Ледзь Фялім выканаў распараджэнне паляўнічага, як пачуўся віск кабылы, які суправаджаўся тупатам яе капытоў; яго паўтарыла тужлівае выццё сабакі; і зараз жа цэлы хор лясных галасоў – птушак, звяроў, насякомых – падхапіў гэты шалёны канцэрт, перакрычаць які простаму смертнаму было не па сілах.
Ісідора стаяла ў маўклівым здзіўленні. Нічога іншага ёй не заставалася. Да той пары, пакуль працягваўся гэты пякельны шум, не варта было і спрабаваць што-небудзь пытаць.
Фялім вярнуўся да дзвярэй хакале і зноў заняў там вартавы пост з задаволеным выглядам акцёра, які добра сыграў сваю ролю.
Цэлых дзесяць хвілін цягнуўся гэты дзікі канцэрт: кабыла вішчала, як недарэзанае парася, а сабака паўтараў за ёй нудным выццём, якому адказвала рэха з берагоў ручая.
Гэтыя гукі разносіліся на цэлую мілю. Зеб Стумп наўрад ці зайшоў далей і абавязкова павінен быў іх пачуць.
Упэўнены, што Зеб не прамарудзіць прыйсці, Фялім цвёрда стаяў на парозе, спадзеючыся, што незнаёмка не паўторыць спробы ўвайсці – хаця б да той пары, пакуль ён не будзе вызвалены ад абавязкаў вартавога.
Нягледзячы на ўсе запэўненні мексіканкі, ён усё яшчэ падазраваў яе ў каварных намерах; інакш чаму б Зеб так настойваў, каб яго паклікалі?
Сам Фялім ужо кінуў думку аб супраціўленні. Яму ўсё яшчэ мроіўся бліскучы рэвальвер, і ён зусім не хацеў сварыцца з гэтай дзіўнай наезніцай; ён без размоў прапусціў бы яе ў хаціну.
Але быў яшчэ адзін абаронца, які больш рашуча ахоўваў уваход у хакале і якога не напалохала б цэлая батарэя цяжкіх гармат. Гэта была Тара.
Працяглае, тужлівае выццё сабакі раз-пораз змянялася адрывістым злосным брэхам. Ён таксама адчуў недавер да нязванай госці – паводзіны мексіканкі здаліся сабаку варожымі. Тара загарадзіла сабой Фяліма і дзверы і, агаліўшы свае вострыя іклы, ясна дала зразумець, што пранікнуць у хаціну можна толькі цераз яе труп.
Але Ісідора і не думала настойваць на сваім жаданні. Здзіўленне было, бадай, адзіным пачуццём, якое яна ў гэту хвіліну зведвала.
Яна стаяла нерухома і моўчкі. Яна чакала. Несумненна, пасля такога дзіўнага ўступу павінен быў адбыцца адпаведны фінал. Моцна заінтрыгаваная, яна цярпліва чакала канца гэтага спектакля.
Ад яе ранейшай трывогі не засталося і следу. Тое, што яна бачыла, было занадта смешным, каб спалохаць, і ў той жа час занадта незразумелым, каб выклікаць смех.
На твары чалавека, які вёў сябе так дзіўна, не было прыметна ўсмешкі – ён заставаўся зусім сур’ёзным. Было ясна, што гэты дзівак зусім і не думае жартаваць.
Яна працягвала дзівіцца, пакуль паміж дрэў не паказаўся высокі чалавек у выцвілай куртцы і з доўгай стрэльбай у руках. Ён амаль бег.
Ён кіраваў прама да хаціны. Калі дзяўчына ўбачыла незнаёмца, на яе твары з’явіўся выраз трывогі, а маленькая рука мацней сціснула рэвальвер.
Гэта было зроблена часткова з асцярогі, часткова машынальна. I нядзіўна: хто хочаш устрывожыўся б, убачыўшы суровы твар велікана, які шпарка крочыў да хаціны.»
Аднак калі ён выйшаў на паляну, на яго твары з’явілася не меншае здзіўленне, чым тое, якое было напісана на твары дзяўчыны.
Ён штосьці працадзіў скрозь зубы, але сярод шуму, які ўсё яшчэ працягваўся, яго словы нельга было пачуць, і толькі па жэстах можна было падумаць, што наўрацці яны былі асабліва ветлівымі. Ён накіраваўся да каня, які па-ранейшаму вішчаў, і зрабіў тое, чаго ніхто, акрамя яго, не асмеліўся б зрабіць – ён падняў хвост у ашалелай кабылы і вызваліў яе ад калючак, якія так доўга яе раздзіралі.
Адразу ўсталявалася цішыня, таму што астатнія ўдзельнікі хору, якія прывыклі да дзікага ржання кабылы, даўно ўжо змоўклі.
Ісідора ўсё яшчэ нічога не магла зразумець і, толькі кінуўшы позірк на камічную постаць у дзвярах хаціны, здагадалася, што таўстун удала выканаў нейкае даручэнне.
Але ад самазадаволенасці Фяліма не засталося і следу, як толькі Стумп з грозным выглядам павярнуўся да хаціны. Нават прысутнасць прыгажуні не магла спыніць паток яго лаянкі.
– Ах ты дурань! Ідыёт ірландскі! Для чаго, пытаюся, ты мяне вызваў сюды? Я толькі што прыцэліўся ў вялізнага індыка, фунтаў на трыццаць, не менш. Праклятая кабыла спудзіла яго, перш чым я паспеў спусціць курок. Цяпер прапаў наш сняданак!
– Але, містэр Стумп, вы ж самі загадалі мне! Вы сказалі, што калі хто-небудзь прыедзе сюды…
– Ну і дурань жа ты! Няўжо ж гэта тычылася жанчыны?
– Але адкуль я мог ведаць, што гэта жанчына? Вы б паглядзелі, як яна сядзіць на кані! Зусім як мужчына.
– Ці не ўсё роўна, як яна сядзіць на кані? Ды хіба ты раней не заўважаў, бязмозгая галава, што ўсе мексіканкі так ездзяць? Здаецца мне, што ты на бабу падобны куды болей, чым яна; а ўжо дурнейшы за яе ты разоў у дваццаць. У гэтым я ўпэўнены. А яе я бачыў некалькі разоў ды і чуў пра яе тое-сеё. He ведаю, якім ветрам яе сюды занесла. I наўрад ці ад яе пра гэта дазнаешся – яна размаўляе толькі на сваёй мексіканскай гаворцы. А я яе не ведаю і ведаць не хачу.
– Вы памыляецеся, містэр Стумп. Яна гаворыць і па-англійску… Праўда, спадарыня?
– Трошкі па-англійску, – адказала мексіканка, якая да гэтай пары слухала моўчкі.– Чуць-чуць.