– Гм… вам трэба бачыць яго? Гэта я ўжо чуў. Толькі вам не ўдасца. Фялім О’Ніл рэдка адказвае прыгажуням, асабліва такім чарнавокім, як вы. Але што зробіш, калі нельга!
– Але чаму нельга?
– На гэта ёсць шмат прычын! Першая – таму, што ён зараз не можа прыняць гасцей, і асабліва даму.
– Але чаму ж, сеньёр, чаму?
– Таму што ён не адзеты як след. На ім адна кашуля, калі не лічыць рыззя, якім містэр Стумп яго ўсяго абматаў. Чорт вазьмі! Гэтага, бадай, хапіла б, каб пашыць яму цэлы касцюм – сурдут, камізэльку і штаны.
– Сеньёр, я вас не разумею…
– Ах, не разумееце! Хіба я недастаткова ясна сказаў, што ён у пасцелі?
– У пасцелі, у гэты час! Спадзяюся, нічога не…
– …здарылася, вы хацелі сказаць? На бяду, здарылася, ды яшчэ такое, што яму прыйдзецца праляжаць шмат тыдняў.
– О сеньёр, няўжо ён хворы?
– Вось якраз гэта самае і ёсць. Але што ж рабіць, галубка, утойваць гэтага няварта – яму ж ні лягчэй, ні горш не будзе ад таго, што я сказаў. Хоць у вочы яму гэта скажы, ён спрачацца не будзе.
– Значыць, ён хворы. Скажыце, сеньёр, чым ён хворы і чаму ён захварэў?
– Добра. Але я магу адказаць толькі на адно ваша пытанне – на першае. Яго хвароба прычынілася ад ран, а хто іх нанёс – Бог ведае. У яго баліць нага. А скура ў яго такая, нібы яго запхнулі ў мяшок з дзесяткам злых кошак. Шматка здаровай скуры, нават велічынёй з вашу далоньку, і то не знойдзецца. Горш таго – ён не ў сабе.
– He ў сабе?
– Іменна. Ён балбоча, як чалавек, які напярэдадні хапіў лішняга і думае, што за ім гоняцца з качаргой. Кропля вінца, здаецца мне, была б яму лепшым лякарствам, але што зробіш, калі яго няма! I біклажка і бутля – усё пустое. А ў вас з сабой няма хоць маленькай біклажкі? Крышачку агвардыентэ – так, здаецца, па-вашаму? Мне даводзілася піць і горшую дрэнь. Глыточак гэтай вадкасці напэўна вельмі дапамог бы гаспадару. Скажыце праўду, спадарыня: ці ёсць з вамі хоць кропелька?
– He, сеньёр, у мяне няма нічога такога. На жаль, няма.
– Шкада! Крыўдна за майстра Морыса. Гэта было б яму вельмі дарэчы. Але што зробіш, прыйдзецца абысціся і так.
– Але, сеньёр, няўжо праўда, што мне нельга яго бачыць?
– Канешне. Ды і навошта? Ён жа ўсё роўна не адрозніць вас ад сваёй прабабкі. Я ж вам кажу – ён увесь зранены і не ў сабе.
– Тым больш я павінна яго бачыць. Можа, я магу дапамагчы яму. Я ў даўгу перад ім…
– А, вы яму вінаватыя і хочаце заплаціць? Ну, гэта зусім іншая справа. Тады вам няма чаго яго бачыць. Я яго аканом, і ўсе яго справы ідуць праз мае рукі. Праўда, я не ўмею пісаць, але магу паставіць крыжы на распісцы, а гэтага зусім дастаткова. Смела плаціце гэтыя грошы мне – даю вам слова, што мой гаспадар другі раз іх не патрэбуе. Зараз гэта будзе дарэчы – мы хутка ад’язджаем, і вам грошы патрэбны. Дык вось, калі грошы з вамі, то астатняе мы дастанем – паперу, пяро і чарніла знойдзем у хаціне. Я вам мігам дам распіску.
– He, не, не! Я не пра грошы казала. Гэта доўг удзячнасці.
– Ах, толькі і ўсяго! Ну, гэты доўг няцяжка заплаціць. I распіска не спатрэбіцца. Але зараз плаціць такія даўгі не час. Гаспадар усё роўна нічога не зразумее. Калі ён апрытомнее, я скажу яму, што вы тут былі і расплаціліся.
– Але ўсё-такі можна бачыць яго?
– Кажу вам, што зараз нельга.
– Але я павінна яго бачыць!
– Вось яшчэ – павінна! Мяне паставілі вартаваць і строга загадалі нікога не ўпускаць.
– Але гэта да мяне не адносіцца. Я ж яго друг. Друг дона Марысіо.
– Адкуль мне гэта ведаць? Хоць тварык у вас вельмі прыгожанькі, вы можаце аказацца яго найзлейшым ворагам.
– Але я павінна яго бачыць, павінна! Я гэтага хачу – і ўбачу!
Пры гэтых словах Ісідора саскочыла з каня і накіравалася да дзвярэй.
Яе рашучы і гнеўны выгляд паказаў ірландцу, што пара выканаць распараджэнне Зеба Стумпа. He губляючы часу, ён паспяшаўся ў хаціну і выйшаў адтуль узброены тамагаўкам; ён хацеў быў праскочыць міма нязванай госці, але раптам спыніўся, убачыўшы, што яна цэліцца ў яго з рэвальвера.
– Кінь сякеру! – закрычала Ісідора. – Нягоднік, паспрабуй толькі замахніся на мяне – і ты памрэш!
– На вас, спадарыня? – прамармытаў Фялім, калі крыху апрытомнеў ад спалоху. – Святая Дзева! Я ўзяў гэту зброю зусім не для таго, каб падняць яе супраць вас. Клянуся вам усімі святымі!
– Для чаго ж вы яе ўзялі? – спытала мексіканка, зразумеўшы сваю памылку і апускаючы рэвальвер. – Чаму вы так узброіліся?
– Клянуся вам, толькі для таго, каб выканаць распараджэнне: мне трэба зрэзаць кактус – вунь ён там расце – і сунуць пад хвост вось гэтай кабыле. Вы ж не станеце пярэчыць гэтаму?
Сеньярыта замаўчала, уражаная гэтым дзіўным намерам.
Паводзіны ірландца былі занадта бязглуздыя, каб западозрыць яго ў вераломстве. Яго выгляд, поза, жэсты былі хутчэй камічнымі, чым пагрозлівымі.
– Маўчанне – знак згоды. Дзякую вам, – сказаў Фялім, больш не баючыся атрымаць кулю ў спіну.
Ён перабег лужок і дакладна выканаў усе ўказанні старога паляўнічага.
Мексіканка спачатку маўчала ад здзіўлення, але і потым яна не прамовіла ні слова, бо гаварыць было бескарысна.