
– Нечага брахаць! Ты б не зваліўся толькі ад таго, што было ў біклажцы. Я занадта добра ведаю тваё ненаеднае чэрава, каб паверыць гэтаму. Ты нямала сербануў і з вялікай бутлі.
– Клянуся ўсімі святымі!
– Ідзі ты к чорту са сваімі святымі! У іх толькі дурні вераць… Ладна, хопіць балбатаць! Ты выссаў усё віскі – і канец. За дваццаць міль за ім не паедзеш, а бліжэй нідзе не дастаць. Прыйдзецца абысціся без яго.
– Як жа цяпер быць?
– Маўчы і слухай, што я табе скажу. Без выпіўкі мы абыдземся, але я не бачу сэнсу здыхаць з голаду. Наш хворы зусім змарнеў. Ды і я такі галодны, што гатовы з’есці хоць каёта, а ўжо ад індыка тым больш не адвярнуся. Ты пасядзі каля хлопца, а я пайду на рэчку і пагляджу, ці не ўдасца чаго падстрэліць.
– He турбуйцеся, містэр Стумп, я зраблю ўсё, што трэба. Чэснае слова…
– Замаўчы і дай мне дагаварыць!
– Дальбог, болей ні слоўца не скажу.
– Ды заткніся ж! Запомні як мае быць: калі хто сюды прывалачэцца, пакуль мяне няма, дай мне знаць. Толькі не губляй ні хвіліны.
– Можаце быць упэўнены.
– Глядзі ж, не падвядзі!
– He падвяду; толькі як гэта зрабіць, містэр Стумп? Можа, вы зойдзеце далёка і не пачуеце, як я буду крычаць. Як жа тады?
– Наўрад ці мне прыйдзецца ісці далёка – на зары дзікага індыка ля ракі падстрэліць няцяжка. А зрэшты, хто ведае? – працягваў Зеб пасля роздуму. – Ці знойдзецца ў цябе ў хаце стрэльба? Пісталет таксама падыходзіць.
– Hі таго, ні другога няма. Гаспадар узяў іх з сабой. Мабыць, ён пакінуў іх у пасёлку.
– Справа дрэнь. Я ж і сапраўды магу не пачуць твайго крыку.
Зеб ужо пераступіў парог, але потым спыніўся і задумаўся.
– Ёсць! – усклікнуў ён пасля некаторага роздуму. – Прыдумаў! Бачыш маю старую кабылу?
– Як жа не бачыць, містэр Стумп? Канешне, бачу.
– Добра. А калючыя кактусы на краі паляны бачыш?
– Бачу.