– Вось табе і на! – усклікнуў Зеб, злёгку збянтэжыўшыся. – Прабачце мне, сеньярыта. Вы трошкі балбочаце па-англійску? Муча бона – тым лепш. У такім выпадку вы можаце сказаць мне, чаго вы сюды завіталі? Ці не заблудзілі вы?
– He, сеньёр… – адказала яна, памаўчаўшы.
– Дык, значыць, вы ведаеце, дзе вы?
– Так, сеньёр… Так… Гэта дом дона Марысіо Зэраль?
– Але, гэта так. Лепш вам яго імя не вымавіць… Гэту хаціну цяжка назваць домам, але ён сапраўды тут жыве. Вы хочаце бачыць яе гаспадара?
– О сеньёр, так! Я для гэтага і прыехала.
– Ну што ж, я не стану пярэчыць. Вы ж нічога благога не задумалі? Але толькі – якая карысць? Ён жа не адрозніць вас ад свайго падноска.
– Ён хворы? З ім здарылася няшчасце? Вось ён сказаў мне пра гэта.
– Так, я ёй сказаў пра гэта, – адазваўся Фялім.
– Так і ёсць, – адказаў Зеб. – Ён паранены. I якраз зараз ён трошкі трызніць. Я думаю, сур’ёзнага нічога няма. Трэба спадзявацца, што ён хутка апрытомнее.
– О сеньёр, я хачу быць яго сядзелкай, пакуль ён хворы! Богам прашу, дазвольце мне ўвайсці, і я стану даглядаць яго. Я яго друг, верны друг.
– Што ж, я ў гэтым не бачу нічога дрэннага. Кажуць, што даглядаць хворых – жаночая справа. Праўда, я сам не правяраў гэтага з той пары, як пахаваў сваю жонку. Калі вы хочаце падаглядаць яго – калі ласка, раз вы яго друг. Можаце пабыць з ім, пакуль мы вернемся. Толькі прасачыце, каб ён не зваліўся з ложка і не сарваў свае павязкі.
– Даверцеся мне, сеньёр. Я буду ахоўваць яго, як толькі магу. Але скажыце: хто яго параніў? Індзейцы? Але ж іх няма паблізу. Ён з кім-небудзь пасварыўся?
– Пра гэта, сеньярыта, вы ведаеце столькі ж, колькі і я. У яго была схватка з каётамі. Але ў яго разбіта калена, і каёты тут ні пры чым. Я знайшоў яго ўчора незадоўга да захаду сонца ў зарасніках. Ён стаяў па пояс у ручаі, а з берага на яго ўжо сабраўся скочыць плямісты звер, якога вы, мексіканцы, называеце тыграм. Ну, ад гэтай небяспекі я яго ўратаваў. Але што было раней, гэта для мяне тайна. Хлопец страціў розум, і зараз ад яго нічога не ўведаеш. Па гэтаму нам застаецца толькі чакаць.
– Але вы ўпэўнены, сеньёр, што ў яго няма нічога сур’ёзнага? Яго раны не апасныя?
– He. У яго невялікая гарачка. Ну, а што датычыць ран, дык гэта проста драпіны. Праз тыдзень ён будзе здаровы, як алень.
– О, я буду старанна даглядаць яго!
– Вы вельмі велікадушны, але… але…
Зеб завагаўся. Раптоўная думка прыйшла яму ў галаву. Вось што ён падумаў:
Гэта, мабыць, тая самая дзяўчына, якая пасылала яму гасцінцы, калі ён ляжаў у Абердофера. Яна ў яго закахана – гэта ясна, як божы дзень. Закахана па вушы. I другая таксама. Ясна і тое, што марыць ён не аб гэтай, а аб другой. Калі яна пачуе, як ён будзе ў трызненні гаварыць пра тую – а ён усю ноч толькі яе і клікаў,– гэта ж параніць яе сэрцайка. Небарака, мне яе шкада – яна, здаецца, добрая. Але ж не можа мустангер ажаніцца з абедзвюма, а амерыканка зусім яго запаланіла. Няладна ўсё гэта атрымалася. Трэба было б угаварыць гэту чарнавокую пайсці і не прыходзіць да яго – па крайняй меры, пакуль ён не перастане трызніць аб Луізе».
– Вось што, міс, – звярнуўся нарэшце Стумп да мексіканкі, якая з нецярплівасцю чакала, каб ён загаварыў,– ці не лепш вам адправіцца дамоў? Прыязджайце сюды, калі ён паправіцца. Ён жа нават не пазнае вас. А заставацца, каб даглядаць яго, няма чаго, ён не такі ўжо хворы і паміраць не збіраецца.
– Хай не пазнае. Я ўсё роўна павінна яго даглядаць. Можа, яму што-небудзь спатрэбіцца? Я пра ўсё паклапачуся.
– Раз так, то заставайцеся, – сказаў Зеб, як быццам нейкая новая думка заставіла яго пагадзіцца. – Ваша справа! Але толькі не звяртайце ўвагі на яго размовы. Ён будзе гаварыць пра забойства і ці мала пра што… Так часта бывае, калі чалавек трызніць. Вы не пужайцеся. Ён, мабыць, будзе гаварыць і пра адну жанчыну – ён усё яе ўспамінае.
– Пра жанчыну?
– Так. Ён яе ўсё кліча па імені.
– Яе імя? Сеньёр, якое імя?
– Мабыць, гэта імя яго сястры. Я нават упэўнены ў тым, што якраз сястру ён і ўспамінае.
– Містэр Стумп, калі вы пра майстра Морыса расказваеце… – пачаў быў Фялім.
– Замаўчы, дурань! He совайся, куды не трэба. He твайго розуму гэта справа. Пойдзем са мной, – сказаў ён, адыходзячы і цягнучы за сабой ірландца. – Я хачу, каб ты са мной трошкі прайшоўся. Я забіў грымучку, калі паднімаўся ўверх па ручаі, і пакінуў яе там. Захапі яе дамоў, калі толькі якое-небудзь стварэнне не сцягнула яе. A то мне, можа, і не ўдасца падстрэліць індыка.
– Грымучка? Грымучая змяя?
– Вось іменна.
– Але ж вы не станеце есці змяю, містэр Стумп? Гэтак жа можна атруціцца.
– Многа ты разумееш! Там яду ўжо не засталося. Я адсек ёй галаву, а разам з ёю і ўвесь яд.
– Фу! Я ўсё роўна лепш з голаду памру, чым вазьму ў рот хоць кавалачак!
– Ну і памірай сабе на здароўе! Хто цябе просіць яе есці? Я толькі хачу, каб ты прынёс змяю дамоў. Ну ідзём, і рабі, што табе кажуць. А то я застаўлю цябе з’есці яе галаву разам з ядавітым зубам!
– Чэснае слова, містэр Стумп, я зусім не хацеў вас не паслухацца! Я зраблю ўсё, што вы скажаце. Я гатовы нават праглынуць змяю цалкам! Святы Патрык, даруй мне, грэшніку!