– К чорту твайго святога Патрыка! Ідзём!

Фялім больш не спрачаўся і пакорна адправіўся за паляўнічым у лес.

* * * Ісідора ўвайшла ў хаціну і нахілілася над пасцеллю хворага. Палкімі пацалункамі асыпала яна яго гарачы лоб і сасмаглыя губы. I раптам адхіснулася, нібы ўджаленая скарпіёнам.

Тое, што заставіла яе адхіснуцца, было горш за яд скарпіёна. Гэта было ўсяго толькі адно слова – адно кароценькае слова.

Ці варта гэтаму здзіўляцца! Як часта ад кароткага слова «так» залежыць шчасце ўсяго жыцця! I часта, занадта часта, такое ж кароткае «не» цягне за сабой страшэннае гора.

<p>59. Сустрэча ў хакале</p>

Дзень, калі Луіза Пойндэкстэр вызваліла Мігуэля Дыяса, быў для яе змрочным днём – напэўна, самым змрочным ва ўсім яе жыцці.

Напярэдадні смутак аб страчаным браце злучаўся з трывогай аб каханым. Але цяпер гэта гора ўзмацнялася чорнай рэўнасцю.

Гора, страх, рэўнасць – ці не замнога гэта для аднаго сэрца?

Вось што адчувала Луіза Пойндэкстэр, прачытаўшы пісьмо, якое ўтрымлівала доказы здрады яе каханага.

Праўда, пісьмо было напісана не ім, і доказы нельга было лічыць прамымі.

Аднак у парыве гневу маладая крэолка аб гэтым спачатку не падумала. Мяркуючы па пісьму, адносіны паміж Морысам Джэральдам і мексіканкай былі больш пяшчотнымі, чым ён гаварыў. Значыць, Морыс падманваў яе.

Інакш навошта б гэта жанчына стала з такой дзёрзкай адкрытасцю пісаць пра свае пачуцці, пра яго «прыгожыя, выразныя вочы».

Гэта пісьмо не было сяброўскім – яно дыхала страсцю. Так зразумела гэтыя радкі крэолка – і яе ж сэрца згарала ад кахання.

I, акрамя таго, у ім гаварылася пра спатканне! Праўда, мексіканка прасіла аб ім. Але гэта толькі форма, какецтва ўпэўненай у сабе жанчыны. Заканчвалася пісьмо ўжо не просьбай, а загадам: «Прыходзьце ж, я чакаю вас».

Прачытаўшы гэтыя радкі, Луіза сутаргава скамячыла пісьмо. У гэтым жэсце адчувалася не толькі рэўнасць, але і прага помсты.

– Так, цяпер мне ўсё ясна! – усклікнула яна з горыччу. – He ўпершыню ён атрымлівае такое пісьмо, яны ўжо сустракаліся на гэтым месцы. «На вяршыні ўзгорка, за домам майго дзядзькі» – дастаткова такога няяснага ўказання! Значыць, ён часта бываў там.

Але хутка гнеў змяніўся глыбокім адчаем. Яе пачуццё было змята, растаптана, як лісток паперы, што валяўся ля яе ног.

Яе апанавалі сумныя думы. У стане ўзрушанасці Луіза прымала самыя змрочныя рашэнні. Яна ўзгадала любімую Луізіяну і захацела вярнуцца туды, каб пахаваць сваё гора ў манастыры. Калі б у гэты час глыбокага смутку манастыр быў паблізу, яна, напэўна, пайшла б з бацькоўскага дому, каб шукаць прытулку ў яго свяшчэнных сценах. Гэта быў сапраўды самы змрочны дзень у жыцці Луізы.

Пасля доўгіх гадзін адчаю яна крыху супакоілася і пачала разважаць больш разумна. Яна зноў перачытала пісьмо, абдумваючы кожнае слова.

У яе ўзнікла надзея, што Морыса Джэральда не было ў пасёлку. Такое меркаванне здавалася наўрад ці магчымым. Дзіўна, калі б гэтага не ведала жанчына, якая прызначыла спатканне і так упэўнена чакала свайго каханага. Але ўсё-такі ён мог паехаць —‘ ён жа збіраўся паехаць.

Праверыць свае сумненні для Луізы Пойндэкстэр, дачкі гордага плантатара, было вельмі цяжка, але іншага выйсця не заставалася. I калі змрок згусціўся, яна праехала на сваім крапчастым мустангу па вуліцах пасёлка і спынілася ля дзвярэй гасцініцы на тым самым месцы, дзе ўсяго толькі некалькі гадзін назад стаяў жарабец Ісідоры.

Пасёлак у гэты вечар быў зусім бязлюдны. Адны адправіліся на пошукі злачынца, другія – у паход супраць каманчаў.

Абердофер быў адзіным сведкам неасцярожнага ўчынку Луізы. Зрэшты, гаспадар гасцініцы не ўбачыў у ім нічога заганнага; яму здавалася зусім натуральным, што сястра забітага юнака хоча ведаць навіны; іменна гэтым ён вытлумачыў сабе яе з’яўленне.

Тупаваты немец не падазраваў, з якім задавальненнем слухала Луіза Пойндэкстэр яго адказы ў пачатку размовы; яшчэ меньш мог ён здагадацца, які боль прычыніў ёй выпадковай заўвагай, што палажыла канец іх размове.

Пачуўшы, што не яна першая цікавіцца звесткамі пра Морыса-мустангера, што яшчэ адна жанчына ўжо задавала тыя ж пытанні, Луіза ў адчаі павярнула свайго каня і паскакала назад у Каса-дэль-Корва.

Усю ноч кідалася Луіза ў бяссонніцы і не магла знайсці спакою. У кароткія хвіліны забыцця яе мучылі кашмарныя сны.

Ранак не прынёс ёй заспакаення, але з ім прыйшла рашучасць – цвёрдая, смелая, амаль дзёрзкая.

Паехаць адной да берагоў Аламо – значыла для Луізы Пойндэкстэр парушыць усе правілы прыстойнасці. Але іменна гэта яна збіралася зрабіць.

Некаму было ўтрымаць яе, забараніць ёй гэту паездку. Пошукі працягваліся ўсю ноч, і атрад яшчэ не вярнуўся, у Каса-дэль-Корва аб ім не было ніякіх звестак. Маладая крэолка была адзінай гаспадыняй асьенды і сваіх учынкаў, і толькі яна сама ведала, што штурхнула яе на гэты адчайны крок.

Але пра гэта няцяжка было здагадацца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже