– Малайчына! Цяпер слухай. Паглядвай за дзверы. Калі хто з’явіцца, пакуль мяне няма, бяжы прама да кактуса, зрэж галіну, ды выбірай найбольш калючую, і тыкні пад хвост маёй кабыле.

– Божа! Для чаго ж гэта?

– Ладна, прыйдзецца растлумачыць табе, – сказаў Зеб у роздуме, – a то ты, чаго добрага, усё пераблытаеш. Бачыш, Фялім, мне трэба ведаць, калі хто-небудзь сюды загляне. Я далёка не пайду, але ўсё ж можа здарыцца, што я цябе не пачую. Хай крычыць кабыла – у яе, бадай, голас гучнейшы за твой. Зразумеў, Фялім? Глядзі ж, зрабі ўсё, як я табе сказаў!

– Дальбог, зраблю!

– Глядзі не забудзь. Ад гэтага можа залежаць жыццё твайго гаспадара.

З гэтымі словамі стары паляўнічы закінуў за плячо сваю доўгую стрэльбу і выйшаў з хаціны.

– А стары не дурань, – сказаў Фялім, як толькі Зеб адышоў на такую адлегласць, што ўжо не мог пачуць яго голасу. – Але чаму ён апасаецца, што гаспадару будзе дрэнна, калі сюды хтосьці прыйдзе? Ён нават сказаў, што ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Ага, ён так сказаў. Ён мне сказаў, каб я паглядваў за дзверы. Нябось, хацеў, каб я адразу гэта зрабіў. Дык я пайду пагляджу.

Фялім выйшаў на лужок і акінуў уважлівым позіркам усе сцежкі, якія вялі да хаціны.

Потым ён вярнуўся і стаў на парозе, як вартавы.

<p>57. Умоўлены сігнал</p>

Фяліму нядоўга давялося стаяць на варце. He прайшло і дзесяці хвілін, як ён пачуў стук капытоў. Хтосьці набліжаўся да хаціны.

У Фяліма моцна забілася сэрца.

Густыя дрэвы заміналі яму разгледзець конніка, і ён ніяк не мог вызначыць, што гэта за госць. Аднак па тупату капытоў ён здагадаўся, што едзе хтосьці адзін; але якраз гэта і напалохала яго. Ён менш устрывожыўся б, калі б пачуў, што скача атрад. Хаця ён ужо добра ведаў, што мустангер ляжыць у хаціне, яму вельмі не хацелася зноў сустрэцца з коннікам, які быў так падобны на яго гаспадара, калі не лічыць галавы.

Спачатку Фялім хацеў перабегчы лужок і выканаць распараджэнне Зеба. Аднак спалох прыкаваў яго да месца, і, не паспеўшы перадыхнуць, ён пераканаўся, што яго апасенні дарэмныя: у незнаёмага конніка была галава.

– Вось яна – у яго на плячах, – сказаў Фялім, калі коннік паказаўся з-за дрэў і спыніўся на процілеглым канцы паляны. – Сапраўдная галава, ды яшчэ з прыгожым тварам, толькі не вельмі вясёлым. Можна падумаць, што бедалага нядаўна пахаваў сваю бабулю! А ножкі якія малюсенькія… Святыя ўгоднікі, ды гэта ж жанчына!

Пакуль ірландзец разважаў – то сам з сабой, то ўслых, – коннік праехаў яшчэ некалькі крокаў і зноў спыніўся.

На гэтай адлегласці Фялім канчаткова пераканаўся, што ён правільна вызначыў пол невядомага конніка, хаця той сядзеў на кані па-мужчынску і на ім былі мужчынскі капялюш і серапе, што магло ўвесці ў зман і больш спрактыкаванага чалавека.

Гэта сапраўды была жанчына. Гэта была Ісідора.

* * *

Фялім упершыню ўбачыў мексіканку, таксама як і яна яго. Яны ніколі раней не сустракаліся. Ён правільна заўважыў, што твар яе не быў вясёлым. Наадварот, ён быў маркотны, нават больш таго – на ім быў адбітак адчаю.

Калі Ісідора паказалася з-за дрэў, у поглядзе яе заўважалася апаска. Калі яна выехала на паляну, твар яе не праяснеў – на ім з’явілася здзіўленне, змешанае з расчараваннем.

Наўрад ці яна была здзіўлена, убачыўшы хаціну: Ісідора ведала пра яе існаванне. Яна якраз і была мэтай яе падарожжа. Дзяўчыну, напэўна, уразіла дзіўная постаць на парозе. Гэта быў не той, каго яна чакала тут сустрэць.

У нерашучасці яна пад’ехала бліжэй, каб распытаць яго.

– Я не памылілася? – спытала Ісідора «па-амерыканску». – Прабачце, але я… я думала, што дон Марысіо жыве тут.

– Дон Марыша, вы сказалі? He. Тут такога няма. Дон Марыша? Я ведаў аднаго па прозвішчы Морыш, ён жыў недалёка ад Балібалаха. Я добра запомніў гэтага хлопца, таму што ён абдурыў мяне аднойчы пры куплі каня. Толькі імя яго было не Дон, а Пат. Пат Морыш яго звалі.

– Дон Марысіо. Мо-рыс, Мо-рыс.

– А, Морыс! Можа, вы пытаеце пра майго гаспадара, містэра Джэральда?

. – Так-так! Сеньёр Зэраль.

– Ну, калі вам патрэбны містэр Джэральд, то ён якраз жыве ў гэтай хаціне, дакладней – заязджае сюды пасля палявання на дзікіх коней. Ён пасяліўся тут толькі на час свайго палявання. Ах, калі б вы бачылі яго прыгожы замак там, на радзіме, у старой Ірландыі! Паглядзелі б вы на блакітнавокую красуню! Небарака нябось слязамі абліваецца, чакаючы яго вяртання. Ах, калі б вы толькі бачылі яе!

Нягледзячы на ірландскі акцэнт Фяліма, мексіканка зразумела яго.

Рэўнасць – добры перакладчык. Штосьці накшталт уздыху вырвалася ў Ісідоры, калі Фялім вымавіў кароценькае слова «яе».

– Я зусім не хачу бачыць «яе», – паспяшалася адказаць яна. – Я хачу бачыць яго. Ён дома?

– Ці дома ён? Вось гэта прамое пытанне. Дапусцім, я скажу вам, што ён дома. Што ж тады?

– Я хачу яго бачыць.

– Ах, вось яно што! Прыйдзецца вам пачакаць. Зараз не час для гасцей: да яго можна пусціць толькі доктара або святара, мая прыгажуня. А вас я не пушчу.

– Але мне вельмі трэба бачыць яго, сеньёр!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже